Пошук

08.01.2010 02:00  
Хадзіў Ён, робячы дабро
 
Не з кожным чалавекам мы хацелі б сустрэцца. Тут ідзе гаворка не пра нейкіх забойцаў ці злачынцаў. Гэтых лепш абыходзіць, таму што сустрэча з імі была б небяспечнай. Калі такому чалавеку ўдасца ўцячы з турмы, то адразу ж даюцца аб’явы, якія папярэджваюць аб магчымым месцы яго знаходжання. Яго з’яўленне не абяцае нічога добрага.
 
Але не такіх людзей я маю на ўвазе. Сустрэчы з некаторымі людзьмі проста непрыемныя. Бо, напрыклад, ледзьве скажаш некалькі слоў, а той нехта пачынае распавядаць пра іншых такія неверагодныя рэчы, што немагчыма слухаць. Робіш вывад і ў будучыні не паддаешся на такія размовы. Альбо хтосьці іншы без перапынку ўнушае табе, што задавальняючая адзнака зусім не нізкая. Ты ведаеш, што гэта, можа, кагосьці задаволіць, але для цябе гэта катэгарычна мала. Таму не вельмі хочаш сустракацца з ім.

Затое з іншымі мы ахвотна сустракаемся. Чаму? (...) Бо такая сустрэча штосьці мне дае. Нават, калі жартуем, то ў гэтым няма зласлівасці ці жадання прынізіць іншага чалавека, няма таксама двурушнасці, але ёсць звычайная забава. Пра такіх людзей, сустрэча з якімі робіць мяне лепшым, мудрэйшым, багацейшым вопытам, можна сказаць, што яны ідуць па жыцці, робячы дабро.

У другім імшальным чытанні знаходзяцца словы: «Хадзіў Ён, робячы дабро» (гл. Дз 10, 38). Пра каго гэтыя словы? (...) Безумоўна, пра Езуса Хрыста. Не заўважылі, хто так сцісла, але разам з тым вельмі трапна ахарактарызаваў дзейнасць Езуса? (...). Зрабіў гэта святы Пётр. Чаму? (...). Ён належаў да першых, пакліканых Езусам, вучняў і ад самага пачатку быў сведкам Яго дзейнасці.

Цяпер больш складанае пытанне: «Каму святы Пётр сказаў пра Езуса, што «хадзіў Ён, робячы дабро» (...). Пётр сказаў так Карнэлію. Хто такі Карнэлій? Гэта рымскі афіцэр. Ён жыў у Кесарыі, быў чалавекам пабожным, які «баяўся Бога», гэта значыць, што хоць і не быў яўрэем, але верыў у адзінага, праўдзівага Бога. «Багата адорваў ён народ ды ўсцяж маліўся Богу» (гл. Дз 10, 2). Карнэлій быў першым язычнікам, г. зн. тым, хто не належаў да выбранага народу, якога св. Пётр ахрысціў і такім чынам далучыў да супольнасці Касцёла. Пасля таго, як гэта ўчыніў, Пётр звярнуўся да Карнэлія. Менавіта ў гэтым звароце былі словы аб Езусе: «Хадзіў Ён, робячы дабро».

Чаму Езус хадзіў, робячы дабро? Святы Пётр тлумачыць так: Езуса з Назарэта «Бог намасціў Духам Святым і моцаю, што хадзіў, робячы дабро і аздараўляючы ўсіх апанаваных сатаною, бо з Ім быў Бог» (гл. Дз 10, 38). Бог намасціў Езуса Духам Святым. Адбылося гэта пасля хросту, які Езус прыняў ад Яна ў Ярдане. «I, як выходзіў з вады, тут жа ўбачыў Ян, як расчынілася неба, і Дух, як голуб, сышоў на Яго» (гл. Мк 1, 10). Дух Святы дае магчымасць Езусу, «хадзіць, робячы дабро». Калі б у вас нехта спытаў, што гэта азначае, як вы яму растлумачылі б? (...). Адкажаце, што Езус быў вельмі чулы да няшчасця, беднасці і хваробы людзей, якіх сустракаў.

Евангеліст Мацвей, прыгадаўшы, што шмат хто пайшоў за Езусам, і Той усіх іх аздаравіў, дадае:
«Каб збыліся словы прарока Ісаі, які гаворыць:
Вось юнак Мой, Якога Я выбраў,
Умілаваны Мой, Якому спагадае душа Мая.
Ускладу Дух Мой на Яго, і абвесціць народам суд.
Не запярэчыць, не загалосіць,
і ніхто не пачуе на вуліцах голасу Яго.
Трысціны надламанай не пераломіць
і лёну тлеючага не патушыць» (гл. Мц 12,17–20).

Дух Святы дае магчымасць Езусу, каб «хадзіў, робячы дабро», каб здараўляў хворых, каб грэшнаму чалавеку абвяшчаў радасную навіну б збаўленні, каб выганяў злых духаў, каб вызваляў усіх, хто знаходзіўся ад уладаю сатаны, каб на дрэве крыжа склаў Богу самога сябе як еззаганную ахвяру (гл. Гбр 9, 13–14). Дух Святы ўваскрасіў Езуса з ёртвых (гл. Рым 8, 11). Хрыстус жа памёр за грахі ўсіх людзей і ўваскрос з памерлых дзеля нашага збаўлення (гл. Рым 4, 25). Таму, несумненна, можна сказаць, што Дух Святы даў магчымасць Езусу, каб Ён «хадзіў, робячы дабро».

Кожны ахрышчаны, а значыць кожны з нас, можа сказаць: «Бог ёсць са мною. Я стаў дзіцём Божым. Я атрымаў дар Духа Святога, які мяне асвяціў і асаблівым чынам даў магчымасць рабіць дабро». Задумайцеся, ці можна пра кожнага ахрышчанага сказаць, што, ідучы па жыцці, ён робіць дабро? Напэўна, не! А ці можна сказаць, што ты на працягу ўсяго жыцця робіш дабро? А калі не, то чаму? Можа такое бяздзеянне не самае вялікае зло, але праз свае добрыя ўчынкі ты часта шукаеш карысці і выгады.

«Хадзіў Ён, робячы лабро» — такім быў шлях нашага Настаўніка. Такім павінен быць і наш шлях, якому даў пачатак святы хрост. «Робячы дабро, не журыцеся, бо ў свой час будзем жаць, не слабеючы» (гл. Гал 6, 9). Няхай нас умацуе ў гэтым сустрэча з Хрыстом падчас Эўхарыстыі.

З кнігі кс. Станіслава Бялецкага
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».

Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.
Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця