Пошук

03.03.2016 15:38  

«Устану і пайду да бацькі майго, і скажу яму: Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою».

Дарагія браты і сёстры!

Сёння мы з вамі пачулі вельмі вядомы ўрывак з Евангелля паводле Лукі. Класічная прыпавесць, вядомая хіба ва ўсім свеце, якую можна назваць прыпавесцю аб марнатраўным сыне, ці аб двух марнатраўных сынах, або прыпавесцю аб міласэрным бацьку. Нас могуць здзіўляць розныя назвы гэтай прыпавесці, аднак, нягледзячы на такую багатую разнастайнасць усіх гэтых назваў, ёсць тое, што іх злучае. І, як вы ўжо здагадаліся, злучае іх тэма прабачэння. Таму хачу сёння разам з вамі засяродзіцца менавіта на тэме прабачэння і  паразважаць, наколькі гэта важная і актуальная для кожнага з нас тэма. Давайце прыгледзімся бліжэй да сённяшняга Евангелля.

Малодшы сын... Здаецца, у цэлым ён нават і не пакрыўдзіў свайго бацьку, магчыма, яго рашэнне было толькі несвоечасовым, злёгку паспешлівым. Ён узяў тую частку маёмасці, якая яму належала, і належала па праву. І, калі на гэтую сітуацыю паглядзець спакойна, то на першы погляд нам будзе здавацца, што ўсё ў парадку: чаму б не ўзяць тое, што мне належыць. Аднак гэты смелы ўчынак малодшага сына, яго раптоўны адыход з бацькоўскага дома, сам факт гэтага адыходу па сваёй сутнасці глыбока кранае бацькоўскае сэрца. Інакш кажучы, бацька моцна перажывае адыход свайго сына.

Што паўплывала на гэты адыход? Цяжка сказаць, прычын магло быць шмат. Магчыма, сын згубіў давер да свайго бацькі, або захацеў цалкам адчуць сябе незалежным. Або штосьці іншае...

Якой бы ні была прычына, вынік яе – тое, што сын пакідае бацькоўскі дом і адыходзіць у далёкую краіну. Ён поўнасцю даверыўся сваім сілам і сваім магчымасцям. Як кажуць, стаў на свае ногі. Напэўна, думаў ён, я дарослы, сталы і адэкватны чалавек, хачу жыць сваім жыццём, навошта мне бацька пад бокам. Навошта мне яго натацыі ды «мудрасныя» парады. Я ўжо вырас і магу сам аб сабе паклапаціцца. Такім чынам, малодшы сын паставіў сваю свабоду і сваё маладое прыгодніцкае жыццё вышэй за сыноўнюю любоў да свайго бацькі. І гэтым зрабіў вельмі вялікую памылку, аб выніку якой нам далей распавядае гэтая прыпавесць.

Дарагія, калі мы правядзем паралель паміж гэтай прыпавесцю  і нашым жыццём, то я перакананы ў тым, што мы можам убачыць вельмі шмат падобнага. Вось паглядзіце. Кожны грэх, які мы ўчынілі, робіць з нас марнатраўнага сына або марнатраўную дачку. Мы забіраем з сабою духоўныя плёны, якія ёсць у нашых сэрцах, бо нам іх шчодра дае Бог, і адыходзім з гэтымі дарамі і духоўным плёнам далёка ад Бога.

А калі мы ад Яго далёка, то раней ці пазней гэты духоўны патэнцыял пачне ў нас заканчвацца і наша духоўная маёмасць будзе знікаць яшчэ хутчэй, чым энергія ў мабільніках, якія даўно не былі на падзарадцы. І што тады? Мы адчуем голад. Так, як яго адчуў малодшы сын. Бо мы застанемся сам-насам з нашымі клопатамі і праблемамі, толькі сіл на іх вырашэнне ў нас ужо не будзе.

Давайце прыгледзімся да асобы бацькі з сённяшняй прыпавесці. Бацька, паводле слоў Езуса, любіць свайго сына. Зрэшты, з прыпавесці вынікае, што сваіх сыноў ён любіць аднолькава. Няма такога, што адзін любімец і фаварыт, а другі ніхто. Бацька вельмі цэніць свабоду свайго малодшага сына. Заўважце, ён мог бы не пусціць яго ў далёкі край, але паколькі той рашуча настаяў, то бацька яму саступіў. Вось, бяры, сынок, тое, што тваё, і, калі сапраўды гэтага хочаш – хочаш самастойнага жыцця далёка ад мяне, – то ідзі, я цябе не трымаю. Але хачу сказаць, што вельмі цябе люблю і не хачу, каб ты мяне пакідаў. Але ёсць, як ёсць. Хачу, каб у будучыні ты з гэтага меў урок мудрасці. Хачу, каб гэты твой адыход чамусьці цябе навучыў.

Ці не падобна, дарагія браты і сёстры, ёсць у нашым жыцці? Тое ж самае адбываецца. Бог не трымае нас насільна пры сабе. Ён паказвае нам, што ёсць дабро, што зло, і заклікае, каб мы выбіралі дабро. Бо дзеля дабра мы створаны. Але нас да такога выбару Бог не змушае. Мы самастойна выбіраем. Вынік гэтага бывае розны. Калі наследуем малодшага сына, то адназначна спачатку аддаляемся ад Бога, але заўсёды ёсць шанс вярнуцца. Калі мы наследуем старэйшага сына, то спачатку мы поўныя эгаізму, не жадаем слухаць Бога, а затым перад намі выбар: ці прыняць запрашэнне бацькі, ці так і застацца самалюбным эгаістам, стоячы ля парога свайго дома і не жадаючы ўвайсці. Зноў жа мы знаходзімся перад выбарам.

І заўважце, калі ласка,  яшчэ адзін момант: бацька не робіць прэтэнзій свайму малодшаму сыну, калі той вярнуўся. Сын пакаштаваў гэтага самастойнага жыцця, і што з гэтага выйшла? Колькі наймітаў працуе ў майго бацькі, і ўсе яны маюць удосталь хлеба. Збяруся ж і пайду да свайго бацькі, схілю перад ім галаву і скажу, што я зграшыў супраць неба і перад табою і не варты ўжо называцца тваім сынам.

І якая рэакцыю бацькі? Ён кажа сваім слугам, не стрымліваючы хвалявання: “Прынясіце хутчэй найлепшую вопратку і апраніце яго, і дайце пярсцёнак на руку яго і сандалі на ногі. Прывядзіце адкормленае цяля і зарэжце. Будзем есці і весяліцца, бо гэты сын мой быў памерлы і ажыў, прапаў і знайшоўся”.

Мае дарагія! Напэўна, добры Бог адчувае вялікую радасць, калі грэшны і слабы чалавек вяртаецца да Яго. Малодшы сын – гэта ўзор сапраўднага навяртання для кожнага з нас:  “Ойча, я зграшыў супраць неба  і перад табою!” Міласэрны бацька, адпускаючы малодшага сына, насамрэч не толькі аддаў яму належную частку маёмасці (маёмасць – гэта толькі тое, што па праву належала яго сыну), разам з ёю ён даў нешта большае, а менавіта сваё сэрца, сваю бацькоўскую прыхільнасць і любоў. Толькі малодшы сын не адразу гэта зразумеў, ён узяў толькі тое, што бралася: матэрыяльныя каштоўнасці, спадчыну, а любоў бацькі спазнаў пазней, калі прыціснула гора. Бацька ўвесь час яго чакаў, бо, калі той вяртаўся, бацька выйшаў яму насустрач, калі ягоны сын быў яшчэ далёка ад дома.

Ці не так адбываецца ў нашым жыцці? Міласэрны Айцец выходзіць насустрач нам, калі мы яшчэ толькі ўваходзім на дарогу навяртання. Калі толькі пачынаем думаць аб паяднанні з Богам, Ён ужо выходзіць нам насустрач. А сваім анёлам загадвае, каб апранулі нас у вопратку Божай ласкі, каб далі нам персцень годнасці Божых дзяцей...

Дарагія! Кожны грэшнік, які навяртаецца, перажывае ўсё тое самае, што і марнатраўны сын. Кожны з нас можа адкрыць, што Божыя дары і ўсё тое, што мы можам атрымаць ад Бога, можна таксама хутка згубіць, але мы ніколі не згубім Божай любові. Ніколі наш грэх не зменіць меркаванне Бога, міласэрнага Айца, да нас, марнатраўных дзяцей. І шлях вяртання да роднага дому ў кожнага з нас ёсць заўсёды. Няважна, у якім мы стане, няважна, які статак пасвім у далёкай краіне. Важна, што заўсёды можам вярнуцца да Айца, які нас любіць, які нас цярпліва чакае, нягледзячы на ўсе нашыя правіны. Навяртанне – гэта мудрасць, гэта адзін са шматлікіх дароў Духа Святога. Мудрасць, якая адкрывае незнішчальную сілу Божай любові.

Мы, людзі, можам стаць абыякавымі да іншага чалавека, можам махнуць на яго рукою, кажучы: не будзе з яго толку. Але не Бог. Ён ніколі, ніколі не махне на нас рукою. Мы заўсёды маем шанс, каб перажыць глыбокае навяртанне – перамяненне ў сваім жыцці. Няпраўда, што людзі не змяняюцца. А што немагчыма ў людзей, магчыма ў Бога. Бо ў Яго няма нічога немагчымага.

Моц Божай любові заключаецца ў прабачэнні. Гэтаму прабачэнню Ён жадае нас навучыць. Бо як жа часта мы падобныя да старэйшага сына, які не хацеў прабачыць свайму брату. Паглядзіце! У такой неспакойнай дыскусіі са сваім бацькам старэйшы сын не называе малодшага сваім братам, але кажа: вярнуўся гэты сын твой, які змарнаваў тваю маёмасць. Паглядзіце: у сваім гневе ён, старэйшы сын, перастаў лічыць яго сваім братам.

А як ёсць у нас? Што мы просім, калі прыходзім на споведзь? Божага прабачэння. Прыходзім да канфесіянала, каб паяднацца з Богам. А калі адыходзім ад канфесіянала, ці здольныя мы прабачаць нашым бліжнім? Вось пытанне. Трэба, мае дарагія, мець вялікае сэрца і па-сапраўднаму ўмець любіць, каб прыняць іншага чалавека з яго слабасцямі і недасканаласцямі. І нават калі той чалавек цалкам вінаваты ў сваім няшчасці, усё роўна, калі ён просіць прабачэння, належыць яму прабачыць. Так, як учыніў міласэрны бацька. Менавіта такога вялікага сэрца не хапіла старэйшаму брату.  

Дарагія браты  і сёстры! Сённяшняя евангельская прыпавесць кажа нам аб любові Бога і ў цэнтр гэтай любові ставіць прабачэнне. Гэтая любоў у прамым значэнні змушае Бога да чакання нас. Таксама прыпавесць нам нагадвае праўду аб тым, што хутчэй Бог прабачыць чалавека, чым іншыя людзі, нават найбліжэйшыя. А з найбліжэйшымі бывае вельмі па-рознаму. Зрэшты, гэта вы ўсе добра ведаеце.

Уменне прабачаць я б назваў своеасаблівым майсэрствам, і авалодаць ім можна толькі тады, калі мы ўвойдзем у стан бацькі, паставім сябе на яго месца, месца бацькі, які прабачае з любові. Толькі калі можам прыняць іншага чалавека, толькі тады мы здольныя да прабачэння. А гэтаму трэба вучыцца кожны дзень. Я упэўнены, што нагодаў да падобнага роду навучання ў сваім жыцці кожны з нас мае больш чым дастаткова.

Няхай час Вялікага посту, які мы з вамі зараз перажываем, тым больш у кантэксце Года Міласэрнасці, стане для нас спрыяльным і асаблівым часам вяртання шматлікіх марнатраўных сыноў і дачок. І кожны з нас без выключэння мае магчымасць вярнуцца да міласэрнага і любячага Айца, каб атрымаць прабачэння. Але Вялікі пост – гэта таксама час на ўзаемнае прабачэнне. Калі Бог прабачыў твайму брату, чаму ты не можаш прабачыць? Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.