Пошук

02.12.2009 02:00  
Падрыхтуйце шлях Пану

Нялёгка падарожнічань па ўхабістай, звілістай дарозе. Чаму? Бо і вадзіцель змучыцца, і аўтамабіль хутчэй стане псавацца. Такая язда будзе непрыемнаю і небяспечнаю.
 
Нярэдка бывае так, што калі нейкая важная асоба збіраецца наведаць пэўную мясцовасць, то тады пачынаюць паспешна рамантаваць дарогу, якая вядзе туды. Часта яе пашыраюць, спрамляюць рэзкія павароты, выраўніваюць крутыя спускі, кладуць новае пакрыццё. А калі ўсё гэта ўжо зроблена, то нават не верыцца, што на гэтым месцы была вузкая, звілістая, ухабістая, цяжкая для праезду дарога.
 
Для кагосьці, хто няўважліва слухаў сёння Евангелле, словы «падрыхтуйце шлях Пану, простымі зрабіце сцежкі Яму; усякі дол няхай напоўніцца, і ўсякая гара і ўзгорак няхай знізяцца, звілістыя дарогі выпрастаюцца і няроўныя зробяцца гладкімі» (гл. Лк 3, 4–5) могуць паказацца нейкім павучаннем, якое датычьшь перабудовы дарогі. На самой справе гаворка тут ідзе зусім пра іншае.
 
Звернем увагу на тое, хто ўпершыню прамовіў гэтыя словы. Калі вы ўважліва слухалі Евангелле, то адказ на гэтае пытанне будзе вельмі лёгкім. Словы гэтыя ўзяты з Кнігі прарока Ісаі. Калі для выбранага народу закончыўся час няволі ў Вавілоне, прарок аб’явіў пра тое, што неўзабаве ўчыніць Бог: Бог вызваліць народ з няволі, адновіць свой люд, прывядзе яго ў айчыну, а святому гораду Ерузалему Бог верне ранейшую святасць. Так у хуткім часе ўсё і сталася. Гэтым Бог яшчэ раз даў зразумець абранаму народу, што Ён — Бог магутны, поўны дабрыні і любові. Больш таго, усё, што тады здарылася, было прадвесцем чагосьці яшчэ больш значнага: вызвалення ўсяго чалавецтва з няволі граху.
 
Так, як калісьці прарок рыхтаваў абраны народ да радаснага вяртання з няволі, гэтак сама святы Ян Хрысціцель рыхтуе людзей да прыняцця Збаўцы свету, Езуса Хрыста. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што з яго вуснаў выходзяць словы, якія калісьці былі ўжо сказаны прарокам: «Падрыхтуйце шлях Пану» (гл. Лк 3, 4). Каб лепш зразумець гэты заклік Яна Хрысціцеля, мы павінны памятаць, кім ён быў і якая была яго місія.
 
З’яўленне Яна Хрысціцеля на свет было цудоўным чынам прадказана яго бацьку, Захарыі. Тады ён даведаўся, што многія будуць радавацца нараджэнню Яна Хрысціцеля, «бо ён будзе вялікі перад Панам (...) і Духам Святым напоўніцца яшчэ ва ўлонні маці сваёй. I многіх з сыноў Ізраэля наверне да Пана» (гл. Лк 1, 14–17). Калі Ян Хрысціцель з’явіўся на свет, яго бацька сказаў пра яго: «I ты, дзіцятка, назавешся прарокам Усявышняга, бо пойдзеш наперад перад абліччам Пана — падрыхтаваць шляхі Яму, даць народу пазнаць
збаўленне» (гл. Лк 1, 76–77).
 
Пачутыя сёння словы Евангелля паказваюць Яна Хрысціцеля, які выконвае ўсё, што даверыў яму Бог. Ён не толькі заклікае да таго, каб іншыя падрыхтавалі шлях Пану, але і сам, асабіста, аддае ўсе свае сілы, каб гэты шлях Пана да людскіх сэрцаў быў самым прамым. Таму — як мы пачулі некалькі хвілін таму назад — святы Ян Хрысціцель абыходзіў усе ваколіцы над Ярданам і заклікаў да навяртання. Ва ўсім, што рабіў, ён быў надзвычай руплівы, бо добра разумеў, што засталося няшмат часу і ўжо хутка з’явіцца Той, каго чакаюць усе народы, хто збавіць увесь свет. Ян Хрысціцель, як той, хто папярэднічаў з’яўленню Езуса, добра ведаў, якое важнае заданне ён атрымаў.
 
«Падрыхтуйце шлях Пану» — гэтыя словы характарызуюць не толькі ўсю дзейнасць Яна Хрысціцеля незадоўга перад з’яўленнем Езуса. Як мы ведаем, Езус прыйшоў шукаць загубленага грэшніка і абвяшчаць усім Добрую Навіну пра збаўленне. «Падрыхтуйце шлях Пану» — гэта таксама заклік да Касцёла, рассеянага па ўсім свеме. Гэты заклік павінен быць надзвычай моцным і выразным асабліва сёння, у другую нядзелю Адвэнту, калі так мала дзён аддзяляе нас ад свята Божага Нараджэння. Гаворка ідзе пра тое, каб мы найперш самі сапраўды пачулі гэты заклік: Падрыхтуйце шлях Пану», — і толькі потым звярнуліся з ім да іншых.
 
Падрыхтуем жа шлях Пану да нашых сэрцаў:
— праз шчырае і трывалае вырачэнне ўсялякага граху,
— праз выпраўленне крыўдаў, калі камусьці іх учынілі,
— праз багаты плён добрых учынкаў,
— праз удасканаленне любові да Бога і бліжняга,
— праз ахвотны ўдзел у абвяшчэнні Евангелля (гл. другое чытанне).
 
Каб лепей зразумець сэнс закліку «Падрыхтуйце шлях Пану» і не забываць пра яго, пастараемся ў гэты перыяд менш глядзець тэлевізар, а прысвяціць гэты час таму, каб у цішыні падумаць, ці ўсё ўжо зроблена належным чынам.
 
З гэтым заклікам — «Падрыхтуйце шлях Пану» — мы павінны звярнуцца да іншых так, як гэта калісьці рабіў святы Ян Хрысніцель, гэта значыць, з усёй стараннасцю, добразычлівасцю, і ўсведамляючы, што не пра марныя справы ідзе тут гаворка. Можа побач з табою ёсць і такія дзеці, што жывуць так, нібыта Хрыстус не павінен прыйсці, нібыта яны не былі ахрышчаныя. Але ж Хрыстус прыходзінь да ўсіх без выключэння. Няхай жа ўсе будуць гатовымі да Яго прыйсця! I тым, што згубіліся і забыліся пра Пана, трэба несці Добрую Навіну: Пан, які нас любіць, ёсць блізка! Гэтую прысутнасць Пана мы можам адчуць ужо цяпер, падчас Эўхарыстыі. Таму просім Яго: няхай усе людзі ўбачаць Божае збаўленне!
 
У гэтыя зімовыя дні, калі толькі глянеш на заснежаную дарогу, па якой цяжка рухацца, бо нехта забыўся ці не паспеў расчысціць яе ад снегу, задумайся над тым, як ты рыхтуеш шлях Пану.

З кнігі кс. Станіслава Бялецкага
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».

Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.
Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа