«Ніхто з вас, калі не пакіне ўсяго, што мае, не можа быць Маім вучнем».
Дарагія браты і сёстры!
Пачуўшы сённяшняе Евангелле, можам сабе ўявіць, які моцны рэзананс выклікалі словы Езуса, калі Ён звярнуўся да вялікага натоўпу, што крочыў за Ім. З гэтага і распачынаецца сённяшняе Евангелле: «Шмат людзей ішло за Езусам». І гэта зразумела, бо столькі цудаў, столькі аздараўленняў Ён здзейсніў за гэты час, што проста не мог быць не заўважаным. А Ягоная папулярнасць узрастала сярод людзей, бо чуткі пра Яго вельмі хутка разнесліся за межы Назарэта.
Напэўна, гэта цудоўна, што столькі людзей гарнулася да Езуса, аднак пытанне: з якой мэтай тыя людзі крочаць за Ім? Магчыма, нейкая частка іх была глыбока зацікаўлена постаццю Настаўніка з Назарэта, некаторыя, магчыма, патрабавалі аздараўлення або мелі нейкія асабістыя пытанні і просьбы, якія хацелі прадставіць Езусу. Але былі і такія, якія гналіся за сенсацыяй або жадалі праверыць: ці сапраўды Езус такі, як пра Яго кажуць. Паколькі Езус ведае намеры людзей і іх сэрцы, то Ён звяртаецца да іх словамі, якія не ўсе тады маглі зразумець, ды і сёння гэтыя словы нас могуць крыху бянтэжыць.
Уся складанасць гэтых словаў Езуса заключаецца ў суровым рыгарызме адносна таго, як быць Яго вучнем: «Калі хто прыходзіць да Мяне і не зненавідзеў бацькі свайго, і маці, і жонкі, і дзяцей, і братоў, і сясцёр, і нават жыцця свайго, той не можа быць вучнем Маім».
Вельмі нялёгка гучаць гэтыя словы для нашага вуха. Але ці так літаральна належыць іх разумець? Безумоўна, не. Яны маюць крыху іншае значэнне. Давайце прыгледзімся да ланцужку тых, хто пералічаны ў гэтым спісе. Спачатку ідуць бацькі, потым жонка, дзеці і напрыканцы браты, сёстры і ўласнае жыццё. Што гэта значыць?
Па-іншаму гэты ланцужок можна назваць іерархіяй роднасці ў жыцці чалавека. Хто спачатку на першым месцы ў нашым жыцці? Бацькі, канешне. Потым чалавек вырастае, закладае сям’ю, значыць, у яго ёсць сужэнец, ёсць дзеці, і затым у гэтай іерархіі ёсць месца на братоў, сясцёр, сяброў — тых, хто для нас блізкі праз кроўнасць або сяброўства.
Што значыць «зненавідзець», які сэнс укладае ў гэтае слова Езус? Насамрэч, Езус не жадае, каб мы кагосьці ненавідзелі або адносіліся з пагардай да блізкіх і родных нашаму сэрцу людзей. Тым больш як тады быць з запаведдзю «шануй бацьку свайго і маці сваю»?
Дарагія браты і сёстры! Справа крыху ў іншым. Езус хоча сказаць, што ў гэтай іерархіі роднасці, якая пачынаецца ад бацькоў, а заканчваецца братамі і сёстрамі, месца для Бога павінна быць НУМАРАМ АДЗІН. Не ў сярэдзіне, не ў канцы, але на самым пачатку гэтага ланцужку: спачатку Бог і Яго воля, а затым бацькі, сям’я, браты і сёстры. Вось што значыць у гэтым кантэксце слова «зненавідзець». Паставіць на першае месца гэтай іерархіі Бога. Няма іншай дарогі, каб стаць вучнямі Езуса.
Затым Езус кажа наступнае: «Хто не нясе крыжа свайго і не ідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем». Словы гэтыя збольшага нам зразумелыя: крыж — гэта ўсе выпрабаванні, цяжкасці, пакуты і жыццёвыя досведы, якія мы можам спаткаць у сваім жыцці. Калі мы здольныя гэты цяжар у пакоры ўзяць на свае плечы, то гэта і ёсць своеасаблівы крыж, з якім мы ідзём па слядах Езуса, наследуючы Яго, і толькі тады мы годныя сапраўды называцца Яго вучнямі.
А метафары пра вежу і пра караля, якія гучаць у сённяшнім урыўку, узмацняюць галоўную думку аб тым, як быць вучнем Хрыста. Гэта вялікае і адказнае заданне, што вельмі добра адлюстроўваецца ў вобразах вежы і караля. Як карольз’яўляецца самым высокім і галоўным сярод усіх сваіх падданых, так і вежа ўзвышаецца па-над іншымі будынкамі. І як у выпадку вежы, так і ў выпадку караля патрэбна мудрасць і разважлівасць. Бо калі гэтага не стане — як будзе выглядаць недабудаваная вежа? Або кароль, якога разграмілі і ўзялі ў палон?
Дарагія браты і сёстры! Езус сёння нам кажа, каб мы, будучы Яго вучнямі, не былі падобнымі да недабудаваных вежаў, з якіх іншыя смяюцца, або таксама не былі падобнымі да каралёў, неразважлівы крок якіх можа прывесці да канчатковага фіяска. Калі мы хочам стаць сапраўднымі вучнямі Хрыста, нам трэба паставіць Бога на першае месца ў сваім жыцці, не баяцца жыццёвых цяжкасцяў, але прымаць іх з пакораю, так, як і Езус з пакораю ўзяў крыж на свае плечы. Толькі так мы зможам пакінуць усё, што маем, і быць вучнямі Езуса. Амэн.
А. Андрэй Авен OCD
Гамілія на ХХІІІ Звычайную нядзелю, Год С (4 верасня)
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання
Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .