1 чыт. Ер 17, 5–8; Пс 1, 1–2. 3. 4 і 6.
2 чыт. 1 Кар 15, 12. 16–20.
Ев. Лк 6, 17. 20–26.
Вялікая ўзнагарода вашая
Кожная ўзнагарода нас радуе. I вельмі важная, і самая звычайная. Каб атрымаць узнагароду, трэба пастарацца. Вельмі шмат трэба папрацаваць, каб перамагчы ў нейкім конкурсе, у якім бяруць удзел вучні некалькіх школ. Радуе нас і ўзнагарода, атрыманая ў спартыўных спаборніцтвах, калі ў іх ўдзельнічалі вельмі моцныя сапернікі. У такой узнагародзе крыецца шмат працы, абмежавання і самадысцыпліны. Не ўсё тады можна сабе дазволіць. Аднак, калі перамагаем, радуемся атрыманай узнагародзе і нават забываем, як шмат намаганняў яна нам каштавала.
Мы спачуваем таму ўдзельніку спаборніцтваў, які выдатна бег амаль што ўсю дыстанцыю і быў блізкі да ўзнагароды, але, на жаль, перад фінішам спатыкнуўся і ўпаў. Значна горш бывае, калі нехта, хто добра падрыхтаваны да спаборніцтваў, не хоча ўдзельнічаць у іх і не хоча атрымаць узнагароды.
Пра тых, якія атрымаюць узнагароду і пра тых, якія не атрымаюць яе, гаворыць сёння Езус. Зразумела, узнагарода гэтая не можа мець нічога агульнага нават з самымі важнымі спаборніцтвамі. Узнагарода гэтая звязана з усім нашым жыццём. Гэта незвычайная ўзнагарода. Езус так гаворыць пра яе: «Вялікая ўзнагарода вашая на нябёсах» (гл. Лк 6, 23). Гэтую вялікую ўзнагароду «атрымліваюць» на небе. Чаму на небе, а не тут, на зямлі? Нам хацелася б атрымаць яе ўжо тут. Чаму ўзнагарода на небе?
— Бо там ёсць — як мы верым — наш Айцец, які нас любіць. Да Яго мы асмельваемся звяртацца: «Ойча наш» (гл. ККК 2783).
— Бо там — наша айчына (гл. Флп 3, 20), бо там мэта, да якой мы імкнемся.
— Бо там — спадзяёмся — мы назаўсёды будзем з нашым Панам, Езусам Хрыстом.
Што яшчэ мы можам сказаць пра нашую ўзнагароду на небе? Святы Павел напісаў пра яе, што ані вока не бачыла, ані вуха не чула, і нават нельга сабе ўявіць, якія вялікія рэчы падрыхтаваў Бог тым, хто любіць Яго (гл. 1 Кар 2, 9).
Хто атрымае такую ўзнагароду? Тых, хто атрымае такую ўзнагароду, Езус называе «благаслаўлёнымі» — шчаслівымі ў самай высокай ступені. Каго Езус называе благаслаўлёнымі, гэта значыць шчаслівымі? Калі вы ўважліва слухалі Евангелле, то лёгка адкажаце, што Езус падняў вочы свае на вучняў, а затым звярнуўся да іх: «Шчаслівыя ўбогія духам (...), якія цяпер галадаеце (...), якія цяпер плачаце (...). Шчаслівыя вы, калі ўзненавідзяць вас людзі, і калі адрынуць вас і будуць зневажаць, і з-за Сына Чалавечага адкінуць імя вашае, як зло» (гл. Лк 6, 20–22).
Зыходзячы з чалавечага пункту гледжання, усе, каго пералічыў Хрыстус, маюць найменш прычын, каб называцца шчаслівымі. Якім чынам чалавек бедны, галодны, які плача і якога пераследуюць, можа быць шчаслівым? Зразумела, сама бяда, голад, плач, пераслед не могуць зрабіць чалавека шчаслівым. Тым, хто можа даць чалавеку шчасце, нягледзячы на яго беды, голад, плач і пераследаванні, з’яўляецца толькі Бог. Менавіта таму, што нічога не мае, чалавек убогі ў большай ступені гатовы даверыцца Богу. Іначай можа адбывацца з кім-небудзь вельмі багатым, хто нікога, апроч сябе, не бачыць: ні Пана Бога, ні іншага чалавека. Той атрымае ўзнагароду на небе, хто ўбогі. Такія ўжо цяпер могуць радавацца, бо ім належыць Валадарства Божае (гл. Лк 6, 20).
Нельга забываць, што словы: «Шчаслівыя ўбогія духам, бо ваша ёсць Валадарства Божае» (гл. Лк 6, 20), будуць датычыць і нас:
— калі мы будзем лічыць Бога нашым самым вялікім скарбам,
— калі незалежна ад таго, колькі мы маем, з любові да іншага чалавека
станем больш убогімі,
— калі хочам і здолеем дзяліцца з тымі, хто мае патрэбу. Запомнім: той, хто дапамагае іншаму без любові, без добразычлівасці, той сапраўды траціць двойчы. Спачатку страчвае тое, што дае, а потым страчвае ўзнагароду на небе!
Задумаемся таксама над такім благаслаўленнем: «Шчаслівыя вы, калі ўзненавідзяць вас людзі, і калі адрынуць вас і будуць зневажаць, і з-за Сына Чалавечага адкінуць імя вашае, як зло» (гл. Лк 6, 22). Езус папярэджвае, што вучняў будуць пераследаваць з-за Яго. Будуць нават выпадкі, калі з-за вызнаваемай веры яны будуць пазбаўлены жыцця. Аднак Езус не падвяргае нас такім цяжкім выпрабаванням. Гэта не азначае, што мы будзем поўнасцю пазбаўленыя ад якіх-небудзь непрыемнасцяў з-за Езуса Хрыста. Можа, нехта высмейвае тваю веру? Можа, іншыя трымаюцца здалёк ад цябе, лічачы, што ты занадта часта ходзіш у касцёл? Можа, нехта надакучвае табе з-за таго, што ты молішся перад ежай?
Усім гэтым мы не павінны засмучацца. Езуса таксама пераследавалі. Ён сам умацоўвае нас на гэты час выпрабаванняў: «Радуйцеся (...) і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода ваша ў небе» (гл. Лк 6, 23).
Мы прымаем удзел у Эўхарыстычнай Ахвяры. Праз некалькі хвілін мы пачуем малітву: «Божа, наш Ойча, няхай нас ачысціць Ахвяра, якую мы Табе складаем, і няхай з дня ў дзень вядзе нас да жыцця, што чакае нас у небе» (гл. Малітва над дарамі).
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».
Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.