Пошук

22.05.2009 18:43  
Ян 17, 11b–19


Хаос, змрок, непарадак вельмі часта бываюць выгаднымі, каб схаваць штосьці не вельмі прыемнае або тое, што выклікае ў нас пачуццё сораму. Прасцей каціцца па вытаптанай каляіне наперад, не асабліва звяртаючы ўвагу на тое, што наша нерашучасць, бясконцая занятасць, сляпая ўпартасць пазбаўляюць нас поўнага пражывання чалавечага лёсу.

Праз сур’ёзнасць словаў малітвы Езуса сённяшняе Евангелле нібы ўводзіць строгі лад, прыгадваючы пра рэчы, істотныя для кожнага чалавека, а асабліва ахрышчанага. Паняцце «свет» (Ян 17, 13) адносіцца да людзей, якія аддалены ад Бога. Гэта рэчаіснасць, якая пярэчыць сутнасці чалавека. Асоба, для якой Бог не мае ніякага значэння, не шукае сустрэчы з Ім, толькі рашуча імкнецца апанаваць тленную, зямную рэчаіснасць, гэта асоба без будучыні, якая занядбала і растаптала ўласную чалавечнасць.

Першым, надзвычай істотным, хоць і не канчатковым, а таму часта і не дастатковым знакам нашай лучнасці з Хрыстом з’яўляецца хрост. Кожны са святых сакрамэнтаў — гэта падзея, якая змяняе рэчаіснасць. Гэта факт, які ўпарадкоўвае жыццё кожнай канкрэтнай асобы. Быць можа, давядзецца адкінуць тое, што не сумяшчальна з Божым парадкам, са звычайнай штодзённасцю, але гэта вядзе ў шчаслівую рэчаіснасць быць адно з Ім (пар. Ян 17, 11).

Калі, напрыклад, у калектыве гультаёў раптам з’явіцца супрацоўнік, які хоча штосьці рабіць, мае энтузіязм, імкнецца нечага дасягнуць, то, найчасцей, яго паводзіны выклікаюць цэлую лавіну насмешак, здзеклівых фразаў, яўнай ці скрытай крытыкі. Маўляў: што ён хоча паказаць, з-за яго і нам давядзецца быць больш руплівымі. У гэтым кантрасце выкрываецца узровень гультайства. Можа, якраз пра падобную сітуацыю кажа Пана ў словах: «Свет узненавідзеў іх» (пар. Ян 17, 14).

Не адзін з нас саромеецца быць хрысціянінам, бо «што падумаюць і скажуць супрацоўнікі, суседзі…» У такой сітуацыі мы імкнёмся пагадзіць тое, што аб’яднаць немагчыма, стараемся быць веруючымі так, каб ніхто не здагадаўся, не заўважаў, не ацаніў. Або ў іншай сітуацыі, калі сустракаем чалавека, які імкнецца быць сумленным, так працавіта выкрываем яго слабасці ды няўдачы, каб сабе і іншым паказаць і паверыць, што ён — як усе, і не варта клапаціцца пра большую шчырасць жыцця і адносінаў з Богам.

У сваім клопаце пра хрысціянаў Езус зусім не імкнецца нас ізаляваць ад свету. Кажа: «Не прашу, каб Ты ўзяў іх са свету» (пар. Ян 17, 15). Калі ідзём да ўрача, то мікстуры, таблеткі, працэдуры, а тым больш неабходная аперацыя могуць выклікаць у нас пратэст, гнеў, незадавальненне. Але калі ўсвядомім сабе, што гэтыя «непрыемнасці» былі абавязковымі мерапрыемствамі на шляху да аздараўлення, то нашы негатыўныя пачуцці замяняюцца ў павагу і ўдзячнасць да ўрача, які, як нам здавалася, бязлітасна, але рашуча ратаваў наша жыццё.

У нашай хрысціянскай штодзённасці ўсе мы адначасова з’яўляемся хворымі, якія патрабуюць горкіх лекаў Божай праўды (гл. Ян 17, 17), і адначасова ўрачамі, якія шчыра і рашуча гэтымі таямнічымі лекамі дзеляцца з іншымі. Адзінай гарантыяй нашага супольнага аздараўлення нязменна застаецца Езус: «Я пасвячаю сябе, каб і яны былі асвечаныя ў праўдзе» (пар. Ян 17, 17). Ён вядзе нас з выгаднага хаосу ў каштоўную рэчаіснасць Божай праўды. Амэн.

Айцец Алег Шэнда OFMCap

Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.