Пошук

Ілюстрацыйная выява: Pinterest

1 чыт.: Зых 22, 20–26;
Пс 18 (17), 2–3а. 3bc–4. 47 i 51аb
2 чыт.: 1 Тэс 1, 5с–10
Ев.: Мц 22, 34–40

Цэнтральнай тэмай сённяшніх чытанняў з’яўляецца найбольшая запаведзь Бібліі, а менавіта: адказваць на любоў Бога да нас любоўю да Яго і любіць Бога ў нашым бліжнім. Першае чытанне, узятае з Кнігі Зыходу, тлумачыць розныя праявы любові да бліжняга, асабліва да абяздоленых. Сённяшні псальм — гэта наш гімн даверу Богу, які любіць нас і дае нам усё, каб мы маглі аддаць усё Яму ў любові да Яго дзяцей. Такім чынам, мы спяваем: «Буду любіць Цябе, Пане, моц мая. Пан — мая скала i цвярдыня, Ён мой Збаўца!» У другім чытанні святы Павел усхваляе тэсаланікійскіх хрысціянаў за гераічнае сведчанне, якое яны далі пра Хрыста, прымаючы Яго з любоўю, што прывяло іх да ўзаемнай любові.

У сённяшнім Евангеллі Езус спалучае запаведзь любові да Бога з запаведзю любові да бліжняга і дае як вынік адзіную запаведзь найвышэйшай важнасці ў хрысціянскім жыцці.

З прамовай наконт найбольшай запаведзі Езус звяртаецца каля ерузалемскай святыні, адказнымі за якую былі садукеі — ерузалемская арыстакратыя са святарскіх родаў. Такім чынам, у іх руках знаходзіўся цэнтр юдэйскага жыцця: Божы культ, грашовыя і іншыя ахвяраванні, палітычныя дыскусіі. На свята Пасхі пры святыні забівалі каля 20 тысяч авечак, а ў Ерузалем прыходзіла кожны год на Пасху каля 100 тысяч пілігрымаў. Перад пачутай намі размовай Езуса з фарысеямі у Евангеллі паводле Мацвея прыведзены тэкст, як Езус трапна адхіляе аргументы садукеяў супраць магчымасці ўваскрасення мёртвых. Тады да Хрыста і прыходзяць фарысеі, якія былі палітычнымі і рэлігійнымі апанентамі садукеяў, прагнучы праверыць погляды Хрыста. Калі садукеі цесна супрацоўнічалі з акупацыйнай рымскай уладай, задаволеныя існуючым станам рэчаў, то фарысеі, наадварот, чакалі вялікіх пераменаў: прыйсця Месіі з роду Давіда.

Каб прыспешыць гэтую падзею, фарысеі імкнуліся вельмі скрупулёзна захоўваць запаведзі і рытуальныя прадпісанні Пяцікніжжа (Торы). У такім кантэксце пытанне пра тое, якая запаведзь з’яўляецца найбольшай, гучыць вельмі актуальна для фарысеяў. Для іх выкананне запаведзяў і прадпісанняў часта было спробай прымусіць Бога звярнуць на іх увагу і ўдзяліць свае дары. Усяго яны прыйшлі да высновы аб існаванні 613 наказаў і забарон для рэлігійнага чалавека.

Хрыстус першым выканаў запаведзь любові да Бога і бліжняга. Ён гаворыць усім нам, што дае нам не толькі новую запаведзь, але прыклад яе выканання і сілы яе выконваць.

Любі Пана Бога твайго ўсім розумам тваім: гэтую частку запаведзі Езус выканаў, калі маліўся ў Аліўным садзе, звяртаючыся да Бога Айца «няхай станецца не Мая, а Твая воля», і калі дазволіў накласці сабе на галаву вянок з церня. Любі Пана Бога твайго ўсёй моцай сваёй (так у рэдакцыі евангеліста Марка) — калі дазволіў сябе ўкрыжаваць. Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім — калі маліўся за тых, хто Яго пераследуе, і калі Яго сэрца было прабітае дзідай.

Любіць Бога азначае ставіць Яго на першае месца, паважаць Яго імя і захоўваць Яго святы дзень — нядзелю. Любіць Бога азначае прысвячаць усяго чалавека Яго волі, ставіць Яго на першае месца ў сваім розуме і сэрцы, казаць пра Яго з павагай і захоўваць Яго дзень як дзень малітвы і сапраўднага адпачынку, дзень захавання Яго Закону. Любоў да Бога перамяняе нашае жыццё кожную хвіліну.

Любоў да бліжняга азначае павагу да іншых, адносін з імі, іх рэпутацыі і іх уласнасці. Любіць бліжняга, як самога сябе, азначае глядзець на іншых і ставіцца да іх з годнасцю, якую даў ім Бог. Гэтая любоў пачынаецца дома з сям’і. Потым яна распаўсюджваецца на іншых, акрамя нашай сям’і і сяброў, на незнаёмцаў, асабліва на бедных, хворых і грэшнікаў.

Любоў да бліжняга не ведае ні нацыянальных межаў, ні класавых адрозненняў, ні якіх-небудзь перашкод, таму што Бог не ведае такіх перашкод.

У другім стагоддзі нашай эры нехрысціянін па імені Арыстыд напісаў імператару Адрыяну пра хрысціянаў. Між іншым, ён пісаў: «Хрысціяне любяць адзін аднаго. Яны заўсёды дапамагаюць удовам; яны ратуюць сірот ад тых, хто іх крыўдзіць. Калі хтосьці з іх мае штосьці, ён дарма аддае тым, хто нічога не мае. Калі бачаць прахожага, хрысціяне запрашаюць яго дадому і радуюцца, як роднаму брату. Яны не лічаць сябе братамі ў звычайным сэнсе, але братамі па Духу, у Богу. І калі яны пачуюць, што адзін з іх знаходзіцца ў турме або пераследаваны за вызнанне імя іх Адкупіцеля, яны даюць яму ўсё, што яму трэба. Гэта сапраўды новы тып чалавека. Ёсць у іх нешта Боскае». Нездарма нехрысціяне першага стагоддзя казалі адзін аднаму: «Паглядзіце, як гэтыя хрысціяне любяць адзін аднаго».

 

 

Абноўлена 28.10.2023 10:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа