Пошук

24.11.2009 23:00  
Падыміце галовы

Калі мы бачым чалавека з апушчанаю галавою, то можам здагадацца, што з ім здарылася нешта дрэннае, што яму нешта не ўдалося, альбо напаткала нейкае няшчасце. Апушчаная галава вучня — гэта знак таго, што ў школе не ўсё было ў парадку. Апушчаная галава дзіцяці можа падказаць, што яго злавілі на нейкай хлусні. Апусціўшы галаву ідуць са спартыўнай пляцоўкі футбалісты пасля прапушчанага мяча.

У адной з рэлігійных песень таксама ўспамінаецца пра кагосьці, хто мае апушчаную галаву. Як вам здаецца, пра каго ідзе ў ёй гаворка? Напомню вам некалькі слоў з гэтай песні:

Пустым і самотным шляхам,
З сэрцам, цяжкім ад правін,
З апушчанаю галавою Ішоў...

Хто? Марнатраўны сын.
Вы напэўна ведаеце, што гэтая песня адсылае нас да прыповесці Езуса, дзе Ён паказвае нам Бога, які прабачае грэшнікам.

Калі апушчаная галава можа быць знакам недахопу надзеі, зведанай няўдачы, пачуцця віны, то паднятая галава з’яўляецца знакам перамогі, поспеху, надзеі. З паднятаю галавою вяртаюцца футбалісты з матча, калі заб’юць гол. З паднятаю галавою вы вяртаецеся на сваё месца за партаю пасля паспяховага адказу каля дошкі.

Падняць галовы заклікае нас сёння Езус. Зразумела, гаворка тут ідзе не пра звычайны, знешні жэст, не пра тое, каб хадзіць заўсёды з задзёртаю галавою. Гэта было б праяўленнем ганарыстасці і пагарды да іншых. Не пра гэта гаворыць Езус, калі заахвочвае нас падняць галаву. Пра што ж?

Адказ на гэтае пытанне даюць словы пасля закліку Езуса: «Падыміце галовы вашыя, бо прыбліжаецца адкупленне вашае» (гл. Лк 21, 28). Што азначаюць гэтыя словы? Мы ж ужо адкупленыя. Гэта ж за нас памёр Езус Хрыстус. Ён набыў нас для сябе за самую высокую цану. Мы выкупленыя не чымсьці прамінальным, не серабром ці золатам, але каштоўнаю крывёю Хрыста (гл. 1 П 1, 18–19).

I гэта на самой справе так. Аднак, з іншага боку, мы павінны памятаць, што адкупленне набліжаецца да нас. Якім чынам? Усё бліжэй да нас тая хвіліна, калі мы можам пачуць словы Хрыста: «Прыйдзіце (...), наследуйце валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету» (гл. Мц 25, 34). Набліжаецца той час, калі «заўсёды будзем з Панам» (гл. 1 Тэс 4, 17). А здарыцца гэта тады, калі наш Пан, Езус Хрыстус, паўторна прыйдзе, каб судзіць як тых, каго застане жывымі, так і памерлых.

Такім чынам, мы жывём паміж першым і другім прыйсцем Хрыста. Паміж прыйсцем Сына Божага, падчас якога Ён прынізіў самога сябе, стаў чалавекам, нарадзіўся ў Бэтлееме, памёр на крыжы і ўваскрос дзеля нашага збаўлення, і Яго паўторным прыйсцем у хвале. Нам, веруючым у Хрыста, нельга ні на хвіліну забываць ні пра першае, ні пра паўторнае Яго прыйсце.

Менавіта аб гэтым другім прыйсці Хрыста напамінаюць нам словы Евангелля, якія мы пачулі некалькі хвілін назад. Не толькі выбраны народ чакаў прыйсця Хрыста. Мы таксама павінны чакаць паўторнага прыйсця Пана, які дасць кожнаму паводле яго ўчынкаў. Чытаючы Стары Запавет, мы можам даведацца аб тым, у чым праяўлялася падрыхтоўка выбранага народа да прыйсця Месіі. Былі тыя, што з нецярпеннем чакалі набліжэння гэтага дня. Аднак былі, на жаль, і такія, што не звярталі ўвагі на прадказанні і папярэджванні прарокаў. Жылі так, нібыта Месія не павінен быў прыйсці.

Задумайцеся на хвілінку, ці не адносіцца гэта і да нас. Сёння, на пачатку касцёльнага года, мы чуем словы Хрыста: «Падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца адкупленне вашае» (гл. Лк 21, 28).

— Падняць галаву — гэта значыць усвядоміць непазбежнасць таго, што павінна адбыцца, што Хрыстус паўторна прыйдзе.

— Падняць галаву азначае ўсвядоміць, што тады вырашыцца нашае адкупленне, будзе прынята рашэнне: будзем мы заўсёды з Панам ці не.

— Падняць галаву — гэта значьшь кожны дзень жыць так, каб быць гатовымі сустрэцца з Хрыстом.

— Падняць галаву — гэта значьць плённа перажываць кожнае спатканне з Хрыстом: ці то прысутным у нашых братах, ці то ў Яго слове (удзел у катэхезе, слуханне нядзельнай пропаведзі), ці то ў эўхарыстычных постацях (Эўхарыстыя — задатак вечнага збаўлення — гл. Малітва над дарамі).

— Падняць галаву — гэта значыць мець сэрца, не абцяжаранае лянотаю, непаслухмянасцю, злосцю, хлуснёю.

— Падняць галаву — гэта значыць жыць у надзеі на канчатковую перамогу дабра над злом. Гэта значыць мець упэўненасць, што нашыя намаганні захаваць вернасць Хрысту не былі дарэмнымі.

Пачынаем новы касцёльны год. Нам даецца чарговы шанс ісці за Хрыстом, разважаць пра таямніцы Яго жыцця і паўней з’яднацца з нашым Настаўнікам і Панам. Падчас гэтай Эўхарыстыі будзем маліцца аб нястомным паглыбленні нашай веры ў новым касцёльным годзе, які сёння пачынаецца.

З кнігі кс. Станіслава Бялецкага
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».

Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.
Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа