Пошук

06.07.2010 01:00  

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Іс 55, 1–3

Ідзіце і спажывайце

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Так кажа Пан Бог:

Сасмаглыя, усе ідзіце да водаў.
І вы, якія не маеце срэбра, ідзіце.
Ідзіце, купляйце без срэбра
і без платы за віно і малако.
Навошта вы адважваеце срэбра за тое,
што не ёсць хлебам,
а працу сваю за тое, чым нельга насыціцца?
Слухайце ўважліва Мяне і спажывайце дабро,
і няхай душа вашая нацешыцца тукам.
Схіліце вуха сваё і прыйдзіце да Мяне,
паслухайце і жыць будзе душа ваша.
І дам вам запавет вечны — нязменныя ласкі для Давіда.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 145 (144), 8–9. 15–16. 17–18 (Р.: пар. 16)

Рэфрэн: Пан насычае нас удосталь.

8. Пан міласэрны і ласкавы, *
доўгацярплівы і шматміласцівы.
9. Пан добры да ўсіх, *
і міласэрнасць Яго над усімі стварэннямі Ягонымі.

Рэфрэн:

15. Вочы ўсіх з надзеяй глядзяць на Цябе, *
і Ты даеш ім ежу ў свой час.
16. Ты адкрываеш сваю руку *
і ўдосталь насычаеш усё жывое.

Рэфрэн:

17. Пан справядлівы на ўсіх сваіх шляхах *
і верны ва ўсіх сваіх справах.
18. Блізкі Пан да ўсіх, хто Яго кліча, *
да ўсіх, хто кліча Яго ў праўдзе.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Рым 8, 35. 37–39

Ні якое стварэнне не зможа адлучыць нас ад любові Божай, якая ёсць у Хрысце

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Хто адлучыць нас ад любові Хрыста: няшчасце ці прыгнёт, ці пераслед, ці голад, ці галеча, ці небяспека, ці меч? Над усім гэтым мы атрымліваем поўную перамогу праз таго, хто палюбіў нас.

Бо я перакананы, што ні смерць, ні жыццё, ні анёлы, ні ўлады, ні цяперашняе, ні будучае, ні сілы, ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэнне не зможа адлучыць нас ад любові Божай, якая ёсць у Хрысце Езусе, Пану нашым.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Мц 4, 4b
Не хлебам адным будзе жыць чалавек,
але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 14, 13–21

Елі ўсе і насыціліся

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Калі Езус пачуў пра смерць Яна Хрысціцеля, Ён асобна адплыў адтуль на чоўне ў пустыннае месца, а натоўпы людзей, пачуўшы гэта, пайшлі за Ім пехатою з гарадоў. Выйшаўшы з чоўна, Езус убачыў вялікі натоўп людзей, і злітаваўся над імі, і аздаравіў хворых іхніх.

Калі ж настаў вечар, Ягоныя вучні падышлі да Яго і сказалі: Пустыннае месца гэтае і гадзіна ўжо позняя; адпусці народ, каб яны пайшлі ў вёскі і купілі ежы сабе. Езус сказаў ім: Не трэба ім ісці, вы дайце ім есці.

Яны ж кажуць яму: У нас тут толькі пяць хлябоў і дзве рыбы. Ён сказаў: Прынясіце іх Мне сюды.
Пасля Ён загадаў народу сесці на траву, узяў пяць хлябоў і дзве рыбы, паглядзеў на неба, благаславіў і, паламаўшы, даў хлеб вучням, а вучні – народу. І елі ўсе і насыціліся, і з кавалкаў, што засталіся, сабралі дванаццаць поўных кашоў. А тых, хто еў, было каля пяці тысяч чалавек, не лічачы жанчын і дзяцей.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.