Дарагія браты і сёстры!
Няшмат засталося часу, які нас аддзяляе ад велікодных святаў. Літургія Пальмовай нядзелі запрашае нас сёння разам з Хрыстом распачаць Вялікі тыдзень, які ўводзіць у таямніцу Яго мукі і смерці. Езус жадае, каб мы духоўным чынам крочылі за Ім, не толькі з пальмамі, але і з крыжам. Урачысты ўваход у Ерузалем — гэта пачатак той місіі, якую Езус распачаў з любові, каб да канца выканаць таямніцу нашага збаўлення.
Дарагія! Звярніце ўвагу на атмасферу трыумфу і захаплення, якая пануе ў сённяшнім урыўку з Евангелля, дзе так прыгожа усклікае натоўп: «Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана! Благаслаўлёнае валадарства айца нашага Давіда, якое надыходзіць! Гасанна на вышынях!» Большасць з натоўпу лічыць Езуса прарокам, цудатворцам, настаўнікам, незвычайным чалавекам. Магчыма, некаторыя людзі былі сведкамі многіх цудаў Езуса, а некаторыя нават непасрэдна на сабе зведалі Яго аздараўляльную моц.
Больш за тое, Езуса з захапленнем слухаў вялікі натоўп людзей. Канешне, былі і такія, асабліва сярод юдэяў, якія, мала што разумеючы, спрачаліся з Ім, бо не ведалі ні Пісання, ні яго моцы, з чаго можам зрабіць выснову, што не спазналі ні Айца, ні Сына.
І вось Ён, Хрыстус, дае ім яшчэ адзін знак адносна сябе: Ён урачыста ўваходзіць у Ерузалем. Настаўнік з Назарэта робіць намёк на сваю каралеўскую і месіянскую годнасць, каб народ, які збольшага ведае Пісанне, прыгадаў словы прарока: «Вось Кароль твой ідзе да цябе; лагодны, седзячы на асліцы і на асляняці, сыне пад’ярэмнай».
Аднак не ўсё было так проста і ясна. Паўсюднае хваляванне, якое ахапіла натоўп, не дазволіла, каб у Езусе людзі маглі ўбачыць кагосьці большага за прарока. Яны толькі бачылі ў Ім таго, хто можа заспакоіць іх зямныя патрэбы, а глыбей зазірнуць і спазнаць праўду аб Месіі не змаглі. Як калісьці ў часы Старога Запавету ізраэльскі народ адмовіўся ад поўнага падпарадкавання свайго грамадства Богу і захацеў для сябе караля зямнога, накшталт такога, якія былі ў суседніх краінах, так і зараз адбылося штосьці падобнае.
У гэты ўрачысты момант натоўп бачыць у Езусе выключна зямнога караля, які не толькі можа накарміць іх хлебам і рыбай удосталь, але і мае магчымасць зрабіць Ізраэль магутнай непераможнай дзяржавай. Яны бачаць у Ім перадусім таго, хто мае моц ачысціць іх краіну ад уплываў цэзара. У любым выпадку народ думаў тыпова зямнымі катэгорыямі, а магчыма, і наогул не думаў, толькі слепа кіраваўся масавым інстынктам, у якім пераважалі эмоцыі трыумфу і захаплення.
«І мноства людзей слала сваё адзенне на дарозе, а іншыя зразалі галінкі з дрэваў і слалі на дарозе. А натоўпы, якія ішлі спераду і следам за Ім, усклікалі: Гасанна Сыну Давіда!»
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Калі зірнуць на гэта чыста па-чалавечы, то шмат хто з нас хацеў бы апынуцца на месцы Езуса ў тую хвіліну. Але паглядзіце, што адбылося пазней. Аб гэтым распавядае апошняе чытанне - чытанне Мукі Пана. А вось у гэты момант ці хацелі б мы аказацца на месцы Езуса?
Куды знік той натоўп, які некалькі дзён таму ўсхваляў Сына Давіда, кладучы перад Ім свае тунікі, плашчы і пальмовыя галінкі? Як жа хутка змянілася меркаванне гэтага народа, ды так радыкальна: з каралеўскага трону на трон Крыжа. З хваліцеляў і, кажучы сучаснай мовай, фанатаў да абвінавальнікаў? Чаму народ змяніў вокліч “Гасанна Сыну Давіда” на бязлітасны крык “укрыжуй Яго!”?
Як важна, мае дарагія, стаць у праўдзе, маючы сваё асабістае меркаванне, і незалежна ад абставін быць верным гэтаму меркаванню. На гэта здольны толькі чалавек веры. А менавіта гэтаму і хоча нас навучыць сёння Хрыстус. Каб мы, якія верым у Яго, не цураліся хрысціянскага стылю жыцця, не саромеліся жыць паводле спазнанай праўды Евангелля, але мужна і з адвагаю перамагалі свет, які вельмі часта нагадвае той натоўп, які калісьці асудзіў Хрыста на смерць. Амэн.
А. Андрэй Авен OCD
Гамілія на Пальмовую нядзелю (29 сакавіка)
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання
Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .