Не хвалі чалавека перад размовай
Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.
Калі прасейваць праз сіта, застаюцца высеўкі,так і недахопы чалавека выяўляюцца, калі ён разважае.
Начынне ганчара выпрабоўваюць у печы,
а чалавека выпрабоўваюць у размове з ім.
Па пладах дрэва пазнаюць, як яго даглядалі,
так і па словах выяўляюцца задумы чалавечага сэрца.
Не хвалі чалавека перад размовай,
бо такім чынам выпрабоўваюцца людзі.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Добра дзякаваць Табе, Пане.
2. Добра ёсць дзякаваць Пану *
і праслаўляць імя Тваё, Найвышэйшы,
3. раніцаю абвяшчаць Тваю міласэрнасць *
і вернасць Тваю ўначы.
Рэфрэн:
13. Справядлівы заквітнее, як пальма, *
вырасце, быццам кедр на Лібане.
14. Пасаджаныя ў доме Пана, *
яны заквітнеюць на дзядзінцах нашага Бога.
Рэфрэн:
15. Нават у старасці яны будуць пладавітыя, *
сакавітыя і свежыя,
16. каб абвяшчаць, што справядлівы Пан, *
цвярдыня мая, і няма ў Ім няпраўды
Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
Бог даў нам перамогу праз Езуса Хрыста
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.
Браты:
Калі тое, што тленнае, апранецца ў нятленнасць, а тое, што смяротнае, апранецца ў бессмяротнасць, тады споўніцца напісанае слова: Перамога паглынула смерць. Cмерць, дзе твая перамога? Смерць, дзе тваё джала?
Джала смерці — гэта грэх, а сіла граху — гэта Закон. Богу ж падзяка, бо Ён даў нам перамогу праз нашага Пана Езуса Хрыста.
Таму, мае ўмілаваныя браты, будзьце моцнымі, непахіснымі, заўсёды будучы цалкам адданымі справе Пана і ведаючы, што не дарэмная праца ваша ў Пану.
Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Ззяеце, нібы светачы, у свеце,
трымаючы слова жыцця.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Пра тое, чым напоўнена сэрца, гавораць вусны
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Езус расказаў сваім вучням такую прыпавесць: Хіба можа сляпы вадзіць сляпога? Ці ж не зваляцца абодва ў яму?
Вучань не большы за настаўніка. Але кожны добра падрыхтаваны стане такім, як яго настаўнік.
Чаму ты бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ва ўласным воку не заўважаеш? Як ты можаш казаць брату свайму: Дай, браце, я выцягну шчэпку з вока твайго, — калі сам не бачыш бервяна ў сваім воку? Крывадушнік, выцягні спачатку бервяно са свайго вока, і тады ўбачыш, як выцягнуць шчэпку з вока свайго брата.
Няма добрага дрэва, якое б прыносіла дрэнны плод, ці дрэннага дрэва, якое б прыносіла добры плод. Бо кожнае дрэва пазнаецца па ягоным плодзе: не збіраюць з церня смоквы, а з куста ажын не збіраюць вінаграду. Добры чалавек выносіць з добрага скарбу сэрца дабро, а дрэнны чалавек з благога сэрца выносіць зло, бо пра тое, чым напоўнена сэрца, гавораць вусны ягоныя.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ