Пошук

21.04.2016 16:20  

«Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго».

Дарагія браты і сёстры!

Літургія сённяшняга нядзельнага дня абвяшчае нам будучую перспектыву і тлумачыць яе сэнс. Другое чытанне, якое мы з вамі пачулі, прадстаўляе неверагодную карціну будучай рэчаіснасці. У кнізе Апакаліпсісу святы Ян кажа пра новае неба і новую зямлю: я, Ян, убачыў новае неба і новую зямлю.

Дарагія! Калі ўзяць пад увагу цуд уваскрасення Езуса, то ён ужо сам па сабе паказвае незвычайную магчымасць ажыўлення памерлага, вяртання яго да жыцця, што супярэчыць закону прыроды. Чалавек сам па сабе не здольны вярнуцца да жыцця, калі ён памёр. Аўтар чытання паказвае перамяненне ўсёй зямной рэчаіснасці. Паколькі Езус змог ажывіць і перамяніць сваё чалавечае цела, якое перад гэтым было памерлым, то Ён, той самай моцай, здольны ажывіць і перамяніць усю матэрыяльную рэчаіснасць.

Перад намі ўзнікае даволі важнае пытанне: як нам, веруючым хрысціянам, быць больш свядомымі гэтай праўды, праўды аб тым, што настане новае неба і новая зямля? І як нам самім паспрыяць гэтаму? Мае дарагія, на гэтым шляху можна вылучыць тры этапы.

Першы этап – гэта пазітыўны погляд на ўсю справу Божага стварэння. Як чытаем у Бібліі: яно добрае. У Кнізе родаў, а менавіта ў апісанні стварэння свету і паасобных яго элементаў, натхнёны аўтар паўтарае фразу, быццам псальмавы рэфрэн: “А бачыў Бог, што справы Яго былі добрымі”. Калі надыходзіць момант стварэння чалавека, то далей чытаем: “Бог бачыў, што ўсё, што Ён учыніў, было вельмі добрым”. Таму мы, як веруючыя хрысціяне, павінны мець такі ж самы погляд, як наш Стварыцель, а менавіта: нам трэба бачыць цэласнасць усёй Божай справы і, акрамя гэтага, таксама бачыць, што Божая справа стварэння па сутнасці сваёй з’яўляецца добрай.

Другі этап – гэта працяг першага, калі мы стараемся ўдасканаліць гэты наш погляд на чалавецтва, зямлю, космас і ў гэтым бачыць сэнс кожнага добрага ўчынку. Бо чыніць дабро – гэта якасць самога Бога. Бо толькі добры чын з’яўляецца супрацоўнікам Бога, кожны добры чын удзельнічае ў стварэнні свету, і толькі такі чын мае перспектыву вечнасці. Добры ўчынак несмяротны.

Мае дарагія, кожны добры ўчынак, нават самы дробны: усмешка, скіраваная да сябра, пацісканне рукі слабага чалавека, кубак вады, пададзены прагнучаму, час, ахвяраваны на тое, каб пабыць разам з хворым ці церпячым, – усе гэтыя і падобныя ўчынкі змяшчаюць у сабе вымярэнне вечнасці. Часта мы гэтага не заўважаем, але менавіта на такіх дробязях, быццам на фундаменце, будуецца ўсё нашае жыццё. І той, хто здольны ўбачыць гэтае дабро, той таксама здольны гэтае дабро наследаваць, а значыць яго рабіць і тым самым ацэньваць рэчаіснасць па-іншаму. Карыстаючыся катэгорыямі дабра.

І, урэшце, трэці этап – гэта глыбокая вера ў тое, што Бог сваёй моцай здольны ажывіць нашыя сэрцы і перамяніць іх. Што Бог таксама можа знішчыць усе наступствы нашых дрэнных учынкаў: як у нашых сэрцах, так і ва ўсім навакольным свеце. Бог валодае дзівоснай сілай, якую аб’явіў у час свайго ўваскрасення.

Дарагія! Напэўна, большасць з нас хацела б, каб навакольны свет хоць трошкі змяніўся ў лепшы бок, каб у ім было менш слёз, каб не памнажаліся чалавечыя трагедыі, катастрофы і катаклізмы, каб не было чуваць пра тэрарыстычныя акты, каб было менш войнаў, менш голаду, менш крыўдаў і зайздрасці. Ці гэта магчыма?

Другое чытанне выразна ўказвае на Бога, які кажа: вось чыню ўсё новае. Гэтыя словы становяцца асновай для нашай надзеі: калі мы да нашых чалавечых учынкаў і намаганняў далучым моц Бога. Калі не абмяжуемся толькі сваімі чалавечымі здольнасцямі і магчымасцямі, але дазволім увайсці ў нашае жыццё Богу, тады ёсць шанец гэтых перамен. Бо тады ўсе свае перамены мы распачнём з саміх сябе.

Мае дарагія! Без Бога мы можам прыгожа збудаваць толькі вавілонскую вежу, лёс якой усім нам добра вядомы. Які яе фінал? Правільна – руіны. Але калі архітэктарам нашай «вежы» стане Бог, тады гэта будзе не вежа, але прыгожы, моцна і якасна збудаваны дом, і вось тады будуць здзяйсняцца ўжо зараз пачутыя намі з кнігі Апакаліпсіса словы пра новае неба і зямлю.

На практыцы новая зямля можа ўзнікнуць толькі на грунце новай запаведзі, якую дае Езус: «Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Як Я палюбіў вас». Толькі калі мы жывём паводле гэтага прынцыпу, ёсць магчымасць рэалізаваць гэтыя перамены, пабудаваць нешта сапраўды новае, паводле Божай волі. Ніякая іншая дзейнасць зрабіць гэта не здольная. Нават калі ў нас будуць усе патрэбныя да гэтага магчымасці, самыя лепшыя інструменты, найлепшая каманда сумленных будаўнікоў, - калі гэта не Божая справа, то, на жаль, вынікі нашага будаўніцтва будуць сумнымі. Не палітычныя перавароты, ні рэвалюцыі не ў сілах па-сапраўднаму змяніць чалавека, яго лад і жыццё ў грамадстве. А сведчыць аб гэтым гісторыя – фінал такой дзейнасці ў большасці трагічны.

Дарагія браты і сёстры! Мы веруючыя хрысціяне, мы вучні Езуса і пакліканы да таго, каб мець у сабе жаданне і сілы змяніць свой маленечкі свет. Гэта значыць пачаць перамены ад самога сябе. Калі гэта атрымаецца, то значна лягчэй будзе нам паўплываць на асяроддзе, у якім мы знаходзімся. Так рабілі апосталы і вучні Езуса, і Бог вёў іх далей, пакуль яны не змянілі аблічча зямлі. Вось тут адбылася сапраўдная рэвалюцыя. Бо не агнём і мечам перамяняецца гэты свет, але праз новую запаведзь, якую даў нам Збавіцель, каб мы любілі адзін аднаго той любоўю, якой нас палюбіў Бог. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця