Пошук


25.02.2016 14:25  

«Таму, калі некаму здаецца, што ён стаіць, няхай глядзіць, каб не ўпасці».

Дарагія браты і сёстры!

Божае слова нам сёння выразна нагадвае той момант, калі Бог асаблівым чынам уваходзіць у гісторыю габрэйскага народу. Так, здавалася б, доўга народ не чуў Божага голасу сярод нялёгкага жыцця ў Егіпце, якое працягвалася больш за чатырыста гадоў, і вось надышоў той збавенны час, калі Бог пастанавіў выбавіць свой народ праз слугу свайго Майсея.

Мы добра ведаем гэтую гісторыю, калі ўпарты фараон урэшце адпускае ізраэльцаў у пустыню і тыя выходзяць з Егіпта, таксама ведаем, што на гэтым усё не скончылася: фараон пашкадаваў, што так хутка адпусціў габрэяў, і паслаў за імі сваё войска, свае калясніцы, сваіх вершнікаў. І вось тут асаблівым чынам Бог паказвае сваю моц: габрэйскі народ праходзіць праз Чырвонае мора, а егіпецкае войска там знаходзіць сабе пагібель.

Паглядзіце, як доўга народу прыйшлося чакаць ратунку. Напэўна, спачатку яму жылося някепска ў Егіпце, але потым, калі народ значна разросся, а пра Юзафа забыліся, егіпцяне распачалі прыгнятаць габрэяў і тыя апынуліся ў вельмі нялёгкай сітуацыі. Усе разам збегчы яны не маглі, і таму, каб зводзіць канцы з канцамі, ім прыйшлося прыняць гаротны лёс, змірыцца са сваім становішчам і жыць далей, працуючы на Егіпет.

Але на гэтым не заканчваецца гісторыя габрэйскага народа. Сёння чуем, як Бог кажа Майсею: «Я добра бачыў пакуты народа Майго ў Егіпце, Я чуў крык ягоны з-за прыгнятальнікаў яго. Я ведаю яго цярпенні. Таму сышоў Я, каб вызваліць яго з рук егіпцянаў і вывесці яго з гэтай зямлі ў зямлю добрую і прасторную, дзе сочыцца малако і мёд».
 
Бог запланаваў для свайго народа адмысловы пабег, кіраўніком якога стане Ён сам. І гэтыя падзеі стануць для нас правобразам перамогі, якую Хрыстус здабыў для нас, вызваляючы з палону граху і д'ябла. Аб гэтым сёння ўзгадвае апостал Павел, што мы чулі ў другім чытанні: скалою, што спадарожнічала выбранаму народу, які выйшаў з егіпецкай няволі, быў Хрыстус. І гэта стала прыкладам для нас.

Выхад з Егіпта для нас мае вельмі вялікае значэнне, не толькі тэалагічнае, але і практычна-жыццёвае, у якім заключаецца Божая педагогіка адносна нас, якія па жыцці таксама перажываем пэўныя цяжкасці і патрабуем выхаду з нашых складаных сітуацый, асабліва з такіх, якія нам здаюцца безвыходнымі. Цяжкае фінансавае становішча, неразуменне з боку родных або калег па працы, пастаянныя даўгі, якія ідуць за намі, як царская світа, - усё гэта і да таго падобнае становіцца прычынай таго, што мы робімся падобнымі да габрэяў -парабкаў фараона. І тады ў нашым жыцці ствараецца такая экстрэмальная сітуацыя, якая патрабуе ўцёку. Мы, канешне, можам змірыцца з ёю, зрабіць выгляд, што яе няма, але ад гэтага нам лягчэй не стане. Нам трэба шукаць выйсця.

Я ўпэўнены, што нам не трэба будзе чакаць чатырыста гадоў, як ізраэльцянам, каб выйсці з нашых праблем, але, напэўна, цярплівае чаканне нам не пашкодзіць. Давайце падумаем разам: хто стаў асноўным ініцыятарам выхаду з Егіпта? Адказ, напэўна, мы ўсе добра ведаем — Бог. Ён арганізаваў вызваленне свайму народу. Ён, як мы сёння чуем, нават адкрывае сваё імя Майсею: «Тады сказаў Бог Майсею: Я ЁСЦЬ, ЯКІ ЁСЦЬ. І сказаў: Так скажаш сынам Ізраэля: ЯКІ ЁСЦЬ паслаў мяне да вас».
 
Вось тут галоўная падказка — выхад з праблем мы можам знайсці, калі даверымся Богу, які жадае нас пазбавіць гэтых праблем, бо жадае для нас дабра. Гэта першы крок у нашым асабістым выйсці з нашага «Егіпта», з таго складанага становішча, якое выпала на наш лёс. Тут важны давер Богу, які з'яўляецца ініцыятарам нашага вызвалення, як і цярплівае чаканне пэўных знакаў часу, якія для нас стануць сігналамі, да пэўных дзеянняў.

Умілаваныя! Першае, на што звяртае нашу ўвагу Езус, гэта тое, каб мы імкнуліся перажыць сваё выйсце з Егіпта ў духоўным жыцці. Трапляючы ў грахі і залежнасці, мы становімся рабамі граху і дрэнных звычак, і, хоць мы можам прывыкнуць да такога жыцця, яно ніколі не прынясе нам сапраўднай радасці і пачуцця свабоды, калі мы не пакінем такі гаротны стан нашай душы. Хрыстус жадае нас вызваліць з палону граху, таму ў вобразах дае нам павучэнне, як гэта ўчыніць.

Езус сам для нас стаў ініцыятарам выйсця з палону граху, калі дзве тысячы гадоў таму памёр за нас на крыжы. Праз гэта Езус паказаў нам шлях выйсця, формулу для рашэння ўсіх нашых жыццёвых сітуацый, а перадусім на сваім уласным прыкладзе паказаў жыццё чалавека тут, на зямлі: якім павінна быць жыццё хрысціяніна. Езус — гэта рашэнне ўсіх нашых праблем. Па-чалавечы мы не ўсё можам вырашыць, але, паверыўшы ў міласэрную Любоў і кіруючыся яе прынцыпамі, мы заўсёды пераможам усе жыццёвыя цяжкасці і зразумеем, што не такія яны і невырашальныя, як нам гэта раней здавалася.

Дарагія браты і сёстры! Кожны з нас з'яўляецца тым вінаграднікам, аб якім сёння казаў Езус у Евангеллі. І ад кожнага з нас Бог чакае духоўных плёнаў: справядлівасці, спачування, супакою, прабачэння, любові... Цікава, якімі вінаграднікамі мы з'яўляемся? Варта аб гэтым задумацца. Асабліва пакуль маем час. Як бачым, Езус старанна даглядае свой вінаграднік, заўсёды яго абкопвае, абкладае ўгнаеннем — інакш кажучы, жадае багатага плёну ад нас. Не хоча, каб у будучыні мы былі ссечаны і кінуты ў агонь, як сухое непатрэбнае дрэва. Езус верыць у нас, у нашае навяртанне, Ён арганізуе для нас уцёк, ад граху, д'ябла, ад нашых праблем і цяжкасцяў, калі толькі мы на гэта згодныя. Езус верыць у нас, а мы ці верым у Яго? Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця