Пошук

08.10.2022 08:00   а. Віктар Жук SI / Catholic.by
Аздароўленыя пракажоныя. Мастак Браян Кершызнік / kershisnik.com

1 чыт.: 2 Вал 5, 14–17;
Пс 98 (97), 1. 2–3ab. 3cd–4;
2 чыт.: 2 Цім 2, 8–13;
Ев.: Лк 17, 11–19

Удзячнасць і яе ворагі

Сённяшні аповед пра аздараўленне Панам Езусам пракажоных засяроджвае ўвагу на вельмі важнай рысе нашага стаўлення да жыцця: удзячнасці. Дзесяцёра былі ачышчаныя ад жудаснай хваробы праказы, але толькі адзін з іх вярнуўся, каб падзякаваць за цуд, які адбыўся праз слова Езуса, што здзіўляе Пана. Мы можам шукаць розныя тлумачэнні для паводзінаў астатніх дзевяцёх, якія проста пайшлі далей сваёй дарогай пасля такой перамены ў іхнім жыцці: можа, яны ўжо надта далёка адышлі ад месца сустрэчы з Езусам; можа, спяшаліся цешыцца новай свабодай, якую атрымалі, і магчымасцю вярнуцца ў супольнасць людзей пасля вымушанай ізаляцыі…

Калі мы не ўмеем дзякаваць, напэўна, таксама знойдуцца розныя адгаворкі: у нас няма настрою; нічога асаблівага нібыта не здарылася; тое, што атрымалі, лічым нам належным па праве… Магчыма, спяшаемся перайсці далей да наступнага «пункта ў праграме» нашага жыцця, імкнучыся завалодаць чымсьці яшчэ большым, а можа, несвядома баімся прызнаць, што мы насамрэч не заслужылі таго, што атрымалі ў дар, і ўзнікае пытанне, ці не павінны будзем аддаць штосьці ўзамен?

У любым выпадку, варта супрацьстаяць спакусе няўдзячнасці і ў кожны перыяд жыцця вучыцца заўважыць тыя дары, якія няспынна атрымліваем.

Пан Езус заўважае, што адзіны вылечаны, які вярнуўся, быў чужынцам — самаранінам. Калі прыходзім у чужы дом, нам лягчэй спантанна выказваць падзяку за гасціну, чым калі ўзаемадзейнічаем з нашымі роднымі і блізкімі: звычка і руціна перашкаджаюць усвядоміць, што дар, нанава атрыманы сёння, нават калі і ўчора таксама быў нам дадзены, не перастае быць дарам! Варта рабіць высілак, каб не ўспрымаць даброты, якімі мы акружаныя, як штосьці відавочнае, што і так нам належыць. «Што ж маеш ты, чаго б не атрымаў?» — пытаецца ў сваіх адрасатаў апостал Павел (1 Кар 4, 7), і гэтае пытанне і нам трэба штодзённа сабе задаваць.

Яшчэ адзін вялікі вораг удзячнасці — негатыўнае бачанне, звяртанне ўвагі на тое, што не так, чаго не хапае, замест таго, каб умець заўважыць і ацаніць тое, што ёсць. Будзем жа кожны вечар прасіць аб святле Духа Святога, каб пазбаўляцца ад негатыўнага бачання і завяршаць дзень, знаходзячы дастаткова прычын, каб дзякаваць Богу за атрыманыя дары.

Эўхарыстычнае існаванне

Ва ўменні быць удзячнымі гаворка ідзе не проста пра добрыя манеры ці станоўчае стаўленне да свету. Паводзіны былога пракажонага, які вяртаецца да Езуса, перададзены грэчаскім дзеясловам εὐχαριστεῖν, ад якога паходзіць назва сакрамэнту Эўхарыстыі. Наша штотыднёвае (або і часцейшае) сакрамэнтальнае святкаванне камуніі з Богам сярод іншых назваў атрымала менавіта гэтае імя: падзяка. На працягу святой Імшы ёсць шмат момантаў, калі мы ўзносім падзяку Богу, напрыклад, у прэфацыі ў форме дыялогу паміж святаром і супольнасцю вернікаў:

Падзякуем Пану Богу нашаму.
Годна гэта і справядліва.
Сапраўды годна гэта і справядліва…

Але цэнтральны момант — гэта не наша падзяка Богу, а ўспамін таго, як наш Збаўца Пан Езус падчас Апошняй Вячэры, беручы хлеб і келіх у свае рукі, узносіць падзяку Айцу і раздае іх вучням (гл. Лк 22, 17–19). Гэты жэст, які мы паўтараем кожны раз у сакрамэнце Эўхарыстыі, нагадвае пра сутнасць жыцця Езуса і нашага.

Усё нашае існаванне — гэта чысты дар, які мы атрымліваем няспынна (а не толькі ў момант зачацця ці нараджэння). Падзяка — гэта прызнанне велічы і прыгажосці дару жыцця і ўсяго таго, што наш нябесны Айцец спасылае нам на шляху да Яго.

Узор менавіта такога стаўлення падае нам Езус напярэдадні сваёй Пасхі: нават неверагодна балючы і трагічны досвед мукі і крыжовай смерці становіцца нагодай падзякі, бо ён вядзе да перамогі ўваскрасення; бо такім чынам Езус здзяйсняе канчаткова сваё збаўчае пасланніцтва да сям’і Божых дзяцей. Гледзячы на нашага Збаўцу, Настаўніка і Брата, прымаючы дар Ягонага жыцця, аддадзенага ў ахвяру дзеля нашага жыцця, мы вучымся такой удзячнасці, якая нараджае ў нас жаданне аддаць нас саміх цалкам «у вечны дар Айцу» (пар. ІІІ Эўхарыстычная малітва), бо ў гэтым найвышэйшае прызначэнне нашага існавання.

Удзячнасць — жывая вера

«Ідзі, вера твая збавіла цябе», — кажа Пан Езус былому пракажонаму. Удзячнасць з’яўляецца неабходным элементам — і пачаткам, і кульмінацыяй — жывой веры. Нямецкі тэолаг і філосаф Альберт Швэйцэр, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру ў 1952 годзе, які пакінуў кар’еру акадэміка ў Еўропе для таго, каб будаваць шпіталі ў Афрыцы, казаў: «Удзячнасць — сакрэт жыцця».

Удзячнасць — гэта ўменне бачыць ва ўсім праяву Божай любові, Божага Провіду, праз які Нябесны Тата няспынна клапоціцца пра нас і адначасова запрашае да супрацоўніцтва ў праекце Нябеснага Валадарства, дае сілы змагацца са злом і грахом.

Божая міласэрнасць ачышчае нас ад нашай праказы: як кажа Папа Францішак, каментуючы гэты евангельскі ўрывак, кожнаму з нас патрэбна аздараўлення, як і тым пракажоным. Мы маем патрэбу вылечыцца ад няўпэўненасці ў сабе, у жыцці, у будучыні; мы павінны быць аздароўлены ад нашых страхаў і заганаў, якія нас знявольваюць, ад нашай замкнёнасці ў сабе, нашай залежнасці і прывязанасці да гульняў, грошай, тэлебачання, мабільных тэлефонаў, да таго, што думаюць іншыя людзі… Настойліва, з даверам і смеласцю, моцным голасам просячы Хрыста аб выбаўленні ад сваіх заганаў і несвабоды, атрымаем выдатную нагоду дзякаваць Богу за дар збаўлення.

«За ўсё дзякуйце, бо такая адносна вас воля Божая ў Езусе Хрысце», — заахвочвае святы Павел (1 Тэс 5, 18). Калі ў нас узнікае пытанне адносна Божай волі, можам успамінаць гэтыя словы і знаходзіць прычыну для падзякі Богу.

Калі мы ўмеем дзякаваць за атрыманы дар, толькі тады ён па-сапраўднаму становіцца нашым, раскрываецца ва ўсёй сваёй паўнаце.

Але для гэтага патрэбна пакора, гэта значыць прызнанне таго, што я сам не з’яўляюся крыніцай свайго дабрабыту, а ўсё мне дадзена як ласка. Нааман, пра якога чуем у першым чытанні, з’яўляецца прыкладам такой пакоры: Ён праслаўляе Бога за дар ачышчэння ад праказы, але перад гэтым ён павінен быў перамагчы пыху і выканаць дзіўныя, на яго погляд, указанні прарока Елісея — акунуцца сем разоў у Ярдане. Ад Езуса, «ціхага і пакорнага сэрцам» (Мц 11, 29), мы хочам пераняць цноту пакоры, якая нагадвае, што ўсё нам дадзена Айцом. Ідучы за Езусам, мы вучымся прабываць няспынна ў праслаўленні Бога, і гэта становіцца крыніцай глыбокай, незямной радасці.

Няхай нашыя сэрцы сёння будуць адкрытыя на дар Духа Святога, праз які будзем узрастаць ва ўдзячнасці, хвале Бога, радасці і пакоры. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця