Пошук

26.02.2022 10:04   а. Віктар Жук SI / Catholic.by
Дрэва Адкуплення. Фрэска з базылікі святога Пятронія ў Балоньі. Мастак Джаванні да Модэна / patrimonioculturale.regione.emilia-romagna.it

1 чыт.: Сір 27, 4–7;
Пс 92 (91), 2–3. 13–14. 15–16;
2 чыт.: 1 Кар 15, 54–58;
Ев.: Лк 6, 39–45

Трагічныя плады жыцця без Бога

«Няма добрага дрэва, якое б прыносіла дрэнны плод, ці дрэннага дрэва, якое б прыносіла добры плод».

У гэтыя дні мы становімся сведкамі пладоў не проста дрэнных, а трагічных і жудасных, на арэне не толькі асабістых гісторый, а цэлых народаў, уцягнутых у жах бессэнсоўнай вайны.

На жаль, папярэджанне Езуса, якое гучыць у прыкладзе пра двух сляпых, здзяйсняецца на нашых вачах: аслепленыя вузкімі інтарэсамі палітыкі вядуць у прорву братазабойства — наўпрост ці праз апраўданне крымінальных дзеянняў — аслепленых хлуснёй і прапагандай грамадзянаў.

У апошнія дні Папа Францішак заклікаў тых, хто нясе палітычную адказнасць, «зрабіць сур’ёзны рахунак сумлення перад Богам, які з’яўляецца Богам міру, а не вайны, які з’яўляецца Айцом усіх, а не толькі некаторых, хоча, каб мы былі братамі, а не ворагамі». Шкода, вераломна нанесеная суседу сёння, можа стаць зернем разладу і нянавісці на доўгія гады. Хрыстус, Настаўнік боскай мудрасці, у Евангеллі запрашае чалавека да распазнавання наступстваў сваіх дзеянняў, да ўмення ўбачыць, з якога кораня бяруцца тыя ці іншыя жаданні і імпульсы і да чаго яны вядуць.

У апошняй частцы «казання на раўніне», якая ідзе непасрэдна за сённяшнім урыўкам, Езус звяртаецца да добра нам вядомага вобразу двух дамоў: аднаго, пабудаванага на скале, і другога — без падмурка. Калі чалавек хоча, каб дом яго душы трываў навекі, ён павінен выбраць Хрыста як свайго Настаўніка і жыць Ягоным словам. Супрацьлеглая альтэрнатыва — гэта паводка вечнай смерці, якая знясе дом бязбожнага з яго фанабэрлівым перакананнем, што «няма Бога, Ён не адпомсціць, не ўбачыць ніколі» (Пс 10 (9В), 4. 11). Божая мудрасць, захаваная для людзей у Святым Пісанні, вучыць, што чалавек, які кіруецца злымі імпульсамі свайго сэрца, раней ці пазней «зваліцца ў яму, якую зрабіў [іншаму] <…> яго насілле зваліцца на ягонае цемя» (пар. Пс 7, 14-15).

Адкрыць сэрца Божай праўдзе

Хто з людзей можа сказаць, што ягонае сэрца поўнае «добрага скарбу», што ў ім няма нічога благога? Таму Езус запрашае сёння кожнага з нас імкнуцца вызваліцца ад прыхільнасці да зла, што ёсць унутры нас, і для гэтага шчыра паглядзець на сябе, разам з псальмістам просячы:

«Даследуй мяне, Божа,
і спазнай маё сэрца;
выпрабуй мяне і спазнай мае намеры.
Глядзі, ці бяспечны мой шлях,
і вядзі мяне шляхам адвечным» (Пс 139 (138), 23–24).

Праз вобраз шчэпкі ў чужым воку і бэлькі ва ўласным воку наш Настаўнік нагадвае праўду пра нашу схільнасць нашмат лепш заўважаць недахопы іншых, чым прызнаваць свае. Калі ўсведамляем гэта, а таксама памятаем пра механізм праекцыі, які такім чынам найчасцей дзейнічае — гэта значыць, нас найбольш закранае ў іншай асобе тое, што мы не хочам прызнаваць у сабе, у далёкіх кутках свайго сэрца, — тады ў пакоры будзем шукаць у Бога дапамогі, каб сваёй ласкай вызваляў нас з-пад улады эгаістычных намераў і злых жаданняў. Інакш мы назаўсёды застанемся крывадушнікамі — акцёрамі, якія ўсё жыццё носяць маскі, не маючы смеласці паглядзець у вочы праўдзе пра сябе.

Зноў і зноў Езус заклікае ў Евангеллі, каб мы не асуджалі — ані іншых, ані нават саміх сябе (а найчасцей непрыняцце бліжняга і сябе такімі, якія мы ёсць, — гэта цесна ўзаемазвязаныя працэсы).

Суд належыць Богу, які дасканала даследуе сэрца чалавека і адзіны ведае ўсю праўду пра кожнага з нас, з усімі нашымі траўмамі і комплексамі — крыніцамі нашай несвабоды і жадання кампенсаваць недахоп любові таннымі сурагатамі. Толькі Бог можа нас навучыць, што значыць быць справядлівымі і міласэрнымі адначасова. Варта звярнуць увагу на словы пра вучня і настаўніка, якія прысутнічаюць толькі ў Евангеллі паводле Лукі: Езус адкрывае перспектыву нам, Ягоным вучням, стаць такімі, як Ён сам. Гэта заданне на ўсё нашае жыццё — імкнуцца ва ўсім наследаваць Уцелаўлёную Любоў.

Быць пераможцамі разам з Хрыстом

Менавіта гэта шлях да той перамогі, пра якую кажа святы Павел у другім чытанні. У мілітарызаваным кантэксце слова «перамога» ўспрымаецца ў перакручаным сэнсе — як выраз дамінавання над іншымі, доказ сваёй фізічнай перавагі. Але апостал нагадвае нам, што «стаіць на кану»: не тленнае, смяротнае, а нятленнае і вечнае.

Езус сваім уваскрасеннем перамог смерць — не проста фізічную, а смерць, якая з’яўляецца вечным адчужэннем, пазбаўленнем назаўсёды Божага святла, радыкальным адмаўленнем усяго добрага. Дзякуючы дару веры мы маем камунію з Уваскрослым Панам, вечна жывым і заўсёды блізкім да кожнага, хто заклікае Яго імя як Збаўцы; маем удзел у Яго перамозе над смерцю і злом, маем надзею насуперак усялякай чалавечай надзеі, бо наш гарызонт не абмяжоўваецца гэтым тленным існаваннем.

Але ўжо ў гэтым свеце мы маем магчымасць адчуваць сябе пераможцамі, калі наследуем Уваскрослага Настаўніка.

Быць як Ён значыць не баяцца працягнуць рукі да крыжа, бо менавіта праз яго ідзе шлях да перамогі: прымаць усе тыя выклікі, якія перад намі ставіць свет, верачы, што любоў пераможа ўсё. Тады мы будзем «моцнымі, непахіснымі, заўсёды цалкам адданымі справе Пана, ведаючы, што не дарэмная наша праца ў Пану».

Няхай сярод болю ў сэрцы за ахвяраў вайны, пераследу і несправядлівасці, сярод трывогі за нашых блізкіх і ўсіх бліжніх мы знойдзем спосаб дзейнічаць у духу салідарнасці з найбольш патрабуючымі, несучы любоў і надзею ў гэты глыбока паранены свет. Няхай Дух Святы натхняе нас у гэтай справе, робячы нас падобнымі да нашага боскага Настаўніка і Сябра. Амэн.

Абноўлена 26.02.2022 10:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця