2 П 3, 8–14
Мк 1, 1–8
Жыццё. Само людское жыццё з’яўляецца няпростым, працавітым вандраваннем, пілігрымкай па шматлікіх ды разнастайных зямных пуцявінах. Аднойчы гэта падарожжа бывае прыемным і салодкім, іншы раз — турботным і загадкавым. Бываюць на гэтым шляху этапы расчараванняў, непераадольнай бяссільнасці ці нават роспачы.
Некаторым усё ж удаецца гэту дарогу шпарка праслізнуць амаль бесклапотна, не напрацаваўшыся, не стаміўшыся, не адчуваючы смаку жыцця... Другія адважна і рупліва пераадольваюць нават сур’ёзныя жыццёвыя перашкоды, імкнучыся дасягнуць выразнай мэты свайго падарожжа. Яшчэ іншым даводзіцца паблукаць, багата патаптацца па незнаёмых дарогах, пакуль адкрыюць тую, сапраўдную сцяжыну, на якой не змарнуюць дадзеннага ім жыцця.
Адзін у сваім вандраванні самаўпэўнена і вераломна прасоўваецца наперад, не асабліва звяртаючы ўвагу на акалічнасці і мэту падарожжа. Іншы больш пакорна і разважліва распытаецца куды дарога? Ці ёсць бліжэйшая? Як тое абмінуць? Там адпачне, тое перачакае, да нечага лепш падрыхтуецца. Колькі чалавечых жыццяў, столькі спосабаў, шляхоў, лёсаў…
Чалавечае жыццё — гэта адказнае заданне, наўрад ці яго можна адолець сходу, напралом, як-небудзь, абы наперад. Дадзенае жыццё, гэта не адзін з этапаў віртуальнай гульні, у якой, калі будзеш расстраляны, узарваны ці з’едзены іншапланецянамі, то самае большае — гульню прыйдзецца распачаць нанава, яшчэ раз, ад пачатку. Не. У жыцці ўсё сапраўднае, дадзенае аднойчы. Адказнасць за жыццё не дазваляе яго прагуляць, прабыць, прачакаць. Яна заклікае яго рэалізаваць, споўніць, пражыць, пражыць па-чалавечы.
Істотнай рысай чалавечага жыцця з’яўляецца пачутае намі ў мінулую нядзелю «чувайце». Стан чування, чакання надае сэнс нашай штодзённасці. Ён не столькі засяроджвае нашу ўвагу на тым, што мы робім, колькі кіруе нас да Таго, для Каго робім, Каго чакаем, для Каго жывём? Усвядоміўшы гэту асобасную сутнасць чалавечага жыцця, як бы аўтаматычна нараджаюцца пытанні, як мы гэта робім, як чакаем, як жывем.
Пачутае тыдзень таму «не ведаеце, калі настане час той» у святле сённяшняга Божага Слова лагодна губляе сваю катэгарычнасць. Безумоўна, мы не даведаліся канкрэтнай гадзіны, але заклікі слугаў Пана, якія чуем сёння, настолькі ясныя, што Гаспадар, якога чакаем, падаецца быць ужо вельмі блізкім, амаль прысутным. Ягоная прысутнасць яшчэ не стала поўнай рэчаіснасцю, але ўжо з’яўляецца канкрэтнай, яскравай сапраўднасцю. Яна адсланяе, агаляе таямнічую і высокую сутнасць чалавечага падарожжа, якое называем зямным жыццём, — асабістую сустрэчу з Богам.
Калі чуем годнае, урачыстае «падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце ў стэпе шлях нашаму Богу», самі сабой адыходзяць на далейшы план будзённыя вазня і клопаты, а засяроджваемся на хуткім прыбыцці, надыходзе Гаспадара. Заўваж, Сябра, у гэтай вестцы няма і кроплі трывогі ці страху. Наадварот, прарок кліча «зрабі моцным голас свой, не бойся». Прыбыццё Пана — гэта свята, але свята яшчэ не зараз, яшчэ чакаем. Гаспадар нібы знарок затрымліваецца, высылае сваіх слугаў, каб папярэдзіць пра свой надыход, Ён як бы не хоча застаць нас знянацку, непадрыхтаванымі. Ён не шукае нагоды, каб праверыць, прыдрацца, пакараць. Як кажа апостал Пётр, «не марудзіць Пан з выкананнем абяцання, Ён доўгацярплівы да нас. Ён не хоча каб нехта загінуў, але хоча, каб усе прыйшлі да пакаяння». Пан блізка, пражыць жыццё яшчэ раз не паспеем, нават калі б мелі такую магчымасць, але ёсць час зрабіць самае важнае.
Сугучным з прадказаннем прарока Ісаі з’яўляецца заклік Яна Хрысціцеля: «Падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму». Гэта не нейкія іншыя сцежкі, гэта сцежкі жыцця. Сцежкі непрахадныя, яны хіба моцна закручаныя, ці нечым заваленыя… Сябра, сам факт высылання папярэдніка сведчыць пра тое, што мы не гатовыя сустрэцца з Панам. Ён пра гэта ведае, высылае звестуноў, чакае, каб мы сталіся годнымі гэтай сустрэчы.
Ян абвяшчаў хрост пакаяння. У сваім прапаведаванні папярэднік Хрыста пакорна вучыць, што гэты хрост — яшчэ не той самы хрост, якім будзе хрысціць Езус. Цэнтральным у служэнні Яна Хрысціцеля з’яўляецца заклік да пакаяння. Менавіта яно з’яўляецца тым дзейсным, што раўняе скрыўленыя сцяжыны нашага жыцця, тым важным, да чаго нас схіляе навіна пра вяртанне Гаспадара, тым рашаючым, што робіць нас здольнымі сустрэцца з Панам. Пакаянне — умова сустрэчы з Богам. Пакаянне — гэта не шустра замеценае пад палавік смецце, не нервова хаваныя ў шафу рэчы, не апрананне святочнай кашулі, не чужое, бяздумнае, а таму і пустое «sorry».
Пакаянне — гэта не часовыя, халодныя слёзы шкадавання ды нават і не прыніжаючае ўмольванне. Пакаянне — гэта трывалая змена кірунку і мэты жыцця, рэальная перамена ў ментальнасці, змена ў тым, што выбіраем, да чаго імкнёмся, чаго прагнем. Пакаяцца — гэта імкнуцца зразумець Айца, а не капрызна патрабаваць ад Яго выканання маіх жаданняў, гэта выконваць Яго волю, а не жулліва абкрадаць Ягоную шчодрасць. Пакаяцца — гэта станавіцца сынам, даверыцца Айцу, які надае сэнс нашаму жыццю і з’яўляецца нашым верным спадарожнікам. Пакаянне — гэта не кароткі ўданы момант, а канкрэтны змест чування, чакання Гаспадара. Гаспадара, Якога не трэба баяцца, бо Ён — тата.
Калі праца пакаяння будзе рэальна прысутнай у нашай штодзённасці, то жыццёвая дарога, нягледзячы на завеі, размывы ці іншыя перашкоды, будзе змястоўным шляхам у шчаслівую будучыню. Амэн.
Айцец Алег Шэнда OFMCap