Пошук

21.11.2014 15:53  

Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі.

Дарагія браты і сёстры!

Гэтыя словы, якія мы з вамі пачулі ў Евангеллі, з’яўляюцца сэрцам сённяшняй прыпавесці і таксама крытэрыем, па якім нас калісьці будуць ацэньваць. Сённяшняя ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, адкрывае нам Ягонае аблічча напрыканцы вякоў, калі Хрыстус прыйдзе з анёламі ў славе сваёй, каб судзіць жывых і памерлых. Але Хрыстус з’яўляецца Валадаром не толькі будучага свету. Ён — Валадар нашых сэрцаў тут і цяпер. Перад тым, як узнікне вобраз Хрыста Валадара, Ён з’явіцца ў дзеях збаўлення як доўгачаканы Месія, Кароль і Пастыр.

Першае чытанне з кнігі прарока Эзэхіэля апавядае аб тым, як Пастыр, які неўзабаве прыйдзе, будзе клапаціцца аб сваіх авечках. Ён вызваліць іх з тых месцаў, па якіх яны некалі рассеяліся, калі былі цёмныя і змрочныя дні, прывядзе іх зноў на іх зямлю, будзе пасвіць на добрай пашы. Словы гэтага прароцтва Езус аднясе да Сябе. У Евангеллі паводле Яна Езус прадстаўляе Сябе як Добрага Пастыра, які не толькі вядзе сваіх авечак на добрую пашу, але і аддае сваё жыццё за авечак.

Валадарства — гэта тэма, якая таксама прысутнічае ў сённяшнім другім чытанні, якое літургія слова чэрпае з Першага паслання св. апостала Паўла да Карынцянаў. Гэтае валадарства знаходзіцца ў кантэксце навукі аб уваскрасенні Езуса Хрыста. Апостал Народаў супрацьпастаўляе Старога Адама з Новым, якім з’яўляецца Езус Хрыстус. Ведаем, што першы Адам парушыў Божы наказ адносна спажывання з дрэва пазнання дабра і зла, гэтым самым адмовіўшы Богу ў паслухмянасці. Яму здавалася, што такім чынам ён праявіць сваю свабоду і дасягне велічы, стане на прыступку, якая зраўняе яго з самім Богам. Аднак замест такой высокай і грандыёзнай перспектывы чалавек трапіў у няволю граху і смерці. Як сыны Адама, мы таксама ўдзельнічаем у гэтай непаслухмянасці і ва ўсім тым, што з гэтай непаслухмянасці вынікае.

Дарагія! Бог, верны сваёй творчай любові, пасылае на свет свайго Адзінароднага Сына, які нараджаецца з Дзевы Марыі, прымаючы нашую чалавечую натуру, праз што становіцца нашым братам. Як новы Адам Ён —  Хрыстус — уваходзіць у гісторыю чалавецтва, каб сваёй паслухмянасцю адкупіць непаслухмянасць першага Адама. Ён, Божы Сын і адначасова Сын Чалавечы, сказаў аб Сабе, што не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць на адкупленне сваё жыццё. Сваёй паслухмянасцю аж да смерці Езус вяртае чалавека Айцу, вяртае валадарства Бога ў чалавеку. Тое валадарства, якое чалавек меў на пачатку, калі быў у раі і якое згубіў праз свой грэх. У служэнні на ўзор Хрыста чалавек нанова адкрывае сваю годнасць у поўнай ступені, сваю здольнасць валадарання.

Хрыстус — гэта Валадар, якога так доўга чакалі, але калі Ён прыйшоў, каб служыць, то Ім пагардзілі і прысудзілі Яго на крыжовую смерць. Хрыстус у цярновай кароне — Валадар, укрыжаваны на адкупленне многіх. Як жа не падобны Ён не толькі да звычайных зямных каралёў, але і да Таго, кім з’яўляецца.

Апісанне, якое змешчана ў сённяшнім Евангеллі, прадстаўляе Апошні суд, дзе Хрыстус, добры Пастыр і адначасова справядлівы Суддзя, аддзеліць авечак ад казлоў, аддзеліць добрых ад злых. Хрыстус нам прыпамінае, што перад тым, як прыйдзе час Апошняга суду, Ён пастаянна спадарожнічае нам у нашай зямной пілігрымцы і клапоціцца аб нас, як сапраўдны пастыр клапоціцца аб сваіх авечках. Аднак рашаючым крытэрыем для нас будзе тое, ці ўдзельнічалі мы ў Яго клопаце аб нас, аб кожным чалавеку. Добра было б захаваць у сваёй памяці гэты вобраз Апошняга суду, бо ён нясе ў сабе вялікае пасланне надзеі. Хрыстус — заўсёды з боку чалавека, з боку таго, хто патрабуе дапамогі, клопату, любові і хто служыць, клапоціцца, аказвае міласэрнасць.

А як Хрыстус будзе нас судзіць? Напэўна, гэтае пытанне неаднойчы ўзнікала ў нашых думках. Адказ змяшчаецца ў сённяшнім Евангеллі і адкрывае перад намі гэтую таямніцу. Можа, адкрывае непадрабязна, але асноўны прынцып гэтага суду для нас становіцца зразумелым. Як Бог паступіць перад такімі велізарнымі людскімі правінамі і несправядлівасцю? Ці будзе, як камп’ютар, вылічваць усе «за» і «супраць», добрыя і дрэнныя ўчынкі, ці, можа, будзе аналізаваць усе чалавечыя прыгоды, драмы, аповесці? Аднак Езус кажа аб чымсьці зусім іншым і, магчыма, мы будзем здзіўлены хуткасцю гэтага падзелу, адназначнасцю матываў прысуду і простым азначэннем: «Я быў галодны, ты даў Мне есці, уваходзь у радасць».

Калі ўзглянем на кантэкст гэтай евангельскай сцэны, то няцяжка заўважыць, што яна з’яўляецца апошнім навучаннем Езуса, апошняй Яго спробай паставіць нас перад тым, што на самой справе вельмі істотнае. Колькі разоў Езус звяртаў увагу на небяспеку нерашучасці ў жыцці чалавека, які прапагандуе ўзнёслыя прыгожыя чыны, а ў рэчаіснасці іх не выконвае. Памятаем фарысеяў. Езус ведае нашую схільнасць да ляноты, да таго, каб пазбегнуць усялякіх вымаганняў, якія нам ставіць Евангелле. Прасцей на словах казаць пра ўзнёслыя ідэалы тыпу: хопіць толькі любіць... жыць любоўю... спатыкаць Бога ў нашых братах... бачыць Хрыста ў самых бедных... і г.д.

Так. Усё гэта вельмі прыгожа і цудоўна. Але прыйдзе час, калі за нас будуць прамаўляць не словы, а ўчынкі. Ці зрабіў я штосьці, калі нейкі чалавек патрабаваў маёй дапамогі? Вось і лінія падзелу між благаслаўлёнымі і праклятымі, вось сапраўдны цяжар чалавечага жыцця і яго прысуд на вечнасць. Словы якія сёння чуем ва ўрыўку Евангелля паводле Мацвея: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі».

Умілаваныя! Апісанне гэтага Апошняга суду павінна дапамагчы нам усвядоміць вартасць нават найменшага выразу любові. Напрыканцы часоў будзе лічыцца толькі адно: тое, што мы сапраўды ўчынілі, а не што хацелі ўчыніць, каб прыйсці з дапамогай чалавечаму няшчасцю. Класічны спіс, які прадстаўляе Езус, пастаянна павялічваецца: быў няграматны, а ты навучыў Мяне чытаць; быў непаўнаспраўны, а ты як архітэктар падумаў аб памяшканнях, каб прынесці Мне палёгку; Я быў бежанцам, а ты Мяне прыняў... Гэта і ёсць тыя дарогі, на якіх можам спаткаць Езуса Валадара. Яго валадарства — гэта свет людзей, якія патрабуюць дапамогі, і людзі, якія гэтую дапамогу нясуць. Колькі разоў дапамагаем, столькі выбіраем Езуса Валадаром.

«У Хрысце ўсе будуць ажыўлены, каб Бог быў усім ва ўсіх». Другі Ватыканскі Сабор прыгадвае нам пра тое, што хрыстацэнтрызм з’яўляецца не толькі катэгорыяй тэалогіі — ён з’яўляецца таксама катэгорыяй нашага штодзённага жыцця. Уваскрослы Хрыстус прагне быць запрошаным, хоча стаць у цэнтры нашага асабістага жыцця. Каб паставіць Хрыста ў цэнтр свайго жыцця, мне спачатку трэба навучыцца весці з Ім унутраную духоўную размову, аддаваць у малітве свае справы, а можа, і справы іншага чалавека, расказваць Яму аб тым, што баліць, дзяліцца тым, што мяне радуе і цешыць. Няма і не можа быць іншай прысутнасці Хрыста ў нашым жыцці, як толькі праз нашае багатае духоўнае жыццё. Хрыстус — гэта Валадар Сусвету. Аднак няма іншага валадарства, як тое, якое праходзіць праз нашае сэрца. І няма іншага разумення ўлады, як толькі праз служэнне.

Хрыстус, Пан і Збаўца, павінен жыць і валадарыць у маім сэрцы, выразна бачыць мае чыны: тое, кім я ёсць і што я раблю. Калі я не баюся паказваць кожны свой чын Хрысту, значыць я не баюся дазволіць Яму ўва мне валадарыць. Ён не можа быць Хрыстом ідэалогіі, палітычнай партыі ці прафсаюза, але перадусім Хрыстом Евангелля, якое рэалізуецца штодня, перш за ўсё ў маім асабістым жыцці. Ён — Хрыстус майго жыцця.

«Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету». Гэтыя словы з’яўляюцца добрай матывацыяй у нашым жыцці, бо даюць нам надзею, што нашыя старанні і клопаты будуць заўважаны і ўзнагароджаны. Кожны, нават самы дробны ўчынак, будзе ўзяты пад увагу, а ўзнагарода сапраўды вялікая і годная таго, каб да яе імкнуцца. Таму напамін Хрыста «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» няхай стане для нас актуальным не толькі на словах, але і на чынах. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.