ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Калі пакрыўдзіце ўдаву і сірату, распаліцца гнеў Мой
Чытанне кнiгi Зыходу.
Так кажа Пан:
Чужаземца не ўціскайце і не прыгнятайце яго, бо вы самі былі чужаземцамі ў зямлі егіпецкай.
Ніводнай удавы і сіраты не крыўдзіце. Калі пакрыўдзіце іх, то Я, калі будуць заклікаць Мяне, пачую іхні крык; і распаліцца гнеў Мой, і заб’ю вас мячом, і будуць жоны вашыя ўдовамі, а сыны вашыя — сіротамі.
Калі пазычыш грошы народу Майму, беднаму, які ёсць з табою, не будзь для яго як ліхвяр; не вымагай ад яго працэнтаў.
Калі возьмеш у заклад плашч бліжняга свайго, да захаду сонца аддай яго, бо гэта адзінае ягонае ўбранне, гэта вопратка для цела ягонага. На чым ён яшчэ будзе спаць? І станецца, калі ён будзе заклікаць Мяне, Я пачую яго, бо Я міласэрны.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Пана праслаўляю, бо дае мне сiлу.
2. Буду любіць Цябе, Пане, *
моц мая.
5. Пан — мая скала i цвярдыня, *
Ён мой Збаўца.
Рэфрэн:
Бог мой — абарона мая, на Яго спадзяюся, *
шчыт мой, моц збаўлення майго, мая крэпасць.
6. Паклiчу Пана, годнага хвалы, *
i ад ворагаў маiх вызвалены буду.
Рэфрэн:
47. Жыве Пан, благаслаўлёная мая Абарона. *
Няхай будзе ўзвялічаны Бог збаўлення майго.
51. Ты павялічваеш каралю свайму дапамогу,*
i свайго памазаніка адорваеш міласэрнасцю.
Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
Вы, пакінуўшы ідалаў, звярнуліся да Бога, каб служыць Яму і чакаць Сына Ягонага
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Тэсаланiкiйцаў.
Браты:
Вы ведаеце, якімі сталі мы ў вас дзеля вас. I вы пачалі наследаваць нас і Пана, прыняўшы слова ў вялікім уціску з радасцю Духа Святога, так што сталіся вы ўзорам для ўсіх вернікаў у Македоніі і Ахаі.
Дзякуючы вам прагучала слова Пана не толькі ў Македоніі і Ахаі, але і ў кожным месцы распаўсюджвалася ваша вера ў Бога, так што нам няма патрэбы нешта казаць. Самі яны пра нас сведчаць, якім быў наш прыход да вас і як вы, пакінуўшы ідалаў, звярнуліся да Бога, каб служыць жывому і праўдзіваму Богу і чакаць з нябёсаў Сына Ягонага, якога Ён уваскрасіў з мёртвых, — Езуса, які выбаўляе нас ад надыходзячага гневу.
Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Любі Пана Бога твайго і любі бліжняга твайго, як самога сябе
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Калі фарысеі пачулі, што Езус прымусіў замоўкнуць садукеяў, сабраліся разам. І адзін з іх, кніжнік, выпрабоўваючы Яго, спытаўся: Настаўнік, якая запаведзь найбольшая ў Законе?
Езус сказаў яму: Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім. Гэта найбольшая і першая запаведзь. Другая ж — падобная да яе: Любі бліжняга твайго, як самога сябе. На гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь Закон і Прарокі.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ