Пошук

26.01.2010 02:00  

Уяві сабе, што ты гуляеш у футбол. Гуляеш з поўнай аддачай. Не адзін раз ужо падаў. Таму ты потны, брудны, у запэцканым адзенні. Раптам чуеш: «Хутка ідзі дадому. Прыехалі госці». Што ты тады будзеш рабіць?!

Зразумела, у такім выглядзе ты не сядзеш адразу за стол. Ад тваіх брудных рук у гасцей можа зусім знікнуць апетыт! Зрэшты, няма ніякага сумнення ў тым, што бацькі нават не пусцілі б цябе такога ў пакой. Таму не застаецца нічога іншага, як толькі пайсці ў ванны пакой, каб памыцца, пераапрануцца, прыгожа прычасацца і толькі тады з’явіцца перад гасцямі. Ты і сам разумееш, што так павінна быпь. Па праўдзе кажучы, калі б адразу з поля бітвы цябе пасадзілі за стол разам з гасцямі, то ў такой сітуацыі ты, напэўна, адчуваў бы сябе няёмка.

Так няёмка адчуваў сябе той, пра каго гаворыцца ў сённяшнім Евангеллі. Пра каго ідзе гаворка? Зразумела, пра Сымона-Пятра. Як вы памятаеце, гэта было пасля цудоўнага ўлову рыбы. Спачатку Сымон-Пётр сказаў Езусу: «Мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі; але па слову Твайму закіну сеці» (гл. Лк 5, 5). Сымон-Пётр, як вопытны рыбак, добра ведаў, калі ўлоў можа быць паспяховым. Аднак, нягледзячы на тое, што яны працавалі ўсю ноч, увесь час выцягвалі пустую сетку.

Сымон-Пётр па слову Езуса закінуў сетку. Улоў аказаўся такім багатым, што аж сетка пачала рвацца. На дапамогу прыйшлі сябры, што былі на другой лодцы. Бачачы ўсё гэта, Сымон-Пётр прыпаў да каленяў Езуса і сказаў: «Выйдзі ад мяне, Пане, бо я — чалавек грэшны» (гл. Лк 5, 8). Вельмі дзіўная просьба! Калі б нехта з нас знаходзіўся ў такой сітуацыі, у якой знаходзіўся Пётр пасля цудоўнага ўлову рыбы, то напэўна сказаў бы іншыя словы. Якія? Думаючы пра наступныя цудоўныя ўловы, мы прасілі б: «Застанься з намі, Пане!».

Вернемся, аднак, да словаў, якія сказаў Пётр. Гэтыя словы ні ў якім выпадку не былі вынікам недастатковай павагі да Езуса. Зусім наадварот! Слова «Пане» ў вуснах Пятра — гэта не звычайны ветлівы зварот, якім мы карыстаемся штодня, звяртаючыся да дарослых. «Пане» ў вуснах Пятра з’яўляецца вызнаннем веры ў боскасць Езуса. Цуд з уловам рыбы Сымон-Пётр зразумеў як знак боскай моцы Езуса. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што Пётр, усвядоміўшы, кім ёсць той, хто знаходзіцца ў яго лодцы, усклікнуў: «Выйдзі ад мяне, Пане, бо я — чалавек грэшны» (гл. Лк 5, 8).

Святасць Езуса абудзіла ў Пятра ўсведамленне граху: «Я — чалавек грэшны». Сустрэліся Езус і Пётр, Пан і Валадар усяго створанага, і слабы, грэшны чалавек. У такой сітуацыі Пётр адчуў сябе няёмка. Што ж іншага заставалася Пятру, як толькі прызнаць, што ён з’яўляецца грэшнікам? Памыляецца, аднак, той, хто лічыць, што такое прызнанне якім-небудзь чынам пашкодзіць Пятру, што Езус адкіне яго. Нічога падобнага! Чаму? Езус добра ведаў, якім Пётр ёсць на самой справе. Пётр не паведаміў Езусу ніякай навіны. Езус ведаў, што крыецца ў чалавеку (гл. Ян 2, 25). Таму прызнанне Пятра — «я — чалавек грэшны» — было сведчаннем ягонай шчырасці. Езус заўважыў гэта і сказаў Пятру: «Не бойся, з сённяшняга дня будзеш лаўцом людзей» (гл. Лк 5, 10). Шчырасць Пятра знайшла дапаўненне ў новым, атрыманым ад Езуса пасланніцтве: «...З сённяшняга дня будзеш лаўцом людзей».

Прызнанне Пятра — «я — чалавек грэшны» — павінна стаць і нашым прызнаннем. Калі?

— На пачатку Святой Імшы, калі вызнаем перад Богам, што мы грэшныя, каб годна прымаць удзел у Найсвяцейшай Ахвяры.

— Тады, калі мы прыступаем да сакрамэнту пакаяння, каб дакладна зрабіць рахунак сумлення, каб шчыра шкадаваць за грахі, каб нашае рашэнне выправіцца было моцным, каб адрачыся ад граху і выправіць зло, учыненае Богу і бліжняму.

— Калі ўваходзім у касцёл і асвечанаю вадою робім знак крыжа, каб чыстым сэрцам стаць перад Панам.

—  Падчас штодзённага вячэрняга рахунку сумлення, каб горача перапрасіць Бога за ўсе нашыя слабасці і грахі, якія мы ўчынілі думкаю, словам, учынкам і занядбаннем.

— Калі становімся на калені для малітвы, каб з чыстым сэрцам усхваляць Бога, дзякаваць Яму і звяртацца да Яго са сваімі просьбамі.

— Кожны раз, калі мы ўсведамляем, што нашыя ўчынкі не бездакорныя.

— Калі думаем пра сябе, што мы такія добрыя, а на самой справе ТАКІМІ не з’яўляемся.

«Я — чалавек грэшны». Буду напамінаць сабе гэта не толькі дзеля таго, аб панізіць сябе перад Богам. Галоўнае, каб мы ведалі праўду пра сябе, каб памяталі пра гэта. Нягледзячы на нашую грахоўнасць, Хрыстус вяртаецца да нас: «Не бойся! Я з табою!». Толькі тады, калі шчыра прызнаюся, што «я — чалавек грэшны», змагу паўтарыць услед за святым Паўлам: «З ласкі Бога я ёсць тым, чым ёсць, і ласка Яго, што ўва мне, не была дарэмнай» (гл. 1 Кар 15, 10).

Езу, дай мне пазнаць Цябе і пазнаць сябе!

З кнігі кс. Станіслава Бялецкага
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».

Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.
Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.