Пошук

10.05.2025 11:14   Catholic.by

Кардынал Роберт Фрэнсіс Прэвост быў абраны Папам на канклаве ўвечары 8 мая 2025 года пасля чатырох тураў галасавання.

Новы Папа стаў 267-м Наступнікам святога Пятра. Першы Пантыфік, які паходзіць з Паўночнай Амерыкі, жыццё якога было цесна звязана з Паўднёвай Амерыкай. Першы Папа-аўгустынец. На момант абрання Біскупам Рыма яму было 69 гадоў. Яго папярэднік, Папа Францішак, адышоў у вечнасць у Велікодны панядзелак 21 красавіка 2025 года.

Папа Леў XIV нарадзіўся 14 верасня 1955 года ў Чыкага (Злучаныя Штаты Амерыкі) у сям'і са змешанымі каранямі: яго бацька, які працаваў школьным адміністратарам, меў французскае і італьянскае паходжанне, а маці, школьны бібліятэкар, — іспанскае. Належыць да Ордэна аўгустынцаў, у які ўступіў 1 верасня 1977 года. Пасля атрымання святарскага пасвячэння ў 1982 годзе — місіянер у Перу. З 2001 па 2013 гады — генеральны прыёр Ордэна Святога Аўгустына. У 2014-2015 гадах — апостальскі адміністратар дыяцэзіі Чыклая ў Перу, у 2014-2023 — біскуп вышэйзгаданай дыяцэзіі. У 2023 годзе прызначаны прэфектам Дыкастэрыі па справах біскупаў і старшынёй Папскай камісіі па Лацінскай Амерыцы. Свабодна валодае англійскай, іспанскай, італьянскай, французскай і партугальскай мовамі, а таксама чытае па-лацінску і па-нямецку.

Папа Леў XIV быў абраны на адным з самых кароткіх канклаваў у гісторыі — на другі яго дзень.

Крыніца: vaticannews.va

Абноўлена 10.05.2025 22:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.