1 чыт.: Дз 2, 1–11;
Пс 104 (103), 1ab і 24ac. 29bc–30. 31 і 34;
2 чыт.: 1 Кар 12, 3b–7. 12–13 альбо Рым 8, 8–17;
Ев.: Ян 20, 19–23
Пяцідзесятніца — «моц з вышыні» дзеля сведчання
У свята Пяцідзесятніцы, праз сем тыдняў пасля Пасхі, ізраэльцяне ахвяравалі Пану першыя плады зямлі. У пазнейшай юдэйскай традыцыі яно набыло дадатковае значэнне: выбраны народ у гэты дзень успамінаў запавет з Богам Ягвэ на гары Сінай і дар Закону пасля зыходу з Егіпта. У аповедзе з кнігі Зыходу ўзгадваецца, як Богаз’яўленне на Сінаі суправаджалася прыроднымі феноменамі, якія сведчылі пра веліч і святасць Бога: агнём, ветрам, моцным шумам… Ніхто з людзей не мог наблізіцца да Божай гары, каб не памерці.
Сённяшняе чытанне пра дзень Пяцідзесятніцы, які настаў праз сем тыдняў пасля Пасхі Езуса, таксама ўзгадвае праявы стыхій — агню, ветру, шуму, адсылаючы нас да падзей на Сінаі. Але ёсць істотная розніца: стыхіі гэтым разам дзейнічаюць не далёка на гары, але непасрэдна сярод сабраных вучняў, не пагражаючы забіць сваёй моцай, а напаўняючы прысутных Духам Святым.
Споўнілася абяцанне Езуса, што пасля Яго адыходу вучні апрануцца ў «моц з вышыні» (Лк 24, 49).
Што гэта за асаблівая моц? «Прымеце моц Духа Святога <…> і будзеце Маімі сведкамі ў Ерузалеме <…> і ажно да краю зямлі» (Дз 1, 8), — кажа Езус вучням перад тым, як узнесціся на неба. Менавіта гэта яны робяць адразу пасля таго, як сыходзіць на іх Дух Святы: Дух падштурхоўвае вучняў дзяліцца, абвяшчаць «вялікія справы Божыя» тым, хто прыйшоў на свята ў Ерузалем. Адбываецца цуд: іх словы становяцца зразумелымі, хоць слухачы паходзяць з розных месцаў і гавораць на розных мовах. Тут рэч не ў суперздольнасці імгненна вывучыць чужую мову, але ў тым, што і як яны абвяшчаюць, і Хто іх натхняе.
Гэтая падзея, адваротная змяшанню моў пры будове Бабілёнскай вежы: там людзі перасталі разумець адзін аднаго, бо іхні праект увасабляў жаданне праславіць саміх сябе. У дзень Пяцідзесятніцы тыя, хто атрымалі дар Духа і напоўніліся новым жыццём, праслаўляюць «вялікія справы Божыя». Напэўна, тая сапраўдная, глыбокая радасць, якую толькі Божы Дух можа даць, дапамагала, каб словы былі зразумелымі і пераканаўчымі для слухачоў.
Заданне Касцёла (і нашае) — дзяліцца Радаснай Навіной
Пяцідзесятніца — пачатак евангелізацыйнай місіі Касцёла, даручанай яму Панам: распаўсюджвання Радаснай Навіны пра тое, што «Месія павінен цярпець і ўваскрэснуць на трэці дзень з мёртвых, і ў Ягонае імя павінна абвяшчацца навяртанне дзеля адпушчэння грахоў усім народам» (Лк 24, 46–47). У той першы дзень апосталы, дзякуючы дзеянню ў іх Духа Святога, прыносяць Пану першыя «плады» евангелізацыйнай справы: каля трох тысяч людзей прынялі хрост і далучыліся да супольнасці Хрыстовых вернікаў (Дз 2, 41).
Сёння нам варта ўсвядоміць, што мы, праз дваццаць стагоддзяў пасля таго, таксама з’яўляемся плёнам місіі Касцёла, якой кіруе Дух Святы, і адначасова пакліканыя стаць актыўнымі ўдзельнікамі гэтай місіі.
Паўторым гэтую праўду: быць вернікамі Хрыста значыць быць сведкамі «вялікіх справаў Божых», якія нам было дадзена перажыць. Немагчыма быць вучням Езуса і не быць Ягоным сведкам.
Сведчанне — гэта неад’емнае вымярэнне нашага існавання: яно адбываецца кожны раз, калі мы адкрываем вусны, і нават проста калі праз нашу паставу і спосаб прысутнасці — жадаючы таго ці не — штосьці паведамляем іншай асобе. Праз свае словы і стаўленне да іншых мы сведчым пра сваю блізкасць, адкрытасць, спагаду да іх ці, наадварот, пра абыякавасць, варожасць, зайздрасць. Знешнія праявы кажуць пра схаванае ўнутры: «Вусны гавораць тое, чым перапоўнена сэрца» (Мц 12, 34). Калі мы не жывем Божай любоўю, не напаўняемся ёю, калі наша вера напалову мёртвая, як можам спадзявацца несці сведчанне, якое прывабіць іншых?
Недасканалыя сведкі
Місія евангелізацыі, гэта значыць дзялення Радаснай Навіной пра Божыя справы, пачынаецца ў нашых сем’ях, у найбліжэйшым коле нашых адносінаў: бацькі не могуць «дэлегаваць» адказнасць сведчання на інстытуцыйны Касцёл ці кагосьці яшчэ, бо іх пакліканне — не толькі забяспечыць матэрыяльнае жыццё дзяцей, а ў першую чаргу быць менавіта сведкамі веры; сведкамі таго, як Бог прысутны і дзейнічае ў іх жыцці. Гэта не азначае патрабавання быць «святымі» ці «ідэальнымі», або мець дасканалыя веды: наша сведчанне пачынаецца з той праўды, што мы — памілаваныя Богам і што кожны дзень здольныя ўставаць і ісці далей дзякуючы Божай міласэрнай любові, якая не перастае нам прабачаць.
Наша вера, з якой нараджаецца сведчанне, — гэта працэс жывых, дынамічных адносінаў з Панам, у якім мы заўсёды застаемся вучнямі, няспынна вучымся новаму.
«Суцяшыцель, Дух Святы, <...> навучыць вас усяму», абяцае Езус (Ян 14, 26). У першую чаргу сваёй любячай прысутнасцю Суцяшыцель вучыць мяне успрымаць маю асабістую гісторыю як гісторыю збаўлення: гісторыю Божай міласэрнай любові, цярплівасці, пяшчоты, пошуку мяне там, дзе я губляю шлях. Штодзень мне дадзена магчымасць практыкавацца ў тым, каб бачыць сваё жыццё і акружэнне як арэну «вялікіх справаў Божых»: тое месца, дзе, нягледзячы на маю слабасць і нявернасць, нягледзячы на шматлікія праявы зла навокал, я бачу, як Бог дзейнічае, лечыць раны, дае надзею, вучыць любіць і прабачаць, натхняе, напаўняе глыбокай, незямной радасцю…
Папа Францішак часта нагадвае пра тое, што Касцёл, супольнасць Хрыстовых вернікаў, не можа быць засяроджаным на самім сабе, што ягонае заданне — евангелізаваць, няспынна дзяліцца Радаснай Навіной пра Езуса Хрыста, Уваскрослага Пана. Гэта не толькі «глабальны прыярытэт» для паўсюднага Касцёла, але і для кожнага з нас — паводле тых дароў, якімі Дух шчодра адорвае: «Кожнаму даецца праяўленне Духа на карысць» (1 Кар 12, 7).
Такое бачанне жыцця — пастаянны працэс нашага навяртання ад засяроджанасці на сабе, на нашых комплексах і страхах да той захапляльнай перспектывы, дзе нашае існаванне — сапраўдны дар для Бога і Ягоных дзяцей, частка «вялікіх справаў Божых».
Дары Духа не дзейнічаюць «аўтаматычна», без удзелу нашай волі: яны патрабуюць нашага свабоднага супрацоўніцтва, высілку. Супрацоўніцтва з харызмамі, якімі жадае надзяліць нас Пан, пачынаецца з малітвы, паводле прыкладу Найсвяцейшай Панны Марыі і апосталаў, якія напярэдадні Пяцідзесятніцы «аднадушна трывалі ў малітве» (Дз 1, 14). Няхай у нашай штодзённасці праз малітоўную лучнасць з Духам мы дазволім Яму натхняць нашыя жаданні, словы, учынкі і будзем ісці за гэтымі натхненнямі. Амэн.