Пошук


29.08.2013 10:25  

1 чыт. Сір 3, 17-18. 20. 28-29; Пс 68 (67), 4-5ab. 6-7ab. 10-11.
2 чыт. Гбр 12, 18-19. 22-24a.
Ев. Лк 14, 1. 7-14.

Абраць бедных

Імпульс да сённяшняга разважання прыходзіць да нас з Павучання аб хрысціянскай свабодзе і вызваленні, як яго прапануе Кангрэгацыя Веравучэння (1986 г.): «Тым, што Касцёл палюбіў бедных, ён сведчыць пра годнасць чалавека, ён кажа адназначна, што гэта датычыць хутчэй таго, чым чалавек ёсць, чым таго, чым ён валодае. Ён пацвярджае, што такую годнасць нельга знішчыць, якім бы ні было становішча, на якое рэдукуецца чалавечае жыццё: беднасць, пагарджэнне, высяленне на край грамадства, бяссілле. Касцёл праяўляе салідарнасць з тымі, хто нічога не значыць у грамадстве, з якога яны былі маральна, але часта і фізічна, выкінуты на яго край. Ён іх зноў прымае ў супольнасць людзей і ў супольнасць Божых дзяцей. Асаблівым чынам Касцёл з мацярынскай любоўю схіляецца да сваіх дзяцей, якія з-за чалавечага зла ніколі не ўбачаць святла, — гэта пажылыя людзі, адзінокія і пакінутыя. У тым, што Касцёл у першую чаргу абірае бедных, прычым гэты выбар зусім не з’яўляецца знакам выключнасці або сектанцтва, праяўляецца ўніверсальнасць характару і місіі Касцёла. Гэты падыход не выключны» (68).

Пакорныя праслаўляюць Бога


Сын Сіраха рэкамендуе пакору («рабі свае справы ў пакоры», «чым больш ты вялікі, тым больш пакорным станавіся») і міласціну як падыходы велікадушнай гатоўнасці чымсьці дапамагчы бліжняму. Справа не толькі ва ўнутраных пачуццях, а ў пэўным спосабе мыслення і дзеянняў, якія натхняюцца сяброўствам, і ўнутранай салідарнасцю. Міласціна таксама была важным абавязкам ў старажытным грамадстве, дзе не існавала страхавой сістэмы, забеспячэння на пенсіі, у выпадку хваробы і іншых устаноў, якія мы ведаем у сучаснасці. Сціпласць, пакора і міласціна — гэта рысы таго, хто адчувае неабходнасць ці жаданне дапамагаць бліжняму з сапраўднай і канкрэтнай салідарнасцю і сяброўствам. Імі і праслаўляецца Бог, у іх знаходзіцца ласка ці благаслаўленне ў Пана.

Гэта значыць, што адносіны да Бога істотна звязаны з адносінамі да бліжняга: не можам знайсці ласкі ў Бога, калі мы не будзем праяўляць пастаяннай і актыўнай салідарнасці з бліжнім. Заўважым, што сын Сіраха не абмяжоўваецца толькі выразам, што добра дапамагаць бедным і патрабуючым, але ён і раіць нам, як мы павінны чыніць у нашым унутраным свеце. Ён раіць нам сціпласць і пакору, дзякуючы якім бедныя і патрабуючыя дапамогі становяцца нашымі сябрамі і братамі. Мы ўжо не глядзім на іх звысоку як на іншаземцаў, але прымаем іх і ўключаем у наша жыццё. Мы атрымліваем тут параду, як аказаць сапраўдную дапамогу бедным, якія ў выніку ганарыстасці багатых і моцных апынуліся ў сацыяльнай і духоўнай сферы на краю грамадства, а таксама параду, якім чынам іх прыняць у грамадства, у якім мы жывём.

Кажучы іншымі словамі, тое, што мы выступаем у абарону бедных, павінна весці не да рэвалюцыі бедных супраць багатых, да замены моцных слабымі, а да стварэння братэрскага, сяброўскага, пакорна разважаючага, сціплага і трывалага грамадства. Толькі тады можна сказаць, што ўжо няма ніякіх бедных, калі кожны будзе адчуваць сябе сапраўды прынятым і свабодным членам адной сям'і, Айцом якой з'яўляецца Бог.

Новы Ерузалем

Прыняцце бедных — якое ажыццявілася заснаваннем Касцёла, новай сям'і Божых дзяцей, — гэта сон, мара, пазначаная ў Пасланні да Габрэяў. Хрысціянам, якія заключылі Новы Запавет з Езусам, ужо не трэба ні знакаў расы, ні багацця, рэлігіі, нейкіх іншых этыкетак. Яны будуць роднымі Бога, усе яны будуць запрошаны на ўрачысты «сход», скліканы Пасрэднікам Новага Запавету: «Вы ж прыступіліся да гары Сіён і да горада Бога жывога, да нябеснага Ерузалема, да безлічы Анёлаў, да святочнага сходу, да Касцёла першародных, запісаных у нябёсах, і да Бога — Суддзі ўсіх, да духаў праведных, якія дасягнулі дасканаласці, да Езуса — Пасрэдніка Новага Запавету». «Гара Сіён», «горад Бога жывога», «нябесны Ерузалем» — гэта тры спосабы выражэння біблейскай мовы для пазначэння Касцёла як новага грамадства, якое стварыў Бог і якое жыве ў Божай прысутнасці. Такія вобразы сапраўды адносяцца да Старога Запавету, да грамадства ізраільскага народа, якое ў поўнай меры рэалізуецца ў грамадстве Езуса.

Тое, што Бог стаў заснавальнікам гэтага новага грамадства, падкрэсліваюць таксама некаторыя выразу з Божай справы збаўлення: «запісаны ў нябёсах» — а не зарэгістраваны ў метрычнай кнізе, прысутнасць анёлаў, «справядлівыя, якія ўжо дасягнулі дасканаласці». Адным словам, гаворка ідзе пра грамадства, якое цалкам адрозніваецца ад грамадстваў, якія ствараюць сабе людзі на аснове сваіх крытэрыяў, законаў і патрэбаў. Не трэба лічыць, што такое грамадства, паколькі яго характарызуюць узгаданыя якасці, магчыма абвінаваціць у элітарызме, сектанцтве або здрадзе ўніверсальнаму збаўленню. Вельмі важна падкрэсліць, што збаўленне носіць «сацыяльны» аспект: гаворка ідзе пра «сход». Гэта супольнасць людзей, якіх Бог прывёў да дасканаласці, іншымі словамі, пасвечаных, якія павінны жыць адрозным стылем жыцця, гэта альтэрнатыва існаванню чалавечых грамадстваў, створаных на аснове інтарэсаў і эгаізму асобных людзей або груп. Толькі ўнутры такога новага грамадства, створанага Пасрэднікам Новага Запавету, набывае прыняцце бедных новы сэнс як «рэінтэграцыя ў братэрстве людзей, у супольнасці Божых дзяцей».

Гасціны з беднымі

У грамадстве Езуса няма месца для неўтаймаваных прэтэнзій, зазнаванняў, самалюбства, зайздрасці, класавага расслаення. Гэта прыводзіць да раздзялення грамадства на классы і структуры панавання адных над іншымі. Езус усё гэта выказаў у форме прыпавесці.

«Калі нехта пакліча цябе на вяселле, не сядай на першае месца… прыйдзі і сядай на апошняе месца». Гэты спосаб паводзінаў відавочна супрацьлеглы добрым паводзінам і свецкаму мысленню. Езус хоча, каб мы зразумелі, што ў Яго грамадстве больш не дзейнічаюць тыя ці іншыя парадкі чалавечага грамадства. Правілы тут ужо вылучаюцца не цвёрдым спаборніцтвам, не самай неўтаймаванай канкурэнцыяй, а ўзаемным служэннем. Падчас Тайнай Вячэры Езус — хоць Ён быў Настаўнік — служыў сваім вучням, мыў ім ногі як іх слуга. Рабін Еханам кажа: «Хто перашкодзіць служыць сваім вучням, гэта нібы той, хто ім перашкодзіць у любові». Езус зрабіў так: перашкодзіў сваім вучням, каб яны Яму служылі. Хто жыве ў пакоры і служэнні, атрымае падчас вячэры (іншымі словамі – ў паўсядзённым жыцці грамадства) аплату і запрашэнне сесці на ганаровае месца. Прыняць бедных значыць для нас не выцясняць «малых» на апошнія месцы з-за зайздрасці, рэўнасці, прагнення ўлады і жадання кіраваць іншымі.

У далейшай частцы Езус раіць, якім чынам трэба наладжваць гасціну (і таксама Эўхарыстыю). Калі гасціна з'яўляецца знакам грамадства і любові, тады запрашай не толькі таго, хто можа табе аддзячыць, а таго, хто можа толькі атрымаць ад цябе: «Калі наладжваеш гасціну, кліч убогіх, калекаў, кульгавых, невідушчых, і шчаслівы будзеш, што яны не маюць як адплаціць табе, бо адплаціцца табе ў дзень уваскрасення справядлівых». Тут праяўляецца нават асаблівы інтарэс евангеліста Лукі: збаўленне абвяшчаецца людзям на краю грамадства і бедным. Бедныя будуць прывілеяванымі ў Божым Валадарстве.

Этыкай Езуса кіруе не закон абмену, а закон бескарыснай і сяброўскай велікадушнасці. Езус аднаўляе таксама павагу да Старога Запавету. З Другой кнігі Валадарстваў вядома, што габрэі казалі: «Сляпы і кульгавы не ўвойдуць у дом Пана». У Кумране не прымалі ў сваё грамадства кульгавых, глухіх і нямых. А Езус дае ўсім гэтым людзям прывілеяванае месца. Абраць бедных — гэта характэрная рыса грамадства Езуса, якое адрозніваецца ад розных грамадстваў гэтага свету, бо гэтыя грамадствы арыентаваны на выключэнне бедных, хворых і старых. Тут да месца зноў паўтарыць, што іх прыняцце — гэта не толькі дапамога, але і прыняцце за той жа стол, у тую ж самую сям'ю Езуса, дзе ўсе прызнаюць адзін аднаго і клічуць братамі. Аказаць дапамогу чалавеку на краю грамадства яшчэ не значыць, што мы пазбавім яго выключэння. Прыняцце ў грамадства Езуса робіць беднага маім братам, такім жа, як і я.

Толькі непарыўнае паглыбленне нашага адзінства з Езусам Хрыстом і ўважлівае назіранне за нашым канкрэтным жыццём дазволяць нам штодзённа адкрываць Божую волю, значыць тое, што мы павінны пакінуць, каб стаць сапраўднымі хрысціянамі, і тое, што мы павінны рабіць.

ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.

Абноўлена 13.08.2019 19:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа