Пошук

13.01.2010 02:00  
Бог стаў маёй сілай
 
Некаторыя людзі пастаянна скардзяцца, што яны слабыя, што зусім не маюць сілы, каб штосьці зрабіць. Неабавязкова, што так гавораць людзі старыя, змучаныя жыццём, спрацаваныя, знясіленыя, якія маюць права так пра сябе гаварыць. Так скардзяцца людзі зусім маладыя, а нават дзеці.

Бываюць таксама сітуацыі, калі некаторыя людзі раптам губляюць усе сілы. Вы падкажаце, што такім людзям неабходна дапамога лекара. Напэўна, з ім адбываюцца дрэнныя рэчы, калі яго раптоўна пакідаюць сілы. На жаль, я павінен вас расчараваць і сказаць, што візіт да лекара не прынясе ніякай карысці. Нічым ён тут не дапаможа. Ён таксама не выпіша ім лекаў, бо хоць гэта і хвароба, аднак гэта нетыповая хвароба. Яна называецца лянота.

Той, хто на яе хварэе, хутка стамляецца, а калі нарэшце штосьці зробіць, надзвычай доўга адпачывае. Адно толькі яго не стамляе, і ў гэтым — Яго дасягненні. У чым? У разважанні, што рабіць, каб нічога не рабіць. Лянота паралізуе чалавека пры выкананні ўсялякага роду абавязкаў. Вядома, у нас ёсць асабістыя абавязкі адносна нашых бліжніх і Пана Бога. Існуе асаблівы тып ляноты, які называецца лянотай у Божым служэнні. Таму нічога дзіўнага што лянота залічваецца да галоўных грахоў, бо з яе могуць узнікнуць іншыя грахі і іншыя недахопы (гл. ККК 1856). Таму тады, калі нас ахоплівае нават нязначная ленасць, мы павінны задумацца, як вызваліцца ад яе, як вырвацца з яе путаў? Дзе шукаць сілы, каб яе перамагчы? На гэтыя пытанні будзем шукаць адказу ў Божым слове, прызначаным на сённяшнюю нядзелю.

Прарок Ісая паказвае таямнічую постаць Слугі, які вызнае: «Бог мой стаў маёй моцаю» (гл. Іс 49, 6). Таму яго не палохае заданне, да якога пакліканы: «Таго, што ты Мой Слуга, вельмі мала для падняцця пакаленняў Якуба, вызвалення ацалелых з Ізраіля. Устанаўлю цябе святлом для паганаў, каб маё збаўленне дайшло аж да канцоў зямлі» (гл. Іс 49, 6). Пагадзіцеся, што заданне пастаўленае перад слугою, вялізнае, бо датычыць яго місіі нетолькі адносна выбранага народу, але і ўсіх народаў свету.

Гэтым Слугою стаў Езус Хрыстус, пра якога — як мы чулі ў Евангеллі — святы Ян Хрысціцель сказаў: «Вось Ягнё Божае, які бярэ на сябе грахі свету» (гл. Ян 1, 29). Мы ведаем, якім чынам Езус бярэ на сябе грахі свету. Ведаем, як клапаціўся Езус пра народ, а таксама пра святы горад Ерузалем. Ведаем гэтыя словы: «Ерузалем, Ерузалем! Колькі разоў Я хацеў сабраць тваіх дзяцей, як птушка сваіх птушанят пад крылле, і не хацелі» (гл. Лк 13, 34). Гэта Хрыстус стаў святлом на асвячэнне народаў (гл. Лк 2, 32). Святы Пётр перад удзяленнем хросту Карнэлію, першаму язычніку, які навярнуўся, так сказаў пра Езуса: «Ведаеце справу Езуса з Назарэта, якога Бог намасціў Духам Святым і моцаю. Таму, што Бог быў з Ім, хадзіў, робячы дабро» (гл. Дз 10, 38).

«Павел — воляю Божай пакліканы Апостал Езуса Хрыста» (гл. 1 Кар 1, 1) — напісаў хрысціянам у Філіпіі словы, якія варта было б запамятаць: «Усё магу ў Хрысце, які ўзмацняе мяне» (гл. Флп 4, 13). Хтосьці падумае, што ён вельмі ганарлівы. Не! Ён не ганарлівы. Ён толькі абсалютна ўпэўнены ў Божай дапамозе, якая пастаянна спадарожнічае яму. I гэтая Божая дапамога не была ў ім безвыніковай.

Калі святы Павел прасіў Пана, каб яго цярпенні ўчыніў менш балючымі, пачуў такі адказ: «Дастаткова табе ласкі Маёй, бо сіла Мая дасканаліцца ў слабасці» (гл. 2 Кар 12, 9). Здаецца, каму-каму, але святому Паўлу, таму, які прысвяціў усё сваё жыццё абвяшчэнню Евангелля, Пан павінен зрабіць нейкую палёгку. Павінен крыху яго ашчаджаць. Тым часам, як здаецца, Павел атрымлівае адмоўны адказ: «Дастаткова табе ласкі Маёй», г.зн. табе дастаткова Маёй дапамогі. Аднак, на самой справе, у гэтым адказе заключалася гарантыя далейшай дапамогі Пана.

Калі глядзім на дасягненні вялікіх людзей, думаем, адкуль яны чэрпалі гэтулькі сілаў? Што дапамагала ім перамагаць людскую слабасць? Якім чынам яны вызваляліся ад ляноты, што ёсць у кожным чалавеку? Няма сумненняў, што словы «Бог стаўся маёй сілай» сталі для многіх шчырым вызнаннем праўды аб сабе. Таму, калі мяне ахоплівае расчараванне і стома, калі мяне знявольвае лянота і не маю ахвоты на якую-небудзь працу, калі ігнарую свае абавязкі і мне проста нічога не хочацца, тады скажу маю гарачую просьбу: «Божа, будзь жа маёй сілай!».

А калі ты, нарэшце, перамог нежаданне вучыць замежную мову і не задаеш сабе недарэчнага пытання: «Навошта мне яе вучьшь?», калі маеш першыя дасягненні, бо ведаеш ужо некалькі дзесяткаў слоў, скажы: «Бог стаў маёй сілай». Калі маеш поспехі ў змаганні з лянотай і не адчуваеш стомы нягледзячы на тое, што зрабіў урокі і дапамог сябру, схадзіў у краму і прыбраў дома, вызнай з удзячнасцю: «Бог стаў маёй сілай».

Перад Святой Камуніяй святар бярэ Гостыю і, трымаючы яе крыху ўзнятай над патэнай, гаворыць: «Вось Баранак Божы, вось той, хто бярэ на сябе грахі свету». Няхай прыняцце святой Камуніі пазбавіць нас усялякай прывязанасці да граху, асабліва схільнасці да граху ляноты.

З кнігі кс. Станіслава Бялецкага
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».

Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.
Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа