Пошук

Прыпавесць пра злых вінаградараў. Гравюра з «Залатога кодэкса» з Эхтэрнаха / wikipedia.org

1 чыт.: Іс 5, 1–7;
Пс 80 (79), 9 і 12. 13–14. 15–16. 19–20;
2 чыт.: Флп 4, 6–9;
Ев.: Мц 21, 33–43

У сённяшнім Евангеллі Езус распавядае прыпавесць, у якой землеўладальнік азначае Бога, вінаграднік — Ізраэль як Божы асаблівы народ, а арандатары — гэта палітычныя і рэлігійныя лідары Ізраэля. Агучаная гісторыя падкрэслівае няздольнасць арандатараў, выбранага Божага народа і яго кіраўнікоў, прынесці плён праведнасці, справядлівасці і міласэрнасці. Езус нагадвае нам, хрысціянам, што, паколькі мы з’яўляемся «новым» Ізраэлем, узбагачаным дадатковымі благаслаўленнямі і дарамі ў Касцёле, ад нас чакаецца, што мы будзем дэманстраваць сваю ўдзячнасць Богу, прыносячы плады Валадарства, плады Духа Святога ў нашым жыцці, аддаючы Богу належную хвалу.

Прыпавесць пра вінаграднік адлюстроўвае супярэчанні ў адносінах паміж арандатарамі і гаспадарамі вінаграднікаў у Палестыне. Большасць вінаграднікаў належала багатым гаспадарам, якія жылі ў Ерузалеме, Дамаску ці Рыме, якія здавалі свае землі арандатарам і былі зацікаўленыя толькі ў зборы арэнднай платы. Тагачасная Палестына віравала ад эканамічных хваляванняў. Працоўныя людзі былі незадаволеныя ўмовамі працы, і таму сяляне-арандатары падхоплівалі рэвалюцыйны лозунг, што «кожны надзел зямлі належыць сялянам», гэта значыць тым, хто гэты надзел фактычна апрцоўвае. Таму сяляне часта адмаўляліся плаціць раней узгодненую арэндную плату, а ў некаторых выпадках нападалі на прадстаўнікоў землеўладальніка. Таму натуральна, што прыпавесць Езуса адлюстроўвае народную нянавісць да іншаземнага панавання і манапалізацыі сельскагаспадарчай зямлі багатаю меншасцю, якая падтрымлівала рымскае панаванне.

«Той камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавою вугла».

Дзяўчынка Крысці Ямагучы нарадзілася ў сям’і маладой пары, бацькі якой эмігравалі ў ЗША з Японіі на пачатку дваццатага стагоддзя. На жаль, адна ступня ў яе была пашкоджана. Бацькі спрабавалі вылечыць яе з дапамогай фізіятэрапіі. Каб яшчэ больш умацаваць ногі дчакі, яе запісалі на катанне на каньках. У школьныя дні Крысці трэба было ўставаць у чатыры раніцы, каб патрэніравацца на катку перад тым, як пайсці ў школу. Гэта дапамагло ёй стаць фігурысткай сусветнага ўзроўню.

У 1992 годзе Крысці выйграла залаты медаль для ЗША ў жаночым фігурным катанні на XVI зімовых Алімпійскіх гульнях у Альбервілі ў Францыі. Такім чынам Крысці стала адным з некалькіх прыкладаў таго, як «камень, адкінуты будаўнікамі, стаў галавою вугла», у дадзеным выпадку нацыянальнай жаночай алімпійскай каманды. Прыклад сілы духу гэтага чалавека і яе бацькоў яшчэ раз дапамагаюць нам не апускаць рукі ў самых складаных абставінах і спадзявацца на Бога. У 1996 годзе Крысці стварыла фонд, місія якога — заахвочваць, падтрымліваць і рэалізоўваць надзеі і мары дзяцей.

Кожны з нас таксама можа прыносіць плён нават тады, калі нам здаецца, што пра нас усе забыліся або мы нічога не значым у гэтым свеце.

Ці ўдзячныя мы распарадчыкі таго, што Бог даў нам, ці мы падобныя да няўдзячных арандатараў з Евангелля, якія паводзілі сябе так, быццам яны валодаюць усім, што Бог даў ім? Ці здзяйсняем мы справядлівасць кожны дзень нашага жыцця? Ці прызнаем мы праведнасць Бога, якая ўтрымлівае нас ад ідэі самазбаўлення? Ці памятаем мы пра тое, каб быць міласэрнымі? Ці наша парафія з’яўляецца сапраўдным знакам прысутнасці і любові Хрыста? Ці вымяраем мы «якасць» нашай парафіі па тым, што адбываецца падчас Імшы, ці па тым, што адбываецца, калі мы выходзім з Касцёла?

Прачытанае сёння Евангелле пра вінаградараў паказвае, між іншым, рост зла і паступовую страту страху перад пакараннем, якое можа сустрэць тых, хто шкодзіць іншым. Давайце не будзем лёгка паддавацца веры ў тое, што зло ўзнікае з ніадкуль. Яно развіваецца, паступова ахінае і знішчае чалавека. Каб змагацца з ім, трэба пачынаць з самых дробных яго праяваў і з імі змагацца. Мы запрошаны быць бескампраміснымі ў сваёй барацьбе за дабро.

У сённяшнім Евангеллі пасля прыпавесці пра злых арандатараў Езус прарочыць, што, адкінуты габрэйскім народам, Ён стане краевугольным каменем Валадарства Божага.

Агульнай тэмай сённяшніх чытанняў з’яўляецца неабходнасць прынясення плёну ў хрысціянскім жыцці і адпаведнае пакаранне за духоўную бясплоднасць, няўдзячнасць і зло.

У сённяшнім першым чытанні, якое называецца Песня пра вінаграднік Ісаі, прарок апісвае Божую апеку і спадзяванні на Ягоны выбраны народ. Выбраны Богам народ не змог прынесці плёну, нягледзячы на благаслаўленні, падораныя любячым Богам. Акрамя таго, габрэі былі беднымі арандатарамі ў вінаградніку Пана. Менавіта таму, Бог наракае: «Я чакаў, што мой вінаграднік дасць добры вінаград. Чаму замест гэтага ён прынёс дзікія ягады?»

Мы ўжо тут зарабляем на жыццё. Давайце прыкладаць намаганні, каб мы маглі дасягнуць Неба. Мы і з намі тыя, хто ўтварае святы і паўсюдны Хрыстовы Касцёл, каб Бог ніколі больш не мяняў арандатараў.

Абноўлена 08.10.2023 06:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа