Пошук

30.05.2009 22:46  

Сённяшняя ўрачыстасць Спаслання Духа Святога замыкае цыкл велікодных святаў. Думаю, можна смела сцвярджаць, што ў літургічным календары Касцёла па важнасці падзеяў урачыстасць Спаслання Духа Святога павінна заняць месца ў адным шэрагу з такімі вялікімі святамі, як Божае Нараджэнне і Вялікдзень. Жыццё Касцёла проста не было б магчымым без няспыннага дзеяння ў ім Духа Святога. Заснаванне Касцёла, напэўна, было б магчыма, напрыклад, у выглядзе «клуба» паплечнікаў Езуса з Назарэта. Аднак вытрываць перад разнастайным і шматлікімі выпрабаваннямі (ганенні, спакуса мець уладу ці матэрыяльныя багацці) — і гэта на працягу дзвюх тысяч гадоў гісторыі! — без Духа Святога Касцёлу не ўдалося б. Дух Святы, як мы вызнаём гэта падчас кожнай нядзельнай Імшы, з’яўляецца «Панам і Жыватворцам», і гэта датычыць не толькі Касцёла ў цэлым, але і кожнага хрысціяніна асобна. Касцёл атрымаў Духа Святога ў дзень Пяцідзесятніцы, а цяпер кожны хрысціянін атрымлівае Яго ад Касцёла ва ўсіх сакрамэнтах, але перадусім — у сакрамэнтах хросту, канфірмацыі і Эўхарыстыі. 

Наколькі гэта сёння важна для нашага хрысціянскага жыцця можна зразумець, калі яшчэ раз ўслухацца ў Сімвал веры і задумацца над яго словамі, якія кожную нядзелю мы паўтараем на святой Імшы: «Веру ў Духа Святога, Пана і Жыватворцу…». Дух Святы — Пан і Жыватворца, Той, які робіць нас і тое, што ў нас, сапраўды жывым: нашую веру, нашую надзею, і галоўнае — нашую любоў.

Першае чытанне з Дзеяў Апосталаў адкрывае перад намі малюнак тых падзеяў, якія адбыліся на пяцідзесяты дзень пасля Уваскрасення Хрыста і на дзесяты дзень пасля Яго Унебаўшэсця. Але, каб добра зразумець, што ж сапраўды адбылося тады, трэба глыбей разгледзець некаторыя акалічнасці. Мы ведаем, што ўваскрослы Хрыстус не раз з’яўляўся сваім вучням, аднак, як не дзіўна, у іх сэрцах і розумах апроч праменьчыка надзеі яшчэ не адбыліся пэўныя якасна істотныя змены. Хіба што толькі з’явіўся большы хаос і неразуменне таго, што адбываецца з іх Настаўнікам. Яны па-ранейшаму перапалоханы і разгублены. Яны не разумеюць самой сутнасці Добрай Навіны пра Хрыста: факт, што Ён уваскрос з мёртвых, бясспрэчны, але які ўплыў гэты факт мае на іх асабістае і супольнае жыццё? Вучні яшчэ нават у дзень Унебаўшэсця крыху наіўна пытаюцца ў Хрыста, ці не цяпер гэта часам Ён збіраецца нарэшце зрабіць палітычны пераварот і ўзяць уладу ў свае рукі. 

Калі без Духа Святога не маглі зразумець Хрыста нават тыя, хто тры гады хадзіў за Ім і слухаў Яго, то як жа Яго зразумець нам, сучасным хрысціянам? І з такой цяжкасцю, на жаль, сустракаюцца многія з нас. Здавалася б, і ў касцёл ходзім, і Евангелле Хрыста слухаем, але як жа мала яно ўздзейнічае на нашае штодзённае жыццё. Запаведзі Божыя, тыя ж запаведзі любові, большасць з нас добра ведаюць. Аднак, не гледзячы на гэта, увесь час адгукаецца наш эгаізм і бездапаможнасць ў намаганнях імкнуцца да праведнасці і любові. 

Хрыстус жа перад Спасланнем Духа Святога гаворыць: «Яшчэ шмат чаго маю сказаць вам, але цяпер вам гэтага не знесці». І сапраўды, без прышэсця Духа Святога хрысціянства стала б рэлігіяй, у якой не магчыма вытрываць, яно стала б адным вялікім юрыдычным кодэксам, які ніхто з нас не быў бы ў стане выконваць. Уся Добрая Навіна абмежавалася б толькі тым, што Езус сваёй смерцю адчыніў нам брамы неба, зачыненыя дагэга з-за нашага граху. Але трапіць туды — гэта ўжо наш клопат. Такім чынам, неабходна старацца, імкнуцца з усяе сілы выконваць Божыя запаведзі, і тады як узнагароду мы атрымаем неба. Аднак кожны з нас з уласнага вопыту ведае, як цяжка даюцца нам гэтыя старанні, бачым, што мы падаем пад цяжарам адных і тых жа грахоў. Такім чынам, часам з’яўляецца ўражанне, што хрысціянства — гэта непасільны цяжар для нас. 

Не раз падчас казанняў (асабліва велікодных) мы чуем такое супастаўленне: пераход Хрыста ад смерці да жыцця падобны да нашага «пераходу» ад граху да праведнасці. Аднак жа тут ізноў узнікае пэўная праблема. Мы вельмі часта нагадваем разгубленых Апосталаў: так, Ён уваскрос, але што з гэтага, калі навокал нічога не змянілася? Што з таго, што Ён уваскрос, калі па-ранейшаму эканамічны крызіс, сямейныя канфлікты, дрэнныя звычкі?  

На шчасце, такое абмежаванае разуменне і такі спосаб хрысціянскага жыцця — ілжывыя. Сённяшняе свята прыносіць нам іншую, сапраўды Добрую Навіну: «Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, навучыць вас УСЁЙ праўдзе». Аказваецца, сапраўднае і поўнае жыццё ў Хрыстовай праўдзе — гэта не толькі нашая справа, але перш за ўсё справа дзеяння ў нас Духа Жыватворцы. Мы атрымалі Яго падчас хросту і канфірмацыі. Так, Дух Святы прывівае ў нашыя сэрцы плады смерці і ўваскрасення Езуса. З гэтага моманту перамога Хрыста над грахом і смерцю з’яўляецца для нас не проста гістарычным фактам, а падзеяй, у якой мы самі прымаем удзел. Уваскрасенне — гэта не толькі гісторыя Езуса з Назарэта, але і наша гісторыя! 

Такім чынам, праблема заключаецца ў тым, што нам часта не хапае адвагі, каб згадзіцца, дазволіць Духу Святому быць сапраўды Панам і Жыватворцам нашага жыцця. У нас узнікаюць дзесяткі розных ідэяў і рэцэптаў, як зрабіць жыццё лепшым і больш шчаслівым. Аднак у гэтым спісе няма месца для адзінай, сапраўды эфектыўнай дапамогі — Духа Жыватворцы! Мы часта баімся, што, калі сапраўды рашуча прамовім: «Спашлі, Пане, свайго Духа і аднаві аблічча зямлі» — Ён можа аднавіць яе так, што нам не спадабаецца. 

У 1978 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ першы раз за час свайго Пантыфікату здзейсніў пілігрымку на Радзіму, у Польшчу. Час быў тады яшчэ вельмі складаны, несумненна больш цяжкі, чым сёння. Вялікая частка Еўропы, у тым ліку і Польшча, была яшчэ пад прыгнётам камуністычнага таталітарызму. Панаваў страх і разгубленасць. Людзям не хапала надзеі, не хапала мужнасці і сілаў, каб штосьці змяніць у грамадстве. І тады, напярэдадні ўрачыстасці Спаслання Духа Святога, на варшаўскай плошчы Перамогі Ян Павел ІІ прамовіў словы, якія, «нібы павеў моцнага ветру», скаланулі не толькі Польшчу, але і ўсе акупіраваныя краіны: «Няхай сыйдзе Дух Твой! Няхай сыйдзе Дух Твой! І адновіць аблічча зямлі… гэтай зямлі». Так пачаўся новы, вырашальны этап ў падзенні тыраніі камунізму ў Еўропе. Гэтая падзея ўвайшла ў гісторыю пад назвай «Вялікая канфірмацыя». 

Пасля Спаслання Духа Святога Апосталы вызваліліся вось ад гэтай «клеткі» страху перад уласным жыццём і смерцю, яны пазналі ЎСЮ праўду пра Хрыста: Езус сапраўды перамог іх смерць, іх грахі і абмежаванасці. Першае, што зрабілі Пётр і іншыя адзінаццаць Апосталаў пасля атрымання свабоды ў Духу Святым, — гэта выйшлі на вуліцу горада і смела абвяшчалі, што Хрыстус — гэта Пан, годны панавання над нашым жыццём. Ён мае моц, каб змяніць нас і нашае гледжанне на свет! 

Дарагія браты і сёстры, Дух Святы Жыватворца ўжо не адзін раз «аднавіў аблічча зямлі» і аблічча жыцця шматлікіх святых і праведнікаў. Калі я адчуваю, што мне і людзям, якія побач са мною, ізноў неабходна аднаўленне веры, надзеі і любові, я проста стану на малітву і скажу, як некалі сказалі сабрыныя разам з Марыяй Апосталы: «Божа, забяры страх, будзь сапраўды маім Панам і Жыватворцам, дай разуменне і мудрасць, навучы любіць, ажыві мяне так, каб не памёр ужо на векі». Амэн.   

Айцец Андрэй Квяцінскі OFMCap 

Выкарыстаны матэрыялы з «Chrześcijaństwo ponownie odkrywane».
Ks. A. Cholewiński TJ. Warszawa, 1993.

Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця