Лад жыцця сучаснага чалавека, яго дасягненні і магчымасці неаднойчы натхняюць на спакуслівую, хоць не сапраўдную, думку пра людскую дасканаласць, незалежнасць, бязмежную веліч. У лёсе не адной чалавечай асобы ўпарты самападман пра ўласную самадастатковасць разбурыўся пры сустрэчы з суровай рэчаіснасцю бяздушных акалічнасцяў зямнога жыцця. Думаю, што зусім не абавязкова прыгадваць пра наймацнейшую з рэчаіснасцяў, якая сведчыць пра чалавечую слабасць — смерць.
Кожны чалавек, які атрымаў жыццё, сустракаецца са смерцю. Але і без яе ў нашай зямной вандроўцы хапае нагодаў, каб у чарговы раз пераканацца, наколькі слабым, далікатным, няпоўным і абмежаваным з’яўляецца чалавечае жыццё. Бадай, кожны мог бы прыгадаць у сваім жыцці моманты балючай несправядлівасці, дакучлівай пустэчы, глыбокай расчараванасці, непераадольнага смутку.
Сапраўдная веліч кожнага без выключэння чалавека не можа быць аўтаномнай, яна звязана з падзеяй, нават, дакладней сказаць, выплывае з факту Хрыстовага ўваскрасення. Сцэна сённяшняга фрагмента Евангелля радыкальна змяняе якасць гісторыі і адкрывае поўную сутнасць чалавечага жыцця. Распачынаецца перыяд святла, перамогі над слабасцю, цемраю, смерцю. Найважнейшай рэчаіснасцю новай эпохі з’яўляецца падзея трыумфальнага ўваскрасення Езуса Хрыста і вера ў гэты факт. Вера заўсёды з’яўляецца дарам, але таксама плёнам і наступствам пэўнага шляху, працы, пэўнага шукання.
Фрагмент Евангелля апісвае сцэну апусцелай магілы. Гэты кароткі эпізод напоўнены дынамізмам, рухам, хуткай зменай акалічнасцяў. Не літаральная бегатня Марыі Магдалены ці Апосталаў Пятра і Яна маюць надзвычайнае значэнне. Варта звярнуць увагу на іншы рух, іншыя хуткія перамены. У гэтай сцэне аўтар Евангелля звяртае ўвагу на пераход ад цемры, якая пакрывала зямлю ў той час, калі Марыя Магдалена накіравалася да магілы Пана, да святла веры і разумення Пісання, у якім прадказвалася ўваскрашэнне з мёртвых. Гэта шлях ад разглядання пустой магілы да ўпэўненай веры ў Хрыстова ўваскрасенне. Сённяшняя ўрачыстасць запрашае кожнага з нас прайсці менавіта гэтую дарогу.
Літаральна на вачах змяняецца і даспявае вера евангельскіх герояў. Марыя «ўбачыла» (пар. Ян 20, 1) адсунуты ад магілы камень і, расхваляваная, пабегла да вучняў. Пётр і другі вучань «пайшлі» (пар. Ян 20, 3) да магілы. Усё ж навіна, якую яны пачулі, не дазваляе ім проста ісці. Яны «пабеглі» (пар. Ян 20, 4) абодва разам. Другі вучань пабег хутчэй, прыбыў да магілы першы і, «заглянуўшы, убачыў» (пар. Ян 20, 5) палотны. Пётр, калі прыйшоў, «увайшоў у магілу і ўбачыў» (пар. Ян 20, 6). Заўважце, як дзеясловы цудоўна адлюстроўваюць паасобныя крокі набліжэння да галоўнай ісціны. «Убачыла», «пайшлі», «пабеглі», «заглянуўшы, убачыў», «увайшоў у магілу і ўбачыў», і нарэшце «ўбачыў і паверыў» (пар. Ян 20, 8).
Тым другім вучнем з’яўляецца апостал Ян, аўтар сённяшняга ўрыўка Евангелля. Такім чынам, яго словы з’яўляюцца асабістым сведчаннем даспявання яго веры. Ян не шукаў, не дамагаўся адмысловых аргументаў, знакаў веры, як, напрыклад, Апостал Тамаш, але, убачыўшы пустую магілу, паверыў, зразумеў, пасталеў. Гэтага было дастаткова. Шэраг дробных крокаў, якія апісваюцца аўтарам, пераконвае нас у рэальнасці ўваскрашэння. Магіла сапраўды засталася пустой. Езус уваскрос. Пазнейшыя сцэны сустрэчы вучняў з уваскрослым Езусам не з’яўляюцца прывідамі, з’явамі, містыкай, але сустрэчай з рэальнай, жывой Асобай.
Уваскрасенне Хрыста — гэта канчатковы пераход ад цемры да святла. Марыя Магдалена вырушыла ў дарогу, калі было яшчэ цёмна, але аб Хрыстовым уваскрасенні пераканалася днём, пры поўным святле. Пайшла да магілы, а сустрэла Жывога. Вобразы цемры і святла ў вучэннях Езуса займаюць галоўнае месца. Святло — гэта Ён. Даверыцца Езусу — гэта адзіны спосаб перамагчы дакучлівую несправядлівасць цемры. Цемра — гэта рэчаіснасць страху, граху, бяссілля, фальшывай самаўпэўненасці і падданасці спакусам і эгаізму. Без Езуса, без адзінай сапраўднай крыніцы святла цемра назаўсёды застаецца чорнай цемрай.
Заданне хрысціяніна — шукаць Пана. У жыцці нас сустракаюць большыя і меншыя няўдачы, бываюць расчараванні і смутак, але для веруючага ў Пана гэтыя падзеі не могуць быць апошнімі. Чалавек павінен рабіць намаганні, шукаць, не апускаць рукі, не затрымлівацца, ісці далей, бегчы... Нават калі сустракаемся з драматычнай рэчаіснасцю смерці, варта непахісна спадзявацца на Пана і шукаць Яго. Ён сапраўды ўваскрос!
Айцец Алег Шэнда OFMCap