Пошук

26.01.2010 02:00  
Невыгодныя словы

Калі гаворыш пра нешта невыгоднае, — найчасцей маецца на ўвазе абутак, які не вельмі нам падходзіць; пра адзенне, якое немаведама як скроена і яго немагчыма насіць; пра школьную парту, за якой можна скрывіць сабе пазваночнік; пра крэсла, на якім немагчыма доўга сядзець. Нязручнай можа быць таксама сітуацыя. Напрыклад, ты пераходзіш праз вуліцу там, дзе забаронена пераходзіць. Гэта бачыць міліцыянер і ты атрымліваеш ад яго строгае папярэджанне. Зразумела, гэта для цябе невыгодная сітуацыя, бо міліцыянер мае рацыю, а ты нічога не можаш сказаць у сваё апраўданне.

Мы можам таксама часам пачуць невыгодныя для сябе словы. Таму невыгодныя, што нам не хацелася б іх чуць. Напрыклад, калі нехта стараецца паціхеньку знікнуць з дому, каб пабегаць з сябрамі, і раптам чуе катэгарычнае: «Вярніся», — то гэтае слова для яго, напэўна, невыгоднае. Яшчэ больш невыгоднымі бываюць словы, калі нехта, на жаль, парушыў вернасць сябру і той говорыць: «Як ты мог так паступіць са мною?».

Калі вы ўважліва слухалі сённяшняе Евангелле, то, напэўна, заўважылі, што ў ім ёсць менавіта такія невыгодныя словы. Гэтыя словы былі такімі невыгоднымі, што ўсіх у сінагозе ахапіў гнеў. Габрэі падхапіліся з месцаў, выгналі Езуса з горада і павялі на вяршыню гары, каб скінуць Яго (гл. Лк 4, 28–29).

Вы спытаецеся, як да гэтага дайшло? Чаму так здарылася? Адказ просты: прысутныя пачулі невыгодныя для сябе словы. Якія гэта былі словы? Аднак перад тым як я іх вам нагадаю, давайце вернемся да здарэння ў сінагозе ў Назарэце. Прызначанае на сённяшнюю нядзелю Евангелле паказвае нам далейшае развіццё сітуацыі, пра якую мы пачулі яшчэ тыдзень таму. Хто мне раскажа ў некалькіх словах тое, што запомніў з Евангелля мінулай нядзелі? (...) Я крыху нагадаю.

Езус прыйшоў у свой родны горад. Згодна са звычаем, у шабат пайшоў у сінагогу. Што такое сінагога? Што там здарылася? Пра што гаварылася ва ўрыўку з Кнігі Ісаі, які прачытаў Езус? Што сказаў Езус пасля таго, як прачытаў словы Святога Пісання? (...) Менавіта гэтыя словы вы пачулі як у мінулую нядзелю, так і сёння. Езус сказаў: «Цяпер спраўдзіліся гэтыя словы Пісання, якія вы пачулі» (гл. Лк 4, 21).

Калі б мы не ведалі працягу аповеду аб прабыванні Езуса ў сінагозе ў Назарэце, то мы маглі б падумаць, што жыхары Назарэта павінны былі радавацца і ганарыцца тым, што Той, які жыў да гэтага часу сярод іх, атрымаў ад Бога такое важнае пасланніцтва. На жаль, нашыя прадбачанні не спраўджваюцца. Што ж гавораць жыхары Назарэта? Яны пытаюцца: «Ці не Юзафа гэта сын?» (гл. Лк 4, 22). Што гэта азначае? Азначае, што яны ані кроплі не вераць у тое, што сказаў Езус. Не вераць, што на Езусе спраўдзяцца словы Пісання, а таксама з Кнігі прарока Ісаі. Не вераць, што Езус з’яўляецца Пасланнікам Бога, намашчаным Духам Святым.

Езус распазнаў такое стаўленне да Яго з боку жыхароў Назарэта і таму адказаў: «Ведама, вы скажаце Мне: (...) зрабі і тут, у сваёй бацькаўшчыне, тое, што, як мы чулі, было ў Капернауме» (гл. Лк 4, 23). Езус, аднак, не здзейсніў на іх вачах ніводнага цуду. Чаму? Там, дзе няма веры, там не дапаможа нават самы надзвычайны цуд.

Езус не здзейсніў у сваім родным горадзе аніводнага цуду. Затое прысутным у сінагозе Ён нагадаў пра два цуды, якія ў мінулым здзейснілі прарокі. I гэта былі невыгодныя словы. Чаму? Езус гаворыць, што многа ўдоваў было ў Ізраэлі ў дні Іллі, калі панаваў голад, і да аніводнай з іх не быў пасланы Ілля, але толькі да ўдавы з Сарэпты Сідонскай (гл. Лк 4, 25–26; 1 Вал 17, 9 і наступн.). Удава тая была з паганаў, але паверыла словам, якія сказаў ёй прарок у імя Бога Ізраэля, адзінага, праўдзівага Бога. Вера ўдавы была ўзнагароджана: падчас голаду Бог цудоўным чынам размножыў муку і аліўкавае масла. Другі з нагаданых Езусам цудаў — гэта аздараўленне ад праказы сірыйца Нэемана, які быў з паганаў, у той час як і ў Ізраэлі тады было шмат пракажоных.

Тых, што не мелі веры, гэта значыць жыхароў Назарэта, раздражняла вера паганаў, прыклады якой прывёў Езус. Словы Езуса пра веру гэтых людзей былі невыгоднымі для сабраных у сінагозе. Што яны зрабілі з тымі невыгоднымі словамі? Можа, усвядомілі сваё нявер’е і тое, да чаго яно прыводзіць. Ні ў якім разе! Наадварот, яны адчулі сябе закранутымі гэтымі невыгоднымі словамі. Напоўніліся злосцю. Узняліся супраць Езуса, выгналі з горада і павялі на вяршыню гары, каб скінуць Яго. Аднак яны не здолелі забіць Езуса. У Евангеллі гаворыцца: «Але Ён, прайшоўшы сярод іх, пайшоў» (гл. Лк 4, 30).

Словы Езуса невыгодныя для многіх з тых, што не вераць у Яго. Таму яны здзекуюцца і насміхаюцца з вучэння Езуса. Некаторыя робяць усё, каб іншыя не верылі ў Езуса. Стараюцца перашкаджаць Яму. Але Ён, нягледзячы на ўсё, перамагае і знаходзіць водгук у тых, хто мае веру.

Таксама і для нас словы Езуса могуць аказацца невыгоднымі. Што я тады буду рабіць? Не буду крыўдзіцца на Пана Езуса. Не замкнуся, унушаючы сабе, што, нягледзячы ні на што, я маю рацыю. Скажу толькі свайму Збавіцелю: «Я веру Твайму слову, таму дай мне сілы, каб я ішоў за Тваім словам не толькі тады, калі мне гэта даецца лёгка». Няхай Святая Камунія ўмацоўвае нас у веры, каб мы прымалі і невыгодныя для нас словы Езуса, напрыклад, словы пра неабходнасць прабачэння тым, хто нас пакрыўдзіў.

З кнігі кс. Станіслава Бялецкага
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».

Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.
Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.