Пошук

30.12.2009 02:00  
Мой новы сшытак

Мы зноў пачынаем новы год. Так хацелася б ужо цяпер ведаць, якім ён будзе. Калі б мы маглі хоць крыху прадбачыць, што нам прынясе гэты новы год! Што будзе ў школе, дома, у нашым касцёле? Якімі будзем мы самі?

Можна бясконца ставіць такія пытанні. Але давайце будзем памятаць пры гэтым пра наступнае: пытаючыся, што прынясе нам новы год, мы не павінны думаць, што нібыта новы год — гэта нехта, хто ўсё вырашае, а мы самі не маем ніякага ўплыву. Гэта не так!

Гэта праўда, што не ад вас залежыць, на колькі сантыметраў вы падрасцеце ў гэтым годзе. Гэта праўда, што ніхто з вас не выбіраў сабе ані бацькоў, ані брата ці сястру. Ніхто таксама не пытаўся ў вас, дзе вы хацелі б жыць: у горадзе ці ў вёсцы. У школе вас запісалі у той ці іншы клас і ніхто не задумваўся над тым, дзе ў вас, напрыклад, магло быць больш сяброў. Некаму можа паказацца, што ад яго залежыць вельмі мала.

Гэта толькі так здаецца, бо самае важнае залежыць усё ж такі ад кожнага з нас. Напрыклад, толькі ад цябе залежыць:
— якім сынам ці дачкою ты будзеш для сваіх бацькоў,
— якою сястрою ці братам — для родных,
— якім вучнем — для Пана Езуса (Ён жа — наш галоўны Настаўнік, у якога мы вучымся на працягу ўсяго жыцця),
— якім вучнем ты з’яўляешся для настаўнікаў і выхавацеляў,
— якім сябрам — для тых, з кім вучышся, адпачываеш і гуляеш.

А гэты новы год, што пачынаецца сёння, як новы, чысценькі сшытак, а ў ім — 365 старонак. Кожная старонка — адзін дзень. Вы ведаеце, як неаднолькава выглядаюць вучнёўскія сшыткі. Ёсць вельмі прыгожыя, чыстыя, усе запісы ў іх зроблены старанна. Але ёсць і такія, у якіх толькі першыя старонкі выглядаюць больш-менш добра, а потым — чым далей, тым горш. Ведаеце таксама, што, каб у сшытку было ўсё ў парадку, каб не было памылак, закрэсленых ці выпраўленых слоў, спачатку трэба падумаць, трэба добра ведаць, што хочаш напісаць, а потым быць уважлівым, каб напісаць гэта добра. Урэшце, вы самі лепш за мяне ведаеце, як гэта робіцца.

Сёння — урачыстасць Святой Багародзіцы Марыі, якая найпрыгажэй запісала кожную старонку свайго жыцця. Адкуль яна ведала, як гэта рабіць? У сённяшнім Евангеллі пра яе гаворыцца так: «Благаслаўлёная Ты, Панна Марыя, якая захавала словы Божыя, разважаючы ў сэрцы сваім» (гл. Лк 2,19). Марыя разважала пра ўсё ў сваім сэрцы. Некалькі разоў успамінаецца пра гэта ў Евангеллі. Пра што яна разважала? Яна задумвалася над тым, ці падабаецца Богу тое, што Яна намерваецца зрабіць, разважала над тым, чаго хоча ад Яе Бог. Дзякуючы гэтаму Марыя так прыгожа запісала кожную старонку свайго жыцця.

Перад намі 365 старонак, якія мы павінны запоўніць. Нярэдка бывае так, што першыя старонкі ў сшытку напісаны прыгожа, а потым — усё менш старанна, а ў канцы — зусім дрэнна. Толькі б не выглядаў гэтак жа і наш новы год! Першыя дні могуць выглядаць, увогуле, нядрэнна, бо так нядаўна яшчэ былі святы, перад гэтым мы прыступілі да споведзі, абяцалі Богу, што станем лепшымі. Дзелячыся аплаткам, мы папрасілі ў бацькоў прабачэння і абяцалі ім, што з гэтага часу ўсё будзе інакш. Можа таму гэтыя першыя дні будуць, увогуле, не самымі горшымі. А потым? Толькі б не з’явілася зноў усё тое, чаго мы выракаліся на споведзі, абяцаючы, што больш гэтага не будзе.
 
Я хацеў бы сказаць вам яшчэ пра адно. Сёння, 1 студзеня — Сусветны дзень міру. Што гэта азначае? Вы ведаеце, што пры нараджэнні Хрыста анёлы абвясцілі зямлі супакой. Святы Айцец Павел VI вельмі моцна жадаў, каб мір усталяваўся на зямлі, каб не было войнаў, каб усе народы жылі ў згодзе і ў дружбе. Пачынаючы з 1968 года, 1 студзеня, ці ў Сусветны дзень міру, папа Павел VI штогод звяртаўся са спецыяльным урачыстым пасланнем не толькі да тых, хто верыць у Хрыста, але да ўсіх людзей добрай волі. Як вы думаеце, пра што гаворыцца ў гэтых пасланнях? Да чаго Святы Айцец заклікае ўсіх людзей свету? (...)

Святы Айцец хацеў, каб усе людзі жылі ў міры, каб знікла ўзаемная варожасць, каб супольнымі намаганнямі быў пабудаваны трывалы мір. З падобнымі пасланнямі штогод звяртаецца да ўсяго свету Святы Айцец Ян Павел II. Кожнае з гэтых пасланняў мае сваю тэму. Скажу вам, што, напрыклад, тэма Сусветнага дня міру ў 1996 г. датычыла дзяцей. Святы Айцец заклікаў, каб усім дзецям на свеце было забяспечана мірнае жыццё. У гэтым годзе Сусветны дзень міру мы адзначаем пад дэвізам: «Калі хочаш умацоўваць мір, ахоўвай асяроддзе».

Перад намі 365 старонак, якія трэба запоўніць. Па-першае, давайце памятаць пра свае прынятыя пастановы. Па-другое, кожны з нас можа пакласці сваю маленькую цаглінку для будавання міру ва ўсім свеце. Якім чынам? Давайце будзем будаваць згоду ў сям’і, у школе, паміж суседзямі. Няхай прыкладам у гэтым будзе для нас Марыя, да якой мы сёння звяртаемся з просьбай, каб у новым годзе яна дапамагала нам прыгожа запаўняць усе старонкі нашага жыцця.

З кнігі кс. Станіслава Бялецкага
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».

Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.
Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.