Пошук

26.12.2009 02:00  
Нараджэнне для неба

Кожны з нас дакладна ведае дату свайго нараджэння. Напэўна, вы дапытваліся ў сваіх бацькоў, які дзень тыдня тады быў. У гадавіну нараджэння мы ўспамінаем той дзень, бо, хоць і не памятаем яго, але гэта быў для нас вельмі важны дзень: тады мы прыйшлі на свет. Ад гэтага дня вядзецца адлік жыцця кожнага з нас.

Учора мы адзначалі ўрачыстасць Божага Нараджэння. Радаваліся прыйсцю на свет незвычайнага Дзіцяці, а таксама дарам, якія Яно прынесла. Кім з’яўляецца гэтае Дзіця? Дзіця, што ляжыць у ясельках, — гэта Збавіцель свету, гэта Сын Божы, які стаў чалавекам дзеля нашага збаўлення.

Нованароджанае Дзіця пачало расці. Так пра гэта гаворыцца ў Евангеллі: «Езус жа ўзрастаў розумам і ўзростам ды ў ласцы ў Бога і людзей» (гл. Лк 2, 52). I вы падрастаеце. Можа, нават, хочаце, каб было вам больш гадоў, каб ужо быць дарослымі. Аднак, ці не занадта вы спяшаецеся з гэтым? Чаму? Узрастанне Езуса — гэта не толькі павелічэнне Яго ўзросту, Ён пастаянна ўзрастае ў мудрасці і ў ласцы Божай. Кожны з нас, незалежна ад узросту, сем яму гадоў ці семдзесят, пастаянна павінен імкнуцца да таго, каб узрастаць у мудрасці, у дабрыні і ў ласцы Божай. На жаль, пры такім падыходзе нашыя дасягненні аказваюцца нават занадта мізэрнымі.

Ці ўсе вы памятаеце пра нашае другое нараджэнне? Вы, напэўна, здзіўленыя: якое нараджэнне? Езус сказаў: «Калі хто не народзіцца нанова, не можа бачыць валаларства Божага» (гл. Ян 3, 3). Паўторнае нараджэнне — гэта нараджэнне «з вады і Духа» (гл. Ян 3, 5). Няцяжка здагадацца, што гаворка ідзе пра сакрамэнт святога хросту. Таму прыняцце хросту было нараджэннем для другога, новага, звышнатуральнага, Божага жыцця.

Ці ведаеш ты дату гэтага свайго нараджэння? Калі не, спытай у сваіх бацькоў. Ці памятаеш пра гэтую вельмі важную дату? Пра яе павінны напамінаць табе твае імяніны. Падчас хросту ты атрымаў імя. Але гэта яшчэ не ўсё. Ці даражыш ты скарбам Божага жыцця, якое атрымаў падчас святога хросту? Як клапоцішся аб яго развіцці? Гэта вельмі важныя пытанні. Ад таго, ці развіваецца ўва мне Божае жыццё, якое было прывіта мне падчас хросту, залежыць маё чарговае нараджэнне, тое, якое яшчэ будзе. Якое нараджэнне? Кожны скажа, што ў канцы нашага жыцця нас непазбежна чакае смерць, а не нараджэнне. Аднак ці так гэта на самой справе?

Сёння пасля гімна «Хвала на вышынях Богу» мы супольна маліліся такімі словамі: «Усемагутны Божа, адзначаем нараджэнне для неба святога Сцяпана, першага мучаніка, які маліўся нават за тых, хто яго пераследаваў».

Між іншым, калі вы ўважліва слухалі, першае чытанне так апісвае пакутніцкую смерць святога Сцяпана: «Білі камянямі Сцяпана, які маліўся, гаворачы: Пане Езу, прымі дух мой! І, укленчыўшы, загаласіў моцным голасам: Пане, не палічы ім грэху гэтага! I, сказаўшы гэта, памёр» (гл. Дз 7,59-60).

Звернем увагу на тое, што апошнія словы святога Сцяпана падобныя да апошніх слоў паміраючага на крыжы Езуса. Менавіта такая пакутніцкая смерць святога Сцяпана названа «нараджэннем для неба». Ён сведчыў пра Хрыста сваім словам. Засведчыў пра Яго таксама сваёю крывёю (гл. ККК 2473). Наследуючы Езуса сваім жыццём, а асабліва сваёю смерцю, святы Сцяпан назаўсёды дасягнуў поўнага паяднання са сваім Настаўнікам, Збавіцелем і Панам, ад якога ніхто і ніколі не зможа яго адлучыць. Уступленне ў паўнату жыцця з Богам — гэта і ёсць нараджэнне для неба.

I для нас існуе шанс такога нараджэння — нараджэння для неба. Гэты шанс даў нам Езус праз сваё прыйсце на свет, праз сваё нараджэнне, якое мы так радасна адзначалі ўчора. Езус нарадзіўся для таго, каб мы таксама маглі радавацца нараджэнню для неба: сёння — нараджэнню для неба святога Сцяпана, некалі, у канцы нашага жыцця — нашаму нараджэнню для неба.
 
Таму мы маем шанс нарадзіцца другі раз: нарадзіцца для неба, нарадзіцца для паўнаты жыцця. Каб не ўпусціць гэтай магчымасці, давайце будзем памятаць пра нашае другое нараджэнне, пра святы хрост. Мы павінны бездакорна захоўваць ласку святога хросту. Гэта значьшь «быць заўсёды вольнымі ад граху, захоўваць нашую сувязь з Богам. Гэтую ласку хросту мы аднавілі, прыступаючы падчас адвэнтовых рэкалекцый да сакрамэнту споведзі.

Таму:
— будзем памятаць пра свае пастановы, прынятыя падчас рэкалекцый,
— хочам узрастаць у ласцы Божай,
— жадаем заўсёды наследаваць Цябе, Езу.

«Хто вытрывае да канца, збаўлены будзе» (гл. Мц 10, 22). Умацоўвай нас, Пане Езу! Святы Сцяпан, маліся за нас!


З кнігі кс. Станіслава Бялецкага
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».

Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.
Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа