Пошук

02.08.2014 14:03  

1 чыт.: Іс 55, 1–3; Пс 145 (144), 8–9. 15–16. 17–18.

2 чыт.: Рым 8, 35. 37–39.

Ев.: Мц 14, 13–21

Дарагія браты і сёстры! Сённяшняя евангельская сцэна адкрывае нам адзін са шматлікіх цудаў Езуса: цуд памнажэння хлеба. Хлеб з’яўляецца вельмі важным прадуктам у нашым жыцці. Ён заспакойвае голад, дае сілы да выканання штодзённых абавязкаў. Спажываючы хлеб, чалавек жыве і працуе. Так было ў часы Езуса, так ёсць і зараз. Адначасова хлеб сімвалізуе дар Бога, дзякуючы якому Ён падтрымлівае нас на дарозе да збаўлення.

Езус Хрыстус, насычаючы вялікі натоўп хлебам, хоча звярнуць нашую ўвагу не толькі на зямны хлеб, але і на хлеб нябесны, на дар, які заўсёды нас можа падтрымліваць. У Эўхарыстычным хлебе, у якім сам Хрыстус прысутны, Бог дае нам задатак вечнага жыцця і крыніцу сілы на ўсю нашу зямную вандроўку. Дарагія, як бачым, хлеб - гэта каштоўны дар для нас.

Калі паглядзець на дзейнасць Езуса Хрыста падчас таго, як Ён навучаў, то можам заўважыць тры галоўныя аспекты Яго дзейнасці. Першы - абвяшчэнне Добрай Навіны аб Божым Валадарстве і заклік да пакаяння і навяртання. Другі аспект – аздараўленне хворых і церпячых, і апошні – чыненне знакаў, якія ўказвалі на Яго Божую моц.

Вялікія натоўпы гарнуліся да Езуса і ішлі за Ім, бо імкнуліся пачуць словы, якія былі прамоўлены з моцай; людзі прагнулі пачуць словы Езуса, бо гэта словы надзеі, словы, у якіх адлюстроўвалася Божая любоў. Таму так часта прагнучыя Божага слова людзі ішлі следам за Езусам, часамі нават апярэджвалі Яго, калі ішоў да іншага горада ці мясцовасці. Людзі цярпліва чакалі Настаўніка з Назарэта. Бо сама прысутнасць Езуса сярод людзей дадавала ім сілы, цярплівасці і адвагі. Яны проста давяралі Яго слову.

Езус, бачачы іх веру, часамі іх пакуты, шкадаваў, выслухоўваў іх, на хворых ускладаў рукі і аздараўляў. Таксама клапаціўся і пра фізічныя патрэбы, такія, як заспакойванне голаду: “Калі ж настаў вечар, Ягоныя вучні падышлі да Яго і сказалі: Пустыннае месца гэтае і гадзіна ўжо позняя; адпусці народ, каб яны пайшлі ў вёскі і купілі ежы сабе. Езус сказаў ім: Не трэба ім ісці, вы дайце ім есці”. Езус жадае заспакоіць голад вялікага натоўпу, які крочыў за Ім доўгі час, але не толькі фізічны голад. Езус прагне заспакоіць голад душы чалавека, які шукае Бога, які жадае карміцца Яго словам.

І, як сёння чуем у Евангеллі, адбываецца відавочны цуд памнажэння хлеба. А тое, што гэты цуд адбыўся на пустынным месцы, - гэта не выпадковасць. Месца гэтае таксама мае вельмі вялікае значэнне і моцна прамовіла да тых галодных людзей, якія насыціліся. Пустыннае месца – гэта прастора, дзе амаль няма жыцця. Няма ежы, каб падсілкавацца, не расце збожжа, а значыць няма хлеба. Калі ўзгадаем Стары Запавет, то можам знайсці і параўнаць цуд Езуса на пустынным месцы з вандроўкай Ізраэльскага народу, які крочыў менавіта па пустыні. Хутка настаў той час, калі хлеб скончыўся, той хлеб, які яны мелі ў Егіпце і які ўзялі з сабою.

Навокал быў толькі пясок і гарачае сонца. Па просьбе Майсея, які вёў народ, Бог спаслаў манну, якая для Ізраэлітаў стала штодзённым пакормам у пустыні; манна для іх стала штодзённым хлебам, каб мелі сілы дайсці да абяцанай зямлі, бо запасаў хлеба ім на сорак год вандроўкі дакладна б не хапіла. І вось праз гэты цуд на пустынным месцы Езус, нібы новы Майсей, дае людзям Хлеб жыцця. І не толькі на сёння, але і на вечнае жыццё. У святле гэтых падзей можам зразумець, чаму многія людзі лічылі Езуса Майсеем. Але гэта толькі вобраз, які Езус паказвае людзям, каб праз гэты знак, яны ў Ім убачылі кагосьці большага, чым Майсей.

Езус, нібы жартуючы, кажа сваім вучням: “Вы дайце ім есці”. Ён жа добра ведаў, што пяць хлябоў і дзвюх рыб дакладна не хопіць, каб кожны з натоўпу мог хоць “чарвячка замарыць”. І перад тым, як здзейсніць гэты цуд, Езус моліцца да Айца, прамаўляючы малітву благаслаўлення: “Пасля Ён загадаў народу сесці на траву, узяў пяць хлябоў і дзве рыбы, паглядзеў на неба, благаславіў і, паламаўшы, даў хлеб вучням, а вучні – народу”. Такім чынам, усе елі і насыціліся. Хлеба і рыбы хапіла на больш чым пяць тысяч чалавек.

Як бачым, Хрыстус шчодра насыціў усіх галодных людзей, нікога не абмінуў, ежы хапіла ўсім. Бо не хацеў, каб людзі галоднымі вярталіся ў свае гарады і мясцовасці, каб аслабелі ў дарозе. Але не толькі гэтага Езус жадаў ім даць. Разам з хлебам зямным Езус дае ім Хлеб на жыццё вечнае. У сэрцах многіх пасяляецца вера, і людзі адчуваюць, што разам з насычэннем зямным насычаецца іх сэрца, а іх прагненне пераўзыходзіць зямное прагненне. Яны адчуваюць прысутнасць і любоў Бога. Таму гэты цуд больш насыціў прагненне сэрца, чым заспакоіў зямны голад.

Дарагія! Гэты цуд памнажэння хлеба стаў правобразам Хлеба, у якім Езус пакінуў самога сябе; Хлеба, які дае сілу на шляху да вечнасці. Гэтым пакормам з’яўляецца Эўхарыстыя, якую Езус устанавіў у Вялікі чацвер і наказаў Апосталам чыніць гэта на Яго памяць аж да сканчэння свету.

У Вялікі чацвер Езус Хрыстус узяў хлеб у свае рукі, благаславіў і раздаў сваім вучням, кажучы: “Бярыце і ешце, гэта Цела маё” – чытаем у Евангеллі паводле Мацвея ў 26 главе, 26 вершы. Гэта значыць, што ў постаці хлеба ўкрыты сам Хрыстус, Бог уцелаўлёны, які прыходзіць, каб сярод пустыні, у якой мы знаходзімся, насыціць нас хлебам, які адраджае нашыя духоўныя сілы, а пустыню ператварае ва ўрадлівую зямлю. У святой Камуніі Езус Хрыстус не здзяйсняе нейкіх магічных знакаў, таксама Ён не вызваляе чалавека ад абавязку самастойна рабіць выбар між дабром і злом. Але Ён з’яўляецца крыніцай моцы для нас, веруючых, і дае нам патрэбныя сілы, каб мы трывалі ў добрым, каб мы ў духоўным сэнсе не былі галоднымі.

Таму веруючы, які прымае святую Камунію, адразу не становіцца анёлам. Схільнасць да граху надалей прысутнічае ў чалавеку, а слабасці і грахі вымушаюць яго прыступаць да сакрамэнту пакаяння зноў і зноў. Аднак кожнае спатканне з Хрыстом у Эўхарыстыі заўсёды ўмацоўвае і насычае нас. Дае надзею і моц трывання ў добрым.

Хрыстус, прысутны ў Эўхарыстыі, паводле св. Паўла з’яўляецца крыніцай моцы для веруючага хрысціяніна. І гэта моц духоўная, якая напаўняе чалавека і якую ніхто ніколі не зможа забраць. Таму сёння ў другім чытанні чуем такія словы: “Хто адлучыць нас ад любові Хрыста: няшчасце ці прыгнёт, ці пераслед, ці голад, ці галеча, ці небяспека, ці меч?” Калі я веруючы хрысціянін, з’яднаны з Хрыстом у Эўхарыстыі, то мне няма чаго баяцца. Нават смерць не страшная для таго, хто сустракаецца і яднаецца з Хрыстом у Эўхарыстыі.

Умілаваныя ў Хрысце Пану! Кожная Эўхарыстыя - гэта спатканне з жывым і прысутным Хрыстом, гэта прадсмак вечнага жыцця. Езус, які прыходзіць у нашы сэрцы ў постаці хлеба і віна, насычае нас тут і цяпер, адганяе ўсялякую боязь і сумніў, дае надзею на спатканне з Ім у Божым Валадарстве. Тут, на зямлі, мы можам убачыць Бога вачыма веры, там - тварам у твар. Таму будзьма ўдзячнымі Богу падчас кожнай святой Імшы за дар Эўхарыстыі, за Яго любоў і міласэрнасць да нас. “Бо я перакананы, што ні смерць, ні жыццё, ні анёлы, ні ўлады, ні цяперашняе, ні будучае, ні сілы, ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэнне не зможа адлучыць нас ад любові Божай, якая ёсць у Хрысце Езусе, Пану нашым”. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 13.06.2020 14:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа