Калі мы павінны зрабіць нейкае вялікае намаганне, то ёсць нешта, што робіць гэтае намаганне не такім ужо і цяжкім. Напрыклад, вы знаходзіцеся ў гарах. Каб аказацца на вяршыні, спачатку трэба прайсці доўгі шлях. Можа, не аднойчы з’яўлялася жаданне вярнуцца, але ваш праваднік напамінаў, што мэта ўжо блізка. Тады вы збіралі рэшткі сілы, каб рухацца наперад, каб дасягнуць тое, што запланавалі. А калі вы стаялі на вяршыні і любаваліся цудоўным краявідам, то былі задаволены сабою і ўдзячныя таму, хто заахвочваў вас усё выцерпець.
Аднак калі б ваш праваднік, заўважыўшы, што вы не задаволены дарогай, дазволіў вам павярнуць назад, то ў гэты дзень вы, можа, і былі б задаволеныя, што не трэба было мучыцца далей. Аднак назаўтра крыўдавалі б на яго за тое, што ён саступіў вам і не давёў туды, куды абяцаў.
Падобна і ў школе. Рэдка бывае так, што вучоба прыносіць вам радасць. Часцей за ўсё — гэта абавязак, напружанне і цяжкая праца. Колькі разоў настаўнік вымушаны напамінаць вам пра тое, што яшчэ трэба зрабіць. Здараецца, мы нават злуемся на яго, што столькі патрабуе ад нас. Для тых, хто так думае, я прапаную заданне. Знайдзіце мне каго-небудзь, хто ўжо закончыў школу і хто наракаў бы на настаўніка, што той занадта быў патрабавальным. Хутчэй акажацца, што чалавек удзячны такому настаўніку за яго патрабаванні і навуку. I наадварот, будзе крытыкаваць таго настаўніка, у якога на ўроках было вельмі добра, але ведаў па прадмету не засталося.
У сённяшнім другім чытанні ёсць такія словы: «Наша айчына знаходзіцца ў нябёсах» (гл. Флп 3, 20). Што гэта азначае? Гэта азначае, што мы маем дзве айчыны: зямную і нябесную. З гэтай зямной айчыны мы імкнемся да нябеснай. Аднак шлях гэты няпросты і нялёгкі. На гэтым шляху трэба мець добрага правадніка і настаўніка. Хто ім з’яўляецца? Вядома, наш Пан, Езус Хрыстус. Ён дзеля нас і дзеля нашага збаўлення зышоў з неба. Ён збавіў нас праз сваю Муку, Крыж і Змёртвыхпаўстанне. Ён узышоў на неба і хоча, каб і мы былі там, дзе Ён, і каб мы жылі з Ім вечна. Шлях да Нябеснай Айчыны толькі той, якім прайшоў Хрыстус.
Вытрываць на гэтым шляху, не пахіснуцца, не аступіцца і не страціць надзеі вельмі цяжка. Гэта цяжэй, чым дасягненне самых высокіх вяршыняў на свеце. Гэта патрабуе большых намаганняў, чым падрыхтоўка да якога-небудзь урока. Зрэшты, не толькі для нас, але і для тых вучняў, якія асабіста ведалі Езуса. Сам Езус хацеў умацаваць іх на гэтым шляху, захаваць іх ад адчаю, калі настане час Яго знявагі, мукі і смерці.
Таму Езус зрабіў для іх нешта незвычайнае: на нейкую хвіліну, на адзін момант даў пазнаць Пятру, Яну і Якубу, траім галоўным Апосталам, кім Ён ёсць на самой справе. А было гэта так. Езус узяў іх з сабою «і ўзыйшоў на гару памаліцца. І калі Ён маліўся, выгляд твару Ягонага перамяніўся, і вопратка Ягоная стала бліскуча-белай. І вось два мужы размаўлялі з Ім, а былі гэта Майсей і Ілля. Яны з’явіліся ў славе і казалі пра Ягоны адыход, які Ён павінен здзейсніць у Ерузалеме» (гл. Лк 9, 28–31).
Мы гаворым, што Пан Езус перамяніўся ў іх прысутнасці. Як мы помнім, на пачатку публічнай дзейнасці Езуса адбыўся хрост. Пачаткам шляху Езуса да Мукі і Смерці з’яўляецца Яго перамяненне (гл. ККК 556). Тады Ён на хвіліну адсланіў перад вучнямі таямніцу. Умацаваў іх на перыяд асаблівых выпрабаванняў, гэта значыць на час Мукі і Смерці, альбо, як гаворыцца ў Евангеллі, на час таго, што павінен быў споўніць у Ерузалеме.
Такую ролю адыгрывала перамяненне для Апосталаў. Чым жа яно з’яўляецца для нас? Перамяненне дае нам магчымасць загадзя ўявіць прыйсце Хрыста ў хвале. Тады Хрыстус пераменіць нашае зямное цела на падабенства свайго хвалебнага цела (гл. Флп 3, 21; ККК 556). Усведамленне таго, што нашыя намаганні на шляху за Хрыстом не акажуцца дарэмнымі, павінна даць нам сілы, каб мы не шкадавалі сваіх высілкаў тады, калі трэба наследаваць Езуса ў Яго вернасці, у Яго паслухмянасці волі свайго Айца. Калі нашыя намаганні на шляху следавання за Хрыстом і нашае імкненне да Нябеснай Айчыны не акажуцца дарэмнымі?
Перамяненне нашага Пана дае нам надзейнае ўказанне. Якое? Не ведаю, ці заўважылі вы яго. Яно крыецца ў словах Евангелля: «А з воблака пачуўся голас, які казаў: Гэта Сын Мой выбраны, Яго слухайце» (гл. Лк 9, 35). Каб мы не стаміліся ў нашым змаганні падчас Вялікага посту са злом, з грахом, з нашымі недахопамі і слабасцямі, мы павінны нястомна ўмацоўвацца словам і прыкладам Езуса. Ён запэўнівае нас, што праз цярпенне мы можам дасягнуць хвалы змёртвыхпаўстання (прэфацыя на нядзелю Вялікага посту), можам дайсці да Нябеснай Айчыны. Таму давайце ні на хвіліну не будзем забываць пра тое, што чакае нас у канцы.
Мы сабраліся на Найсвяцейшую Эўхарыстыю. Той самы Хрыстус Пан, які перамяніўся ў прысутнасці сваіх вучняў, знаходзіцца сярод нас. Пане Езу, дзякуем Табе, што ўжо цяпер, на зямлі, даеш нам удзел у жыцці вечным (гл. Малітва пасля Камуніі).
З кнігі кс. Станіслава Бялецкага
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».
Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».
Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.