Пошук

21.01.2010 02:00  
Словы, што споўніліся

Штодня мы чуем розныя абяцанні. Часта, на жаль, гэта толькі пустыя словы. Дастаткова паслухаць, што прапануюнь радыё- і тэлерэкламы. Усё падаецца такім прыгожым, пакуль мы не купім разрэкламаванага тавару, і тады часта аказваецца, што купленая рэч зусім не адпавядае прыгожай рэкламе.

Не ўсё, аднак абавязкова з’яўляецца пустым абяцаннем. Напрыклад, тата гаворыць: «Калі ў цябе будуць вельмі добрыя адзнакі, то атрымаеш веласіпед, пра які даўно марыш». I менавіта так усё адбываецца. Ты прыносіш са школы дзённік з вельмі добрымі адзнакамі, а тата гаворыць, што цябе чакае абяцаны веласіпед. Такім чынам, спраўдзіліся словы, сказаныя тваім бацькам.

Мы павінны памятаць, што найбольш абяцанняў дае нам сам Бог. Бог даваў абяцанні выбранаму народу. Абяцанні атрымалі патрыярхі, айцы выбранага народу: Абрагам, Ісаак, Якуб. Вам апавядалі пра іх на ўроках рэлігіі. Ці маглі б вы сказаць, якое абяцанне атрымаў Абрагам? (...).

Ці ведаеце вы наступныя словы: «Благаслаўлёны Пан Бог Ізраэля, што адведаў народ свой і даў выбаўленне яму (...), як апавясціў вуснамі быўшых ад веку святых прарокаў Сваіх, выбавіць нас ад ворагаў нашых» (гл. Лк 1, 68.70–71). Хто іх сказаў? Гэта словы Захарыі, бацькі Яна Хрысціцеля. Калі нарадзіўся яго сын, менавіта так Захарыя праслаўляў Бога. За што ён праслаўляў Бога? За тое, што Ён адведаў народ свой, што ўспомніў пра абяцанне, якое даў Абрагаму.

Нараджэнне Яна Хрысціцеля было знакам таго, што настаў час здзяйснення Божых абяцанняў. Ян Хрысціцель пойдзе перад Збавіцелем, пракладваючы Яму шляхі (гл. Лк 1, 76). I вось, нарэшце, настаў час, калі доўгачаканы Збавіцель распачаў сваю публічную дзейнасць. Як вы добра ведаеце, адбылося гэта падчас хросту Езуса, калі Дух Святы сышоў на Яго (гл. Лк 3, 21–22). Потым, напоўнены Духам Святым, Езус пайшоў у пустыню, дзе Яго спрабаваў спакусіць сатана (гл. Лк 4, 1).

Далей, як мы пачулі ў сённяшнім Евангеллі, Езус вярнуўся ў сіле Духа ў Галілею і вучыў у сінагогах. Прыйшоў таксама ў свой родны горад Назарэт. Як звычайна, у святы для габрэяў суботні дзень, шабат, увайшоў у сінагогу. Ці ведаеце вы, што такое сінагога?

Напэўна, не трэба вам гаварыць, што габрэі мелі толькі адну святыню ў Ерузалеме. Усе яны жадалі адправіцца туды ў пілігрымку (гл. Лк 2, 41 і наступн.), нават, калі жылі вельмі далёка за межамі Палестыны.

Толькі ў Ерузалемскай святыні яны складалі крывавыя ахвяры Богу. А сінагогі — гэта будынкі, дзе габрэі збіраліся ў шабат, каб чытаць Святое Пісанне і разважаць над ім, а таксама каб супольна маліцца. Калі святыня была адна, то сінагогаў было вельмі шмат. I не толькі ў той час, калі жылі Езус і Апосталы. Сёння ў многіх месцах свету, дзе пражывае вялікая колькасць габрэяў, таксама існуюць сінагогі.

Вернемся, аднак, да таго, што здарылася ў сінагозе ў Назарэце. Дык вось, Езус устаў, каб чытаць. I калі Яму падалі кнігу, Ён знайшоў месца, дзе было напісана:

«Дух Пана на Мне: бо Ён намасціў Мяне дабравесціць убогім і паслаў Мяне аздараўляць разбітых сэрцам, гаварыць вязням аб вызваленні, і сляпым аб вяртанні зроку, пусціць змучаных на волю і абвяшчаць год ласкі ад Пана» (гл. Лк 4, 18–19).

Гэта словы з Кнігі прарока Ісаі (гл. Іс 61,1 і наступн.). Прарок аб’яўляе, што на ім спачывае Дух Пана. Бог намасціў яго, даручыўшы яму спецыяльную місію. Прарок хоча несці суцяшэнне, што час змены да лепшага ўжо блізка.

Езус не толькі прачытаў урывак з Кнігі Ісаі, але таксама нешта сказаў. Ці памятаеце, што сказаў Езус? Я напомню вам: «Цяпер спраўдзіліся гэтыя словы Пісання, якія вы пачулі» (гл. Лк 4, 21). Чаму Езус мог так сказаць? Чаму сцвердзіў, што на Ім споўніліся словы прарока? Калі прарока падтрымлівала моц Духа Божага, то Езус пасля хросту быў напоўнены Духам Святым. Моцай Святога Духа Ён мог дасканала выконваць сваё пасланніцтва, а менавіта: абвяшчаць людзям добрую навіну і несці ім збаўленне.

Святы Пётр сказаў тое самае ў доме сотніка Карнэлія, што Езуса з Назарэта Бог «намасціў Духам і моцай, таму Ён хадзіў, робячы дабро і аздараўляючы ўсіх апантаных» (гл. Дз 10, 38). А святы Павел напіша коратка: «Колькі ёсць абяцанняў Божых, у Езусе Хрысце ўсе яны гавораць: „Так“» (гл. 2 Кар 1,20).

Тое, што здарылася ў сінагозе ў Назарэце, пэўным чынам паўтараецца падчас кожнай святой Імшы. Езус ёсць прысутны з намі. «Прысутны ў сваім слове, бо калі ў Касцёле чытаецца Святое Пісанне, у той час Ён сам гаворыць» (гл. SС 7). Ажыццяўляецца таксама тое, што ўяўляла сабою пасланніцтва Езуса. Нашае далучэнне да Езуса Хрыста — гэта адначасова і вызваленне з-пад улады злога, перамога над сатаной. Пане Езу, дай нам, каб мы з вераю наследавалі Тваё слова.

З кнігі кс. Станіслава Бялецкага
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».

Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.
Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.