1 чыт. Дрг 6, 2–6;
Пс 18 (17), 2–3a. 3bc–4. 47 і 51ab;
2 чыт. Гбр 7, 23–28;
Ев. Мк 12, 28b-34.
Любіць Бога — дазваляць любіць сябе
«Слухай, Ізраэль, Пан Бог наш — Пан адзіны…» На самым пачатку запаведзі, якая была галоўнай у юдэйскай традыцыі, у тым ліку для Езуса, стаіць слова «Слухай» (пасля якога варта ўставіць сваё ўласнае імя, бо яно скіравана асабіста да цябе і мяне, да кожнага з нас).
Перш, чым прыняць і імкнуцца выканаць запаведзь, трэба ўмець пачуць голас Таго, хто першы нас палюбіў: як кажа святы Ян, пясняр Божай любові, «у тым выявілася любоў, што не мы палюбілі Бога, а Ён сам палюбіў нас» (1 Ян 4, 10). Як жа моцна душа патрабуе кожную раніцу занурацца ў Божую безумоўную любоў, а ўвечары дзякаваць за ўсе яе праявы на працягу дня!
Калі не памятаць, што я — як і ўсё існае — паходжу з любові і маю жыццё дзякуючы ёй, тады запаведзь будзе гучаць як строгі закон, суровае патрабаванне, якое пазбаўляе мяне волі і свабоды самавыяўлення, патрабуючы немагчымага. Насамрэч галоўная запаведзь, як і ўсе запаведзі Божыя, дадзеныя на Сінаі, пачынаюцца з памяці пра тое, што «Я — Пан Бог твой, які вызваліў цябе з няволі» (пар. Зых 20, 2).
Кожная запаведзь дадзена для таго, каб дапамагчы чалавеку заставацца ў свабодзе.
Такім чынам, запаведзь любіць Бога азначае для нас у першую чаргу запрашэнне ўсвядоміць і прыняць Божую любоў, дазволіць Богу любіць нас, а ўжо далей — дазволіць, каб гэтая любоў дзейнічала ў нас і праз нас, надаючы кірунак нашаму жыццю. Калі так адбываецца, тады Бог, які «ёсць любоў» (1 Ян 4, 16) — сапраўдны і адзіны Пан нашага жыцця. Часам гэта натуральны і прыемны працэс, часам жа ён патрабуе намаганняў і дзеяння насуперак нашаму спантаннаму жаданню. «Мы пазналі і паверылі ў любоў, якую мае да нас Бог», піша святы Ян (1 Ян 4, 16): у некаторых сітуацыях неабходны высілак веры, каб убачыць Божую любоў і дзейнічаць згодна з ёй, а не паддавацца імпульсам гневу, зайздрасці, помсты…
Любоў ахвярная
У адказе на словы Езуса кніжнік, які задаў пытанне, ставіць выкананне запаведзі любові вышэй за «ўсе ахвяры і ўсеспаленні», прадпісаныя сінайскім Законам, за што атрымлівае пахвалу ад Пана.
Менавіта любоў дазваляе нам правільна зразумець значэнне ахвяры, пра што так часта чуем у кантэксце веры.
Сістэма ахвярапрынашэнняў у Старым Запавеце была спосабам камунікацыі чалавека з Богам, ахопліваючы розныя вымярэнні жыцця: ахвяры былі выразам падзякі, камуніі, перапрашэння, ачышчэння, святкавання… Лацінскае слова sacrificium (дасл. «рабіць святым, сакральным») добра перадае сутнасць таго, што адбывалася: праз пасрэдніцтва дара Богу (які насамрэч паходзіў з Божай дабрыні) чалавек і яго дзейнасць павінна былі асвячацца, станавіцца святымі — уваходзіць у сферу дзеяння Божай святасці. Праз прынашэнне крыві жывёлаў, якая прысутнічала ў працэсе (кроў — сімвал жыцця), члены супольнасці Ізраэля прызнавалі, што «абавязаныя жыццём» Богу: і ў сэнсе дару жыцця і благаслаўлення, атрыманага ад Бога, і за правіны супраць Божай святасці, якая павінна была адлюстроўвацца ў іхнім жыцці (пар. Лев 19, 2).
Як нам тлумачыць Пасланне да Габрэяў, якое слухаем у літургіі нядзельнай Эўхарыстыі на працягу ўжо некалькіх тыдняў, Езус, праліваючы кроў, аддае сваё жыццё як ахвяру за правіны ўсіх людзей і адначасова становіцца адзіным сапраўдным пасрэднікам паміж Богам і чалавекам — пасрэднікам асвячэння, вяртання чалавека ў Боскую рэчаіснасць, у Божае Валадарства. Езус прыносіць ахвяру, дар свайго жыцця, не маючы іншай матывацыі акрамя любові: любові, якая прабачае і жадае, каб той, хто згубіўся ў цемры, вярнуўся да святла.
Ад нашага Пана мы вучымся ўменню любіць ахвярнай любоўю: прыносіць у дар тое, што маем; тое, кім мы ёсць, бо менавіта так любоў раскрываецца ў поўнай меры.
Нашыя ахвяры, малыя ці вялікія, выбраныя з уласнай ініцыятывы ці прынятыя як непазбежнасць абставінаў, праз любоў набываюць свой сэнс і злучаюцца з ахвярнай любоўю Божага Сына, якая збаўляе свет і вяртае святасць кожнаму, хто прымае яе з верай.
Любіць бліжняга (і сябе) — вобраз Бога жывога
Навізна адказу Езуса заключаецца ў тым, што Ён прыраўноўвае заклік любіць адзінага Бога да запаведзі любові да бліжняга. Звернемся яшчэ раз да святога Яна, які тлумачыць гэтую ўзаемасувязь: «Калі б хто сказаў: „Я люблю Бога“, а брата свайго ненавідзіць, ён ілгун, бо той, хто не любіць свайго брата, якога бачыць, не можа любіць Бога, якога не бачыць» (1 Ян 4, 20).
Чалавек носіць у сабе вобраз нябачнага Бога, таму праявіць любоў да бліжняга — гэта паказаць на справе, наколькі мы любім нашага адзінага Айца.
«Будзем жа любіць не словам ці моваю, але ўчынкам і праўдаю» (1 Ян 3, 18). Як твар кожнага чалавека ўнікальны, так непаўторная любоў да канкрэтнага бліжняга, якога Пан у сваім Провідзе паставіў на нашым шляху. Такім чынам праяўляецца дзівосная крэатыўнасць любові. Юнак кахае дзяўчыну інакш, чым бацькі любяць дзяцей, а дзеці — бацькоў; імкнучыся зрабіць нешта прыемнае для сяброў, паводзім сябе інакш, чым калі з належнай увагай выконваем свае абавязкі, думаючы пра адрасатаў нашай працы.
У энцыкліцы Fratelli tutti Папа Францішак шмат кажа пра палітычнае вымярэнне любові (напр., пп. 180–181): клапаціцца пра агульнае дабро, пра тое, што закранае інтарэсы многіх — вельмі высокая праява любові, даступная не толькі непасрэдна грамадскім дзеячам, але ўсім, хто гатовы прысвяціць свой час і высілак для агульнай справы.
У разнастайным абліччы любові — яе прыгажосць.
Тое, што аб’ядноўвае розныя яе праявы, — імкненне да сапраўднага дабра бліжняга, гатоўнасць выйсці насустрач іншай асобе, каб сустрэць яе ці яго там, дзе яны сёння знаходзяцца ў сваёй непаўторнасці і крохкасці.
«Любі бліжняга твайго, як самога сябе». Ва ўдакладненні «як самога сябе» можна цалкам апраўдана пачуць напамін пра здаровую і правільна зразуметую любоў да сябе. Насамрэч, шмат каму не хапае менавіта такой любові, якая, з аднаго боку, не патурае ўласным заганам і свавольству, з іншага ж — не дазваляе прыніжаць у сабе годнасць Божага дзіцяці ў фальшывай пакоры.
Вельмі часта праявіць любоў да сябе азначае зрабіць тое, да чаго адчуваеш супраціў (напрыклад, паклапаціцца пра сваё здароўе), а не тое, што спантанна прыходзіць у галаву — хоць часам трэба, наадварот, разняволіцца, каб выйсці з напружання і маркоты. Але больш важны ўрок адносна правільнага стаўлення да саміх сябе, які мы можам вынесці з Езусавага супастаўлення трох «вектараў» любові, — гэта ўсведамленне, што сапраўдная любоў да сябе ўзрастае і дасягае паўнаты ў той меры, у якой мы здольныя будаваць камунію — адзінства — з Іншым (з вялікай літары) і з іншымі (з малой літары).
Няхай Дух Святы натхняе нас, каб усе нашыя памкненні, словы і ўчынкі былі прасякнутыя любоўю, і чыніць нас усё больш падобнымі да Бога, адзінага ў Тройцы, які ёсць Любоў