Пошук

04.02.2023 11:01   а. Віктар Жук SI / Catholic.by
Сімяон у святыні: Ахвяраванне Езуса. Мастак Рэмбрант Хармэнсзан ван Рэйн. Фрагмент / wikimedia.org

1 чыт.: Іс 58, 7–10;
Пс 112 (111), 4–5. 6–7. 8а і 9;
2 чыт.: 1 Кар 2, 1–5;
Ев.: Мц 5, 13–16

Светачы Святла сапраўднага

Сённяшняе Евангелле — непасрэдны працяг «запаведзяў шчасця» з Казання на гары, якія мы чулі ў мінулую нядзелю. І таму праз прызму гэтых запаведзяў — ці, інакш кажучы, «партрэт» Езуса — сёння мы хочам паглядзець на тыя вобразы, што раскрываюць ролю вучняў Хрыста ў гэтым свеце.

У той меры, у якой хрысціяне — «носьбіты» Хрыстовых благаслаўленняў, гэта значыць духоўна бедныя, смуткуюць з прычыны трыумфу зла і граху, лагодныя, імкнуцца да справядлівасці і супакою, міласэрныя, маюць чысціню сэрца і намераў, гатовыя зносіць цярпенні дзеля перамогі дабра, — яны становяцца святлом свету і соллю зямлі.

«Я — святло свету», — кажа Езус (Ян 8, 12), і мы вызнаём гэту праўду ў Сімвале веры: «Веру ў Езуса Хрыста, Святло ад Святла». Евангеліст Ян так апісвае Адзінароднага Сына Божага, які «становіцца целам»: «Святло праўдзівае, якое асвятляе кожнага чалавека» (Ян 1, 9). Калі мы захоўваем еднасць з праўдзівым Святлом, самі здольныя быць светачамі. Заглыбляючыся ў гэты вобраз, зразумеем, наколькі гэта адказнае пакліканне. Святло фізічнае неабходна не толькі для таго, каб бачыць, але і для існавання матэрыяльнага жыцця, як мы яго ведаем. Так і без духоўнага святла чалавек, створаны паводле Божага вобразу, не мае ў сабе паўнаты жыцця.

Пан давярае нам быць Ягонымі светачамі: не дзеля таго, каб мы былі ў цэнтры ўвагі, але каб відавочным было тое Святло, што свеціць праз нас. Задумаемся над тым фактам, што святло не існуе дзеля сябе: яно асвятляе іншых, адлюстроўваецца ў іншых, не засяроджваючы ўвагу на сабе. Таксама соль, з якой Езус параўноўвае сваіх вучняў, важная не сама па сабе, а калі выкарыстоўваецца дзеля іншага — у ежы, якой надае смак і не дае сапсавацца. Так і вучні Езуса раскрываюць сэнс сваёй тоеснасці, калі аддаюць сябе, служаць камусьці іншаму. Гэтае сцвярджэнне можа выклікаць у нас супраціў і страх за саміх сябе: што ж застанецца нам, калі мы ўсё аддадзім іншым?..

Аднак менавіта ў гэтым заключаецца мудрасць Евангелля: мы багацеем тады, калі аддаем.

Канечне, гаворка не пра тое, каб даводзіць сябе да «выгарання» ў тым сэнсе, пра які кажуць сучасныя псіхолагі: аддаваць, не папаўняючы «рэсурс». Ад нас ніхто не патрабуе большага, чым мы самі атрымалі: у той меры, у якой мы дазваляем Езусу напаўняць нас Ягоным святлом, мы здольныя раздаваць гэтае святло.

Свяціць дзеля хвалы Айца, які ў нябёсах

Развіваючы вобраз святла, якое свеціць для іншых, Езус кажа відавочнае: свяцільнік не запальваюць дзеля таго, каб схаваць яго, але каб ён мог спаўняць сваё прызначэнне. Падчас сакрамэнту Хросту Божае дзіця атрымлівае святло Хрыста, каб несці яго праз усё жыццё, каб яно ўцелаўлялася ў добрых учынках і станавілася прычынай праслаўлення імя Айца.

Прарок Ісая ў першым чытанні прыводзіць прыклады тых паводзінаў, праз якія «заззяе, як золак, святло тваё»: дзяліцца хлебам з галодным, даць прыстанішча бедным вандроўнікам, апрануць голага, не адварочваць твар ад бліжняга, насыціць душу гаротніка»… Кожны з нас знаходзіўся ў сітуацыі патрэбы фізічнай і духоўнай і можа з удзячнасцю ўспомніць, як асвятліла «цемру» таго моманту дапамога кагосьці, хто тады не схаваў святла любячай міласэрнасці ад нас. Напэўна, можам таксама прыгадаць сітуацыі, у якіх больш ці менш спантанна мы адрэагавалі падобным чынам, і як такія нашыя паводзіны суправаджаліся «славай Пана» — суцяшэннем і задавальненнем глыбока ў душы. Сапраўды можам сказаць, што тады «душа свеціцца і ззяе», як кажам пра твар задаволенага, шчаслівага дзіцяці.

Часам можа здавацца, што той праменьчык святла, які праз нас прабіваецца ў абставінах густой цемры навокал, занадта слабы, каб рассеяць змрок, штосьці змяніць.

Аднак успомнім, што «падсвечнікам», на якім заяснела найярчэйшае святло, хоць і зусім нябачнае ў вачах гэтага свету, быў крыж, на якім вісеў прыбіты наш Збаўца. Менавіта крыжовая ахвяра любові сталася прэлюдыяй да новага золку ўваскрасення. Святло, якое асвятляе гэты свет ад таго моманту, — пасхальнае: яно надае сэнс кожнаму высілку і цярпенню, зробленаму і прынятаму з любоўю, даючы надзею і ўпэўненасць, што кожны такі акт становіцца «цаглінкаю» ў будоўлі Божага Валадарства.

Папа Францішак часта нагадвае нам, вучням Хрыста, членам Ягонага містычнага Цела, што Касцёл не можа жыць, засяроджаны на самім сабе. Мэта Касцёла — быць «горадам, які стаіць на вяршыні гары», каб усе маглі бачыць святло, якім гараць сэрцы Божых дзяцей. Калі мы не нясем сведчання пра атрыманы намі дар, наша «соль» губляе свой смак: мы нічым не адрозніваемся ад мноства тых, хто жыве, пагружаны ў цемру нявер’я і ідалапаклонства.

Прарок абяцае, што калі захаваеш вернасць пакліканню быць светачам вечнага Святла, «тады будзеш клікаць, і Пан выслухае, папросіш дапамогі, і Ён адкажа: Вось я!»

Магчыма, нашыя просьбы застаюцца нявыслуханымі менавіта таму, што не даем разгарэцца іскры, запаленай Панам у нашай душы ў момант Хросту; невыслуханымі, бо мы просім не аб тым, што дапаможа нам ззяць сведчаннем веры і любові. Дазволім жа сёння, каб подых Духа распаліў у нас жаданне несці святло Хрыста тым, каго яно яшчэ не сагрэла. Амэн.

Абноўлена 04.02.2023 11:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця