Пошук

01.03.2010 00:00  
1 чыт. Зых 3, 1–8a. 13–15; Пс 103 (102), 1–2. 3–4. 6–7. 8 і 11.
2 чыт. 1 Кар 10, 1–6. 10–12.
Ев. Лк 13, 1–9


Яшчэ адзін шанс

Даю табе яшчэ адзін шанс... Мы ведаем, што азначаюць гэтыя словы. Звычайна, мы чуем іх тады, калі нехта дае нам яшчэ адну — можа, ужо апошнюю — магчымасць. Гаворка тут можа ісці пра тое, каб выправіць адзнаку па якім-небудзь прадмеце, пра зварот неаддадзенай пазыкі, пра выпраўленне нашых паводзінаў. Гавораць тады: твой почырк неахайны, да канца года ты павінен выправіць яго, бо калі і далей так пойдзе, то нават у аптэцы не змогуць прачытаць твае каракулі. Альбо: твая лянота стала ўжо невыноснаю, даю табе трохі часу, вазьміся за справу. Звычайна такія словы мы прымаем з удзячнасцю, бо атрымліваем шанс.

Горш, аднак, бывае, калі настае час разлічвацца. Нявыкарыстаны шанс не абяцае нічога добрага. Адзінае, чаго мы можам чакаць, — гэта меншага ці большага пакарання, бо на што ж іншае мы можам спадзявацца? Пры гэтым, чым большы шанс мы страцілі, тым большым будзе абурэнне таго, хто аказаў нам давер.

Такім асаблівым шансам, дадзеным нам Богам, з’яўляецца перыяд Вялікага посту. Гэта час падрыхтоўкі да належнага асэнсавання найважнейшых для хрысціянаў дзён — Вялікага Чацвярга, Вялікай Пятніцы, Вялікай Суботы і Вялікай Нядзелі. Чаму гэтыя дні лічацца вялікімі? Гэта дні Мукі, Смерці і Змёртвыхпаўстання Хрыста. Хрыстус памёр за нашыя грахі і ўваскрос дзеля нашага збаўлення.

Таму было б дзіўным, калі б мы недастаткова падрыхтаваліся да такіх вялікіх святаў. Якім чынам мы можам зрабіць гэта найлепш? Перш за ўсё:
— праз успамін хросту і абавязкаў, якія з яго вынікаюць,
— праз шчырую споведзь і пакаянне,
— праз стараннае слуханне Божага слова (удзел у рэкалекцыях),
— праз малітву, асабліва за тых, што грашаць, але не перапрашаюць Бога за свае грахі.

У сённяшнім Евангеллі Езус напамінае, што ўсім нам трэба пакаяцца. Мы пачулі Яго словы: «Калі не пакаецеся, усе таксама загінеце» (гл. Лк 13, 3.5). Нехта падумае, што Езус нас толькі страшыць. Пагражае няшчасцем і нават смерцю. Дык вось, Пан Езус зусім не пагражае і не страшыць нас. Ён нас толькі папярэджвае.

Гэта як на вузкай горнай сцяжынцы. Праваднік заклікае да парадку непаслухмянага падарожніка, які сходзіць з вызначанай сцежкі. Той нават не заўсёды разумее, якая вялікая небяспека пагражае яму. Праваднік, заклікаючы вярнуцца на правераную дарогу, хоча захаваць яго ад няшчасця. I дзіўна было б, калі б ён не рабіў гэтага.

Але нехта можа сказаць, што пакаянне не мяне датычыць, бо я — ахрышчаны. Я нікому не раблю наўмысна непрыемнасцяў. Задаволены сабою і думаю, што бацькі і настаўнікі таксама задаволены мною. Вучуся, праўда, так сабе, але ўсё ж такі не самы горшы ў класе. Часам, можа, трохі сваволю, але гэта нішто ў параўнанні з тым, што робяць іншыя. Калі-нікалі атрымліваецца так, што я трохі нервую бацькоў, але ўчынкі брата яшчэ горшыя. Адным словам, я, можна сказаць, у парадку. Нічога не трэба мяняць, выпраўляць, паляпшаць у маім жыцці. Так што няхай іншыя раскайваюцца, выпраўляюцца, змяняюцца, а я — не!

Думаючы такім чынам, ты нават не ведаеш, як моцна памыляешся. Чаму? Калі б вадзіцель аўтамабіля думаў, напрыклад, так: аўтамабіль у мяне вельмі добры, дарога — роўная, шырокая і да таго ж пустая, таму выпушчу руль з рук і хвілінку пасплю. Як вы адрэагуеце на гэта? Скажаце: «Так нельга! Гэта не вадзіцель, а самазабойца». Ці назіралі вы калі-небудзь за працаю вадзіцеля? Едзе па роўнай дарозе і паварочвае трохі руль то направа, то налева. А для чаго робіць гэта? Каб у кожную хвіліну выбраць для аўтамабіля самую прыдатную дарогу.

На жаль, тое, што немагчыма для любога вадзіцеля, здаецца магчымым для многіх ахрышчаных. Яны забываюць, што жыццё веруючага чалавека — гэта не спакойнае жыццё, а цяжкая барацьба. Замест таго, каб быць пільным і не ўчыніць цяжкага граху і не страціць з-за гэтага прыхільнасці Бога, пагружаюцца ў салодкую дрымоту, гэта значыць, не змагаюцца са сваімі недахопамі, не супраціўляюцца граху і зусім не працуюць над сабою. Жывуць у стане такой змярцвеласці і цешацца з таго, што яны ахрышчаныя, хаця хросту свайму не надаюць ніякага значэння.

Таму прымем у свае сэрцы гэты заклік, скіраваны да тых ахрышчаных, якія забыліся пра свой хрост: «Прачніся, які спіш, і ўваскрэсні з мёртвых, і Хрыстус асветліць цябе» (Эф 5, 14).

Уваскрэсні з мёртвых, альбо паўстань з граху! Час Вялікага посту, а асабліва час рэкалекцый — гэта час Божай міласэрнасці і прабачэння. Гэта таксама час Божай цярплівасці. Гэта яшчэ адзін шанс для таго, каб усім сэрцам павярнуцца да Бога. Бо прыйдзе некалі Сын Божы, каб знайсці ў нас плады шчырага пакаяння. Ці знойдзе іх?

Божа, Ты даў нам у якасці лекаў ад граху пост, малітву і добрыя ўчынкі.

З кнігі кс. Станіслава Бялецкага
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».

Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.
Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця