Пошук

23.12.2009 23:00  
Неспасцігальныя дары

Мы вельмі незадаволены, калі нам не ўдаецца выкарыстаць які-небудзь добры шанс. Напрыклад, калі ты хворы, а ўвесь клас едзе на цікавую экскурсію. Калі табе падарылі лыжы і ты ахвотна пакатаўся б на іх, а тут — няма снегу. Мінаюць дні, і табе шкада, што гэтыя новыя лыжы яшчэ не «паспрабавалі» снегу. Аднак намнога горш, калі мы па ўласнай віне прапусцілі нейкі цудоўны выпадак, штосьці, што было зусім побач, а мы не заўважылі, і больш ужо гэтая магчымасць ніколі не вернецца.

Сёння — урачыстасць Божага Нараджэння. Такіх дзён на працягу ўсяго года няшмат. Святочны настрой перадаецца ўсім. Гучаць радасныя калядныя спевы. Кожны дастаў сёння з шафы самае прыгожае адзенне. На стале шмат прысмакаў. Разнастайныя і цікавыя праграмы запрашаюць уладкавацца перад тэлевізарам. Атрыманыя ўчора падарункі вабяць нас, хочацца таксама і ім прысвяціць хоць трохі часу. Водар ялінак нагадвае, што сёння — урачыстасць Божага Нараджэння.

На працягу ўсяго Адвэнту мы рыхтаваліся да гэтага дня, каб не аказацца з пустымі рукамі перад Езусам — нашым Збавіцелем. З чым мы ідзем на сустрэчу са Збавіцелем, які прыйшоў да нас? Што Ён нам прынёс? Што хоча нам даць? Мы павінны сур’ёзна задумацца над гэтым, каб не быць тымі, хто не выкарыстоўвае цудоўнай магчымасці. А так можа здарыцца, бо святочная мітусня не спрыяе таму, каб мы памяталі пра самае важнае.

Той, хто не ведае Хрыста ці не верыць у Яго, не зможа даць адказ на гэтыя пытанні: «З чым прыходзіць Езус? Што Ён нам прынёс? Што хоча нам даць?» — Езус жа нарадзіўся ў беднай стаенцы, бо для Яго не было месца сярод людзей. Тады Яму самому патрэбны былі дапамога і апека. Прапаведуючы і навучаючы народ, Ён аднойчы сказаў, што лісы маюць норы, і птушкі — гнёзды, а Ён не мае, дзе схіліць галаву (гл. Мц 8, 20).

Памыляецца той, хто спадзяецца, што Езус прыйдзе з матэрыяльнымі дарамі. Не з гэтым прыходзіць Езус. Не таму, што яны нам не патрэбныя, не таму, што Ён не змог бы даць іх нам. Сам Езус застаўся без нічога і стаў бедным для таго, каб матэрыяльныя дары не засланілі нам самых вялікіх дароў. Езус Хрыстус, будучы багатым, стаў бедным дзеля нас, каб узбагаціць нас сваім убоствам (гл. 2 Кар 8, 9).

Сёння, у святочны дзень, мы павінны хоць на хвілінку задумацца пра адну з самых вялікіх таямніцаў нашай веры — пра таямніцу Уцелаўлення. Што такое таямніца Уцелаўлення? Гэта нешта неспасцігальнае для нас і ў той жа час вельмі праўдзівае, бо Сын Божы, другая Асоба Найсвяцейшай Тройцы, стаў чалавекам дзеля нашага збаўлення. Святы Ян выказаў гэтую ісціну крыху інакш: «Слова сталася Целам і пасялілася між намі» (гл. Ян 1, 14).

Дзеля чаго Сын Божы панізіў сябе і стаў чалавекам? Вы адкажаце: каб збавіць нас, каб даць нам сапраўднае жыццё, каб назаўсёды застацца з намі. Аднак мы павінны прызнаць, што Сын Божы стаў чалавекам таксама дзеля таго, каб паказаць нам, што значыць быць сапраўдным чалавекам. Ён вучыць нас станавіцца людзьмі.

Такім чынам, з чым прыходзіць да нас Езус? Якія дары прыносіць нам? Ці памятаем мы, што сам Езус — самы вялікі дар? Такім чынам, усім, хто Яго прыняў, Ён даў сілу, каб сталі дзецьмі Божымі (гл. Ян 1, 12). Збавіцель прыходзіць, каб здзейсніць сапраўдны абмен: Сын Божы становіцца ўдзельнікам нашай чалавечай натуры, каб даць нам удзел у сваёй боскасці.

Таму сёння на працягу дня падумай пра гэтыя дары:
— Чаму яны неспасцігальныя?
— Чаму, часам, іх не прымаюць?
— Чаму не ўсе чакаюць гэтых дароў, не жадаюць, а тым больш не прагнуць атрымаць іх?
 
Езу, дапамажы мне, каб я не прапусціў Твае дары, і навучы мяне з удзячнасцю прымаць іх. Асабліва сёння.


З кнігі кс. Станіслава Бялецкага
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».

Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.
Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа