Пошук

01.11.2014 12:16  

Сёння мы з вамі чулі фрагмент з кнігі Ёва: “Я ведаю: Адкупіцель мой жыве і ў апошні дзень падымецца над пылам. Нават пасля таго, як скура мая ападзе, я ў целе ўбачу Бога. Убачу Яго сам”.

Дарагія браты і сёстры!

Вобраз Ёва - гэта вобраз чалавека, які зведаў шмат цярпенняў, які перажыў і поспех, і няўдачу. Бо жыццё, як паказвае практыка, напоўнена як тым, так і іншым. Гэтую праўду кожны з нас ведае са свайго ўласнага досведу. Можа, таму ўзнікаюць моманты, калі жыццё перастае захапляць, перастае цешыць, як калісьці раней.

Маці аднаго святара мела амаль сто гадоў, яе свет абмяжоўваўся да ложка, на якім яна доўгі час ляжала, пры гэтым будучы цалкам свядомай. “Гэта ўжо не жыццё, - казала яна, - а дажыванне”. Святар, яе сын, суцяшаў сваю матулю, як толькі мог. Хіба ўжо хутка адыйду да вечнасці, - казала яна. А потым перад тым, як памерці, паклікала свайго сына бліжэй і, дачакаўшыся пакуль ён да яе нахіліцца, сказала такія словы: ”Ведаеш, я хацела б яшчэ крыху пажыць”.
 
Браты і сёстры! За гэтымі словамі паміраючай жанчыны крыецца адвечная прагненне чалавека да бясконцага жыцця. Магчыма, гэтую ж тугу па вечным жыцці хацеў паказаць калісьці старажытны чалавек, малюючы пэўныя вобразы на пячорах. Гэтае прагненне вечнага жыцця паспрыяла таму, што людзі вельмі даўно пачалі арганізоўваць пахаванні і будаваць грабніцы. Шмат кніг Святога Пісання ўзгадваюць менавіта аб гэтым прагненні чалавека. Жыць вечна, у рэчаіснасці, поўнай шчасця, прыгажосці і дабра. Вобраз прагнення вечнага жыцця выдатна малююць словы з сённяшняга псальма: “Убачу дабрыню Пана ў краіне жывых”.

Жыццё з’яўляецца своеасаблівым выклікам. Туга, сум, які агортвае чалавека па прычыне вечнага жыцця, выразна дае аб сабе знаць. Сум гэты вельмі добра сігналізуе, наводзіць на роздум і рэфлексію: што мяне, цябе чакае ў будучыні, асабліва калі пераступім парог вечнасці? З якім багажом учынкаў я ўвайду ў вечнасць?  

Кожнага дня мы пераконваемся ў тым, што нашае жыццё вельмі слабое і кволае;  яно нібы скарб у гліняным посудзе, як казаў святы апостал Павел. Вось паглядзіце, якое яно, гэтае жыццё прамінальнае: або цяжкая хвароба, або няшчасны выпадак, і ўжо гэтага жыцця няма. Здаецца, сёння жыў чалавек, а глядзіш - ужо няма яго побач. Ён адыйшоў у вечнасць. Пакуль жывем, часцей за усё не задумваемся пра гэта. Але нашае жыццё  праходзіць, гады цякуць, нібы вада, набліжаючы нас да вечнасці. Нядаўна чалавек быў малады, учора дарослы, а заўтра ўжо і старасць не за гарамі.

І што,  маё жыццё скончваецца маёй натуральнай смерцю? Ці трывае надалей у іншай форме? Давайце ізноў узгадаем кнігу Ёва. Надзея церпячага чалавека рэалізавалася ва ўваскрасенні Езуса: “Хрыстус уваскрос з мёртвых, першынец сярод тых, якія заснулі. Паколькі праз чалавека прыйшла смерць, гэтак праз Чалавека і ўваскрашэнне мёртвых. Бо, як у Адаме ўсе паміраюць, гэтак і ў Хрысце ўсе будуць ажыўлены”, – як бачым у другім чытанні.

Але нашае слабое, кволае жыццё надалей трывае і мы працягваем жыць. А такія паняцці, як уваскрасенне, неба, вечнае жыццё, мы не да канца разумеем, як і апосталы не разумелі. Ёсць нейкае маленечкае разуменне гэтага, але спасцігнуць гэта нам давядзецца толькі ў будучыні. І спасцігне гэта кожны. Тэарэтычнае разуменне гэтых паняццяў - жыццё вечнае, будучы свет, уваскрашэнне - яшчэ не робіць нас шчаслівымі, але натхняе нас, дае надзею і памкненні да вечнага жыцця, да Валадарства Нябеснага. Бо мы верым, чакаем, спадзяемся. І нашыя вера, чаканне і надзея грунтуюцца на Езусе Хрысце, нашым Збаўцы.

Надзея, якая цепліцца ў нашых сэрцах, цесна злучаецца з тымі, хто адыйшоў ужо з гэтага свету. Духоўным чынам мы можам адчуваць іх прысутнасць, апеку і заступніцтва.

Не ведаю, легенда гэта ці рэальны выпадак, але адзін чалавек шмат маліўся за памерлых і  рэгулярна запісваў за іх святыя Імшы. Ён нават неяк адчуваў, што сваімі малітвамі дапамог многім, таму заўсёды маліўся за душы, церпячыя ў чысцы, меў асабістае набажэнства за памерлых.

Аднойчы ён вяртаўся з Вільні, з Вострай Брамы, у сваю вёску, а гэта быў менавіта той дзень, калі ён запісаў Імшу за душы ў чысцы, памаліўся і вырушыў дамоў. Калі падыходзіў да сваіх родных мясцінаў, зрабіў знак крыжа ля магільніка і крочыў далей. А непадалёк гэтага месца яго пільнавалі два злачынцы, якія хацелі яго абрабаваць, бо ўжо доўгі час за ім сачылі. Яны вылічылі, што гэты чалавек дзесьці праз паўгадзіны будзе менавіта тут праходзіць адзін. Злачынцы пільнуюць яго і раптам бачаць, што гэты чалавек ідзе, акружаны шматлікім натоўпам:  людзі гучна размаўляюць між сабою, энергічна жэстыкулююць, чуваць гучны смех. Не нападзеш і не абкрадзеш жа яго ў прысутнасці такога натоўпу, дзе было чалавек дваццаць! Але злачынцы былі яшчэ больш здзіўленыя, уражаныя і напалоханыя, калі пасля даведаліся ад таго ж чалавека, што ён ні з кім не ішоў, а вяртаўся да дому адзін. Такім чынам, удзячныя памерлыя, за якіх гэты чалавек маліўся, дапамаглі яму пазбегчы небяспекі,  якая яму пагражала з боку злачынцаў.

Дарагія! Наша памяць, малітва за тых, хто адышоў з гэтага свету, – вельмі важная рэч. Душы памерлых патрабуюць нашых малітваў і адначасова за нас моляцца. Паглядзіце, колькі ў нас заступнікаў перад Богам! Неаднойчы мы можам адчуваць, што душы гэтых людзей патрабуюць нашай малітвы, нашага заступніцтва. А сімвалы памяці, такія, як помнікі з крыжамі, кветкі, лампадкі, натхняюць нас да гэтай малітвы, дазваляюць успомніць моманты, калі гэтыя людзі яшчэ жылі на зямлі, былі разам з намі. Бо многія, якіх зараз з намі няма, выразна засталіся ў нашай памяці. Некаторыя ад нас адышлі вельмі даўно, а некаторыя нядаўна. Але кожны ўспамін аб іх застаецца дзеля таго, каб мы, прыбіраючы могілкі, прыносячы кветкі, запальваючы лампадкі, узносілі свае малітвы да Бога за іх, яны гэтага патрабуюць.

Дарагія браты і сёстры! Можа, мы да канца і не ведаем, ці будзе наша малітва прынята Богам як малітва заступніцтва за памерлых, як малітва аб прабачэнні ім віны ці як малітва праслаўлення іх як ужо святых Бога, але важна проста аддаць гэтую справу Богу, даручыць Яму, з даверам занесці Яму малітву за нашых блізкіх памерлых, а Ён у сваёй міласэрнай справядлівасці выслухае нашыя малітвы і ўчыніць так, каб яны былі пачутымі. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця