«Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю».
Дарагія браты і сёстры!
Напэўна, не памылюся, калі сцверджу, што кожны з нас, калі не рэгулярна, то дастаткова часта адчувае недахоп супакою: як у сабе, так і вакол сябе. Калі наша сэрца неспакойнае, то мы не толькі адчуваем дыскамфорт, але неспакой, які ў нас, вельмі часта прыносіць нам боль. Мы пачынаем мітусіцца, не знаходзячы сабе месца. Такі праблемны неспакой існуе ў розных галінах нашага жыцця: не хапае яго ў сэрцы, на працы з калегамі таксама адчуваецца неспакой або напружанне, а таксама ў думках, у адносінах з людзьмі і, канешне, у сям'і. Што рабіць, каб не згубіць гэтай такой далікатнай раўнавагі? Калі б супакой можна было набыць у краме, то, напэўна, гэта быў бы найбольш пажаданы і папулярны прадукт. Тым часам купіць супакой не атрымаецца, бо і ў крамах яго не прадаюць.
Усе мы шукаем супакою, суцішэння, гармоніі як унутранай, так і знешняй, і часамі гатовыя заплаціць за гэта любую цану. І ў гэтым пошуку мы неаднойчы трапляем у небяспечныя сітуацыі, складаныя, за якія прыходзіцца ў будучыні шкадаваць. Бо ёсць тыя, хто паспрабаваў знайсці супакой у злоўжыванні алкаголем, хтосьці думаў, што атрымае супакой, калі будзе набываць каштоўныя рэчы, ёсць і тыя, хто адважыўся знайсці супакой у нянавісці ці нават вайне. Якую цану заплацілі людзі за падобныя пошукі супакою? Яны не толькі не знайшлі супакою і цішы, але памножылі праблемы і пакуты, як для сябе, так і для іншых людзей. Цяжка паверыць, што ёсць такія людзі, якія ўпэўнены, што знойдуць супакой толькі ў тым выпадку, калі помсцяць сваім ворагам; яны жывуць яшчэ прынцыпам Старога Запавету, скрытыкаваным некалі самім Езусам: «вока за вока, зуб за зуб».
Умілаваныя браты і сёстры! Каб знайсці супакой, важна ведаць, што ён з'яўляецца не чымсьці, але Кімсьці. Так, супакой — гэта асоба. Езус Хрыстус з'яўляецца нашым супакоем: «Цяпер жа ў Езусе Хрысце вы, што калісьці былі далёка, сталіся блізкімі праз кроў Хрыстову, бо Ён — супакой наш...» (Эф 2, 13-14). Калі зазірнем у Стары Запавет, то ўбачым, што ўжо ў VII стагоддзі перад нараджэннем Хрыста прарок Ісая называе Езуса Князем Супакою і, калі Езус Хрыстус нараджаецца ў горадзе Давіда, анёлы спяваюць: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі» (Лк 2, 14).
Сёння ў Евангеллі таксама чуем словы Езуса, які, адыходзячы з гэтага свету, дае нам гэты дар: «Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам». І пасля дадае вельмі важныя словы, якія датычаць гэтага дару: «Не так, як дае свет, Я вам даю». Гэтыя словы нашага Збавіцеля становяцца запаветам, які Ён пакідае ў час Апошняй Вячэры, перад сваёй смерцю на крыжы. А давайце ўспомнім першыя словы Езуса, якімі Ён пасля ўваскрасення звернецца да сваіх вучняў, сабраных у вячэрніку: «Супакой вам!»
Аўтарытэт Езуса калісьці хацелі выкарыстаць для сваіх мэтаў розныя людзі ці нават цэлы натоўп, калі хацеў Яго схапіць і прымусова зрабіць каралём. Іншыя хацелі бачыць Езуса ваяром, рэвалюцыянерам, змагаром за незалежнасць, аднак Езус паказаў, кім з'яўляецца насамрэч і за якія каштоўнасці змагаецца. Уваскрослы Хрыстус паказвае сваім вучням раны ад цвікоў і дзіды – такой стала цана здабытага супакою. Смерць на крыжы прынесла супакой — для чалавечага розуму, пазбаўленага святла веры, гэта здаецца чымсьці незразумелым, нават абсурдным.
Аднак гэтае змаганне прынесла не толькі доўгачаканы супакой, але і перамогу над грахом і дар вечнага жыцця. Езус ніколі не прапагандаваў збройнага ваеннага змагання. Калі Яго схапілі ў Аліўным садзе, то Езус забараніў Пятру абараняцца мечам: хто мечам сячэ, ад яго ж і гіне. Ён мог нават дазволіць войскам нябесным абараніць Сябе, але не зрабіў гэтага. Многія, стоячы ля крыжа Езуса, чакалі цуду, калі Ён сыдзе з крыжа і расправіцца з крыўдзіцелямі, але так і не дачакаліся, бо не ў гэтым быў сэнс крыжа і пакутаў нашага Збавіцеля... Сэнсам стаў супакой і паяднанне. Толькі ў Езусе Хрысце чалавек поўнасцю здольны прымірыцца, падаючы іншаму руку, і гэтае прымірэнне будзе глыбокім і сапраўдным. Інакш, без Езуса, гэты супакой будзе вельмі павярхоўным, абмежаваным ветлівасцю. Тым часам сапраўдны супакой нам дае толькі Езус.
Дарагія! Для нас Езус становіцца ўзорам прабачэння. Як часта здараецца ў нашым жыцці, што нам бывае цяжка камусьці прабачыць. Нас так зранілі, скампраметавалі, высмеялі, што мы толькі сціснулі рукі ў кулакі і пастанавілі, што не прабачым свам крыўдзіцелям. Такім чынам мы падсвядома імкнемся ім адпомсціць сваёй абыякавасцю або ігнараваннем, для нас тыя людзі перасталі існаваць. Аднак гэта няправільна. Аб гэтым нам выразна кажа сёння Езус, падкрэсліваючы словы: «Не так, як дае свет, Я вам даю (супакой)». Калі нам цяжка прабачыць тым людзям, хто нас пакрыўдзіў, узгадаем словы Езуса на крыжы: Яму, напэўна, было не лягчэй, чым нам, тым не менш Ён казаў: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць...» Таму, даражэнькія, шукайце супакою там, дзе ён напэўна ёсць, і памятайце, што супакой – гэта не што, а Хто.
Адзін сумленны чалавек трапіў у вечнасць. Там ён знайшоў святога Пятра і папрасіў яго правесці экскурсію па новым свеце. Спачатку яны прыйшлі ў прасторную залу з вялікім натоўпам людзей. У цэнтры гэтай залы стаяў вялізны кацёл з кіпячым супам. Людзі былі худыя і галодныя, і ў кожнага з іх была даўжэзная лыжка ў чалавечы рост, з якой кожны імкнуўся дацягнуцца да катла, каб зачэрпнуць суп і падсілкавацца. Гэтыя людзі лезлі адзін на аднаго, штурхаліся, біліся, каб толькі любым коштам дацягнуцца да катла і насыціцца, але лыжка была занадта доўгая, а суп гарачы, таму нават калі хто і мог зачэрпнуць сабе супу, не разліць яго было немагчыма. «Вось гэта пекла», — сказаў апостал Пётр і павёў гэтага чалавека ў іншую залу. Там таксама было шмат людзей, пасярэдзіне таксама стаяў велізарны кацёл, у людзей былі такія самыя доўгія лыжкі, толькі ў адрозненне ад папярэдняй залы тут было ціха і спакойна, усе былі сытыя. Чаму? Таму што яны раздзяліліся на пары і накармілі адзін аднаго. Гэта быў рай.
Дарагія браты і сёстры! Супакой — вельмі каштоўны дар, і Хрыстус хоча, каб кожны з нас яго меў. Разам з дарам супакою Езус дае нам свайго Духа і дае нам заданне, каб мы жылі Добрай Весткай і дзяліліся ёю з іншымі, пачынаючы ад сваёй сям'і. Калі хочаш змяніць свет, пачні ад сябе, калі хочаш знайсці супакой, паяднайся з Богам і бліжнімі. Свет не здольны даць нам сапраўдны супакой, нездарма вядомая лацінская прыказка кажа: «Si vis pacem para bellum» - «Хочаш супакою, рыхтуйся да вайны». А якога супакою прагнеш і шукаеш сёння ты? Амэн.
А. Андрэй Авен OCD
Гамілія на VI Велікодную нядзелю, Год С (1 мая)
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання
Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .