Пошук

02.04.2015 23:45  

«Калі ж вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях...»

Дарагія браты і сёстры!

Сёння радасны вокліч «Аллелюя, Хрыстус уваскрос!» разносіцца па ўсёй зямлі. І зноў мы становімся сведкамі Хрыста ўваскрослага, Эммануэля, Бога, які з намі. Прайшоў перыяд Вялікага посту, калі мы рыхтаваліся, асаблівым чынам духоўна, каб як мага лепш перажыць гэты момант, які зараз адчуваем.

Літургія слова запрашае нас увайсці ў атмасферу першага Касцёла, той супольнасці, якая дала сведчанне аб пустой грабніцы і аб тым, што Езус Хрыстус сапраўды ўваскрос. У сённяшнім першым чытанні апостал Пётр абвяшчае керыгму веры, кажучы пра Хрыста, што Яго забілі, павесіўшы на дрэве, але Бог Яго ўваскрасіў на трэці дзень, а мы сведкі гэтага!

Дарагія, уваскрасенне — гэта не міф! Паглядзіце самі, калі апосталы ў момант паймання Езуса разбегліся хто куды, пакінуўшы свайго Настаўніка, а Пётр нават тры разы адрокся ад Езуса, то як ім, апосталам, хапіла б мужнасці хадзіць і абвяшчаць Хрыста ўваскрослага, калі іх пераследвалі, кідалі ў вязніцы, здзекваліся, нават забівалі? На такое маглі адважыцца толькі сапраўдныя сведкі ўваскрослага Езуса, якія Яго бачылі, да Яго дакраналіся, якія не баяліся аддаць сваё жыццё за сваю веру.

Апосталы і вучні сталі руплівымі вестунамі Хрыстовага ўваскрасення. Праз іх здзяйсняліся вялікія цуды, знакі і аздараўленні, дзякуючы якім памнажаўся і развіваўся першы Хрысціянскі Касцёл. Тая супольнасць, якую калісьці ў Антыёхіі назвалі вызнаўцамі Хрыста — хрысціянамі.

Сам апостал Павел, які на пачатку жорстка пераследваў Хрыстовы Касцёл, кідаючы ў вязніцы мужчын і жанчын, якія вызнавалі веру ў Хрыста, пасля свайго навяртання, дзесьці ў 56 годзе, напісаў да жыхароў Карынту наступныя словы: «Прыгадваю вам, браты, Евангелле, якое я вам раней абвясціў і якое вы прынялі: што Хрыстус памёр за нашыя грахі паводле Пісання, што быў пахаваны і што ўваскрос на трэці дзень, паводле Пісання, і што аб'явіўся Пятру, а потым Дванаццаці».

Праўду аб факце ўваскрасення пацвярджае пустая грабніца. Гэтую ж праўду прыносіць апосталам Марыя Магдалена, як чуем у сённяшнім Евангеллі. Яна стала першай сведкай Хрыста ўваскрослага і падзялілася гэтай незвычайнай навіной з Сымонам Пятром і Янам, якія самі пераканаліся ў словах гэтай жанчыны. Магчыма, яны адразу ёй не паверылі, бо так хутка пабеглі да грабніцы, у якой некалі ляжала цела Езуса. Аднак ніякага цела яны там не знайшлі. Толькі тады яны канчаткова пераканаліся, што Хрыстус уваскрос. Як кажа сённяшняе Евангелле, вучні гэтыя не ведалі, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых.

Ёсць адзін аповед, які вы, магчыма, ужо чулі, але, мяркую, варта яго яшчэ раз узгадаць. У адной парафіі быў пробашч, які працаваў там шмат год, але ніяк не мог перамагчы людскую абыякавасць, маладушнасць большасці парафіянаў. Яго казанні амаль ніхто не слухаў, а калі і слухалі, то, напэўна, не стараліся штосьці ўзяць з тых навукаў да сэрца. Дзейнасць гэтага святара вельмі часта падвяргалася сур'ёзнай крытыцы, яго ўсяляк абгаворвалі, наракалі на яго або проста смяяліся з яго як з няўдачніка. Стомлены шматгадовым намаганнем і працаю, той пробашч замест звычайна доўгага казання на ўрачыстасць Уваскрасення Пана прамовіў вельмі кароткае казанне: «Хрыстус сапраўды ўваскрос, толькі і так вы ў гэта не верыце і таму ніколі не ўваскрэснеце. Аднак Хрыстус сапраўды ўваскрос, толькі вы і так у гэта не верыце».

Дарагія браты і сёстры, сведкі Хрыста ўваскрослага! Што ўмацоўвае нашую веру ва Уваскрасенне Хрыста? Напэўна, Божае слова, у якім аб'яўляецца Хрыстус пасля свайго ўваскрасення. Дарэчы, Евангелле паказвае, што Хрыстус шматразова аб'яўляецца: жанчынам, якія ішлі да грабніцы, Марыі Магдалене, Апосталам, вучням, якія ішлі ў Эмаўс, і мноству іншых вучняў. Бачыць Езуса і святы Тамаш, якому на пачатку цяжка было паверыць. І так мы можам пералічваць аж да нашага часу. Нам сёння таксама аб'яўляецца Хрыстус, якога слухаем у Божым слове і прымем у Эўхарыстыі.

Езус прагне, каб мы, як апосталы, сталі Яго вернымі сведкамі ў сваім жыцці. Каб не баяліся перамагаць гэты свет, які супярэчыць уваскросламу Хрысту, бо не можа прыняць гэтай праўды. Гэты свет як раней, так і зараз, няздольны прызнаць вартасці, якія паказаў Езус. Што прабачэнне змушае знікнуць нянавісць і крыўды, а любоў перамагае грэх і зло. Толькі дабром можна па-сапраўднаму перамагчы ўсялякае зло.

Езус уваскрослы нічога ў нас не забірае, не абмяжоўвае нас Евангеллем, а наадварот, робіць нас свабоднымі, вяртае нашым сэрцам сапраўдную радасць і супакой. І, што вельмі важна, ніколі нас не асуджае, але заўсёды  дае шанс, каб  і мы разам з Ім маглі ўваскрэснуць і жыць на векі. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.