Пошук

29.06.2013 23:05  

Дарагія браты і сёстры! Слухаючы Божае cлова, нельга было не заўважыць, што апошнія радкі сённяшняга Евангелля маюць даволі суровы змест. Дазволю сабе яшчэ раз іх прыгадаць: «Ніводзін, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да  Валадарства Божага». Гэта нялёгкія словы! Яны як бы ставяць высокую планку для тых, хто хоча наследаваць Хрыста. Хтосьці можа нават сказаць, што падобныя словы маларэальныя, а нават пазбаўленыя сэнсу. Каб у гэтым разабрацца, прапаную разам паразважаць над сённяшнім Божым словам.

Чытаючы Евангелле, мы неаднаразова можам сустрэць словы ці заклікі на падобную тэматыку: «Хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца самога сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною…» Ці, напрыклад, у размове з багатым юнаком Езус кажа: «Прадай усё, што маеш, і раздай бедным, і тады можаш ісці за Мною…» Гэта толькі некаторыя выразы, у якіх Настаўнік з Назарэта ставіць вельмі высокія патрабаванні. Калі чытаць Евангелле далей — гэтых выразаў будзе значна больш.

Аднак як разумець падобныя словы Езуса? Ці сапраўды Яго патрабаванні настолькі суровыя? Езус, будучы яўрэем, жывучы ў яўрэйскім асяроддзі, вельмі часта ў сваіх прамовах і навуках выкарыстоўвае адну асаблівасць: Ён праз нейкі вобраз стварае кантраст, каб чалавек выдатна зразумеў тую праўду, якую хоча яму пераказаць Езус. Я думаю, знаёмыя нам будуць гэтыя словы: «Прасцей вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Нябеснае». Гэты вобраз змяшчае адну праўду: багатаму вельмі цяжка ўвайсці ў Валадарства Нябеснае.

Таксама і ў сённяшнім урыўку з Евангелля. Калі даслоўна прыняць тое, што сёння кажа Езус, то можна стаць фанатыкам, або, калі казаць па-руску, «удариться в религию», але тым часам нам трэба правільна зразумець словы Езуса, не вырываючы іх з кантэксту.

Для тых, хто наследуе Хрыста, Езус кажа наступнае: калі хочаш быць Маім вучнем, ты павінен ведаць, што жыццё будзе не такім лёгкім, як можа табе здавацца. Яно будзе пазбаўлена выгодаў, аб якіх ты марыш або якія ты сабе ўяўляеш. Ды наогул, жыццё Хрыстовага вучня, па-іншаму — кожнага веруючага чалавека — гэта не асабістае шуканне выгодаў, гэта не жыццё на Багамах ці ў пяцізоркавым гатэлі, таму што «лісы маюць норы, і птушкі нябесныя – гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву».

Таксама Езус сёння не заклікае ставіцца абыякава да смерці блізкага чалавека. Вось прыгледзьцеся, які рэзананс выклікае Ён, кажучы: «Пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае». Звычайны нармальны чалавек любіць сваіх родных. Ён да іх прывязаны, і Езус не хоча, каб веруючы чалавек, Яго вучань, ставіўся абыякава да сваіх блізкіх, тым больш памерлых. Ён не кажа, каб кідаць памерлага чалавека, тым больш блізкага, але хоча падкрэсліць, наколькі важным з’яўляецца абвяшчэнне Божага Валадарства.

Калі прыгледзецца да апошняга сцверджання, то нелагічным здаецца адказаць на голас Божы, на Яго пакліканне, не развітаўшыся са сваімі роднымі і блізкімі. Езус тут кажа іншае: нельга, адказаўшы на Божы заклік, крочыць іншым шляхам, чым той, які паказвае Хрыстус. Вось таму ніводзін, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да  Валадарства Божага.

Дарагія! Сённяшняе Божае слова змяшчае евангельскі радыкалізм. Калі ты выбраў шлях веры, калі ты веруючы хрысціянін, то павінен крочыць гэтым шляхам, шляхам, які паказвае Езус. Ён хоць і абяцае прыгажосць вечнага жыцця, але ставіць канкрэтныя патрабаванні, якія тут, на зямлі, неабходныя, каб прыняць гэтае вечнае жыццё.

Таму евангельскі радыкалізм не толькі патрэбны, але і неабходны. Памятаем словы Езуса: «не можаце служыць двум гаспадарам». Калі перафразаваць гэты выраз, то можна сказаць так: нельга быць падобным да Хрыстовага вучня толькі знешне, а ўнутры не згаджацца з Яго навукаю. Не можа быць «або-або». Езус памёр за нас не напалову. Таму або ўсё, або нічога. Або выбіраем Хрыста, або Яго адкідваем. Вось менавіта пра гэта сёння хоча нам прыгадаць Езус.

Дарагія! Такім чынам мы з вамі прыходзім да высновы, што евангельскі радыкалізм патрэбны. Толькі зараз пытанне: якім ён павінен быць у нашым жыцці? Напэўна, адназначна на гэтае пытанне цяжка адказаць. Для кожнага ён будзе розны, і адзінага ўніверсальнага рацэпту на яго няма.

Тым не менш кожны хрысціянін павінен знайсці ўласцівую для сябе дарогу наследавання Хрыста. Адзінае, што ёсць агульнае для кожнага веруючага хрысціяніна адносна евангельскага радыкалізму, — гэта адрачэнне ад свайго ўласнага эгаізму, уменне заўважыць іншага чалавека і яго патрэбы. Заўважыць і адгукнуцца, не праігнараваць, не застацца абыякавым, але дапамагчы.

А патрабаванні для веруючых, якія Езус сёння ставіць, неабходныя для таго, каб па-сапраўднаму наследаваць Езуса Хрыста. А да такога наследавання кожны з нас пакліканы. Сёння Езус нас заклікае, каб мы працягвалі станавіцца хрысціянамі. Бо гэта працэс, які доўжыцца ўсё жыццё. Няма такога моманту, калі можна адпачыць на лаўрах і сцвердзіць: «усё, я ўжо дасканалы хрысціянін», але важна ўсвядоміць патрэбу надалей «станавіцца хрысціянінам». Таму няхай словы Езуса з сённяшняга Евангелля стануць для нас правільна зразумелай інструкцыяй наследавання Хрыста на кожны дзень. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.