Прычыны небеспадстаўнага гонару сучаснага чалавека, між іншым, крыюцца ў істотных дасягненнях людскога розуму ў шматлікіх галінах навукі, тэхналогій, вытворчасці. Пераймаючы творчасць самога Створцы, быццам бы падгледзеўшы разнастайнасць створанага Богам свету, чалавек імкнецца тое-сёе зрабіць па-свойму. Такім чынам нешта спрашчае, дастасоўвае, выдумвае, укараняе.
Безумоўна, хачу гэта выразна падкрэсліць, такое імкненне з’яўляецца выразам высокай годнасці чалавека. Але з іншага боку нельга не заўважыць, што істотныя дасягненні людскога інтэлекту натхняюць на небяспечную самаўпэўненасць, а пярэстая разнастайнасць штучнай рэчаіснасці ўсё больш эфектыўна зацірае мяжу паміж тым, што сапраўднае і тым, што з’яўляецца падробкай.
Просты прыклад. Вясна, несумненна, з’яўляецца магутным увасабленнем жыцця. Самыя дробныя прыкметы вясны сведчаць пра нязломнае жаданне жывога свету змяняцца, расці, развівацца, прыносіць плён. Асаблівай прыкметай вясенняй радасці і надзеі з’яўляюцца кветкі. Тыя рэдкія далікатныя, на выгляд кволыя першыя пралескі. А таксама непаўторная ў сваім пышным багацці і насычаным водары прыгажосць квітнеючых садоў.
Думаю, не цяжка згадзіцца з тым, што ў параўнанні з заварожваючай Божай шчодрасцю квітнеючай вясны ўся разнастайнасць штучных кветак з’яўляецца відавочнай убогай падробкай. Тэхналагічная здольнасць сучаснага свету можа аснасціць штучную кветку сапраўды прывабным выглядам. Нескладана надаць вырабу праўдападобны водар. Можна яе змайстраваць такім чынам, каб рэагавала на святло, напрыклад, каб раніцай распускалася, а вечарам згортвалася.
Быць можа, зручным для сучаснага чалавека дадаткам было б зрабіць кветку так, каб яна плакала, калі яе не падліюць і г. д. Але такая кветка не патрабуе кораня, калі толькі для праўдападабенства. Майстэрства чалавечых рук сапраўды здольнае ў значнай ступені абхітрыць чалавечыя ўражанні, але абхітрыць жыццё — немагчыма.
«Я — сапраўдная вінаградная лаза. (…) Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас. (…) Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён» (пар. Ян 15, 1–5). Гэтыя Хрыстовы выказванні з’яўляюцца таямніцаю і ключом чалавечага жыцця. Здаецца, пасля разважанняў пра падробкі і штучнасць, у вочы кідаецца слова «сапраўдная». «Я — сапраўдная вінаградная лаза» (пар. Ян 15, 1). Адзіная сапраўдная. Заставацца з Ім, трываць у Ім — гэта корань, які сведчыць пра тое, што сапраўды жывём, што мы людзі, жывыя людзі.
Заставацца ў Ім — гэта не нейкая выпадковая сустрэча, дотык. Быць можа, гэта нават не тая звычайная абрадавая пабожнасць, да якой мы, магчыма, ужо прызвычаіліся або якую не вельмі разумеем, але прымаем пакорным «можа, так трэба». У вінаградніку галінкі не проста знаходзяцца вельмі блізка лазы, яны з ёю злучаныя. Гэта сувязь — не проста надзейнае механічнае змацаванне. Не. Яны ствараюць адзіны арганізм, жыццяздольнасць якога забяспечваецца безліччу ўнутраных, не абавязкова відавочных для нявопытнага ці нават няўзброенага чалавечага вока, каналаў. У гэтай далікатнай лучнасці — таямніца жыцця.
Калі галінка зрываецца з дрэва, з вінаграднай лазы, яна, безумоўна, не гіне адразу ж, не знікае, не перастае быць галінкай. Але ўсё ж яна абмірае, раней ці пазней страціць жыццё… Адзіная надзея — на прышчапленне, на вяртанне ў арганізм дрэва.
Для любой чалавечай асобы жыццё з’яўляецца сапраўдным настолькі, наколькі сапраўднымі і жывымі з’яўляюцца адносіны з Езусам. Менавіта Ён з’яўляецца крыніцаю і плёнам для кожнай асобы. У іншым выпадку чалавечы лёс бясплодны, бессэнсоўны, халодны і пусты. Ён абмяжоўваецца кароткай тленнасцю і канцэнтруецца на ўласным эгаізме ды штучным стварэнні фальшывых прыкметаў жыцця ў паміраючым арганізме.