Пошук

07.12.2009 23:00  
Няхай усе адчуюць вашу дабрыню

Кожны чалавек, кім бы ён ні быў, хоча нечым адрознівацца. Найлепш пра гэта сведчыць кніга рэкордаў Гінеса. Кожны, хто занесены ў гэтую кнігу, зрабіў нешта незвычайнае. Вы, напэўна, ведаеце, што гэта не абавязкова павінна быць нешта такое, што можна выкарыстаць, бывае, нават, і ўвогуле — нешта ненармальнае. Бо што, напрыклад, можна сказаць пра вадзіцеля-рэкардсмена, які ганарыўся тым, што напрацягу 20 хвілінаў заплаціў 10 штрафаў?
 
Вернемся, аднак, да звычайных абставінаў. Усе мы ведаем, што спартсмен прагне дасягнуць найлепшага выніку, акцёр радуецца, калі атрымлівае галоўную ролю і становіцца вядомым. Вучоны імкнецца да таго, каб вынікі праведзеных ім даследаванняў знайшлі як мага шырэйшае выкарыстанне. Іншыя хочуць пахваліцца тым, што маюць дарагі аўтамабіль, багата абстаўлены дом, самы сучасны камп’ютэр. Ёсць і такія, што думаюць аб здзяйсненні нечага незвычайнага. Гэта могуць быць касмічныя палёты, экспедыцыя на Паўночны полюс, падарожжа на яхце вакол свету. Аднак, часцей за ўсё яны застаюцца падарожжамі па краіне мараў.
 
Мы з вамі знаходзімся ў святыні. Гэта не тое месца, дзе прынята марыць, таму давайце падумаем, чым мы на самой справе можам і павінны адрознівацца ад іншых. Паспрабуйце адказаць на гэтае пытанне. (...). Зноў вас вабяць незвычайныя справы: перамога на школьнай алімпіядзе, валоданне замежнымі мовамі, музычныя дасягненні, выступленне на фестывалі, спартыўныя поспехі. Але ж усё гэта можа стаць магчымым і дасягальным толькі для некаторых. Тым больш, што часта дзеля таго, каб адзін выйграў, многія павінны прайграць.
 
Таму здзівіцеся, калі скажу, што кожны з нас ужо выбраны. Вы спытаецеся, якім чынам? Хто нас выбраў? Калі? Канешне ж, вы добра ведаеце наступныя словы эўхарыстычнай малітвы: Божа, «дзякуем Табе, што ўчыніў нас годнымі стаяць перад Табою і служыць Табе». Іншымі словамі: «Божа, дзякуем Табе, што Ты выбраў нас, каб мы знаходзіліся перад Табою і каб мы служылі Табе». Служыць Богу, быць блізка каля Яго — гэта самае высокае прызначэнне, якое — без ніякай нашай заслугі — можа атрымаць кожны з нас. Іншая справа, ці ўмеем і ці здолеем мы гэтае прызначэнне належным чынам ацаніць. Гэта не мы робім ласку Богу, што прыходзім у нядзелю на святую Імшу ў святыню, каб усхваляць Бога, каб дзякаваць Яму, каб услухоўвацца ў Яго слова.
 
Давайце праверым, як мы ўслухоўваемся ў Божае слова. Калі ў мінулую, ІІ Нядзелю Адвэнту святы Ян Хрысціцель з’явіўся перад намі як той, хто абыходзіў усё наваколле над Ярданам і заклікаў да навяртання, то сёння, у ІІІ Нядзелю Адвэнту, ён дае адказы на канкрэтныя пытанні. Натоўпам, што акружаюць яго, ён гаворыць: «У каго дзве адзежыны, няхай аддасць таму, хто не мае» (гл. Лк 3, 11). Гэты заклік Яна Хрысціцеля не страціў сваёй актуальнасці і сёння. Адвэнтавы чын міласэрнасці можа спалучацца з праверкай таго, што змяшчаецца ў шафе, дзверы якой ледзь зачыняюцца. Аказваецца, многае з таго, што мы так клапатліва захоўваем, можа прыносіць карысць, служачы іншым. Плашч, з якога мы выраслі, яшчэ доўга і паспяхова можа саграваць малодшых за нас. Вашыя боцікі, якія вам ўжо цесныя, аказваецца, можна насіць яшчэ дзве зімы. Таму прыслухайцеся да закліку святога Яна Хрысціцеля і навядзіце адвэнтавы парадак таксама і ў вашых шафах.
 
Яшчэ адзін заклік Яна Хрысціцеля надзвычай важны менавіта для нас. Як вы думаеце, які? Гэта словы, якія Ян Хрысціцель скіраваў да воінаў: «Не здзекуйцеся і нікога не прыгнятайце» (гл. Лк 3, 14). У апошні час мы так часта чуем пра насілле сярод дзяцей. Часам яны вельмі бязлітасныя ў адносінах да іншых дзяцей — ні драбінкі літасці, ні кроплі спачування. Каб толькі прымусіць аддаць грошы, каб толькі прынізіць слабейшага. Ёсць і такія, што імкнуцца паказаць гэтым сваю перавагу, хочуць вызначыцца гэтым.
 
Аднак спытаемся: ці гэтаму вучыць нас Хрыстус? Ці гэтага Ён ад нас чакае? Ці гэта павінна стаць знакам, па якому будуць распазнаваць вучняў Хрыста? Слабейшы — гэта мой брат, за якога Хрыстус паміраў. А аднакласнік альбо аднакласніца, якім грэбуюць або зневажаюць, — не той, з кім можна рабіць усё, што каму падабаецца. У кожнай сітуацыі давайце будзем памятаць пра словы Езуса: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых меншых братоў Маіх, вы зрабілі Мне» (гл. Мц 25, 40).
 
Здзекванне можа датычынь не толькі людзей. «Не здзекуйцеся і нікога не прыгнятайце» — гэта значыць ні над кім не здзекуйцеся, нікога не прыгнятайце! Жывёл таксама! Асабліва цяпер, у зімовую пару, менавіта яны патрабуюць нашай апекі і дабрыні. Хто з вас памятае пра іх? Хто з вас іх падкормлівае? Яны ж таксама з’яўляюцца Божымі стварэннямі. Ні заўважылі вы, што каля яселек з маленькім Езусам знаходзяцца вол і аслянё? Чаму? (гл. Іс 1, 3).
 
Можа здарыцца так, што вашая «добразычлівасць» у адносінах да свету раслін таксама магла бы быць большай. Тут гаворка ідзе не толькі пра вытаптаныя газоны, зламаныя дрэўцы, знішчаныя пасевы збожжа, але нават пра звычайнае паліванне вазонаў. Нашую нядбайнасць у гэтым выпадку можна назваць здзекам. Бо ўявім сабе, што нам вельмі хочацца піць, а ніхто не дае нам ані кроплі вады.
 
Таму, слухаючы сённяшняе Божае слова, давайце вырашым для сябе: што нас, як вучняў Хрыста, павінна адрозніваць наша дабрыня. Прычым, такая дабрыня, якую адчуюць не толькі ўсе людзі, але якая атуліць таксама жывёлаў і расліны. Так што давайце не будзем гаварыць, што не маем шансаў, калі гаворка ідзе пра тое, каб нечым выдзеліцца. У гэтай сферы нашыя магчымасці велізарныя!


З кнігі кс. Станіслава Бялецкага
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».

Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.
Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця