Пошук

09.10.2021 10:29   а. Віктар Жук SI / Catholic.by
«Хрыстус і багаты юнак». Фрагмент. Мастак Генрых Фердынанд Гофман

1 чыт.: Мдр 7, 7–11;
Пс 90 (89), 12–13. 14–15. 16–17;
2 чыт.: Гбр 4, 12–13;
Ев.: Мк 10, 17–30

Стаць спадкаемцамі вечнага жыцця

«Што зрабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?» Следам за чалавекам з сённяшняга евангельскага урыўка звяртаемся з гэтым пытаннем да Езуса: яно непасрэдна датычыцца кожнага з нас. Такім чынам ажыццяўляецца праўда, якой вучыць нас Пасланне да Габрэяў: «Слова Божае жывое і дзейснае <…> здольнае судзіць думкі і намеры сэрца». Слова Божае сапраўды закранае наша жыццё, асабліва ж тады, калі ў Эўхарыстыі, Сакрамэнце Слова і Цела, мы ўслухоўваемся ў яго як крыніцу чыстай і вечнай мудрасці.

Перш за ўсё, словы Святога Пісання нагадваюць нам пра мэту нашага існавання: жыццё вечнае, і менавіта гэтая перспектыва надае сэнс усяму. Без яе мы лёгка губляем кірунак, забываемся пра тое, што найбольш важнае і каштоўнае.

Езус, адказваючы на зададзенае пытанне, нагадвае пра Божыя запаведзі, і ў гэтым не адкрывае нічога асабліва новага ў параўнанні з тым, што было аб’яўлена Ізраэлю Богам праз прарокаў: Дэкалог — гэта дар людзям, каб яны захавалі свабоду пасля таго, як Пан вывеў іх з няволі. Як з дыялогу хутка становіцца відавочным, хоць суразмоўца Езуса захоўвае запаведзі, але сэрца ягонае не свабодна, бо ён прывязаны да сваёй маёмасці. Я валодаю рэчамі ці дазваляю, каб яны валодалі мной? — вось пытанне, якое нам варта часта задаваць сабе. «Дзе скарб твой, там і сэрца тваё», кажа Езус (Мц 6, 21).

Адзін з крытэрыяў, які паказвае, наколькі рэчы могуць валодаць намі, — гэта тое, колькі часу нашага жыцця патрабуе тая ці іншая рэч: і той час, які праводзім з ёй, і той, што патрэбны, каб атрымаць і «абслугоўваць» яе. Яскравым сучасным прыкладам з’яўляюцца розныя гаджэты, без якіх многія не могуць уявіць сабе жыццё: нам патрэбна вялікая разважлівасць, каб умець карыстацца рэчамі, але не дазваляць ім валодаць намі і нашым часам, зняволіць нас.

Сум — наступства адмовы на заклік Езуса

Суразмоўца Езуса, для якога адказ Настаўніка выглядае «непад’ёмным» заданнем, адыходзіць з сумным тварам. І мы таксама ў большай ці меншай ступені зведаем пачуццё суму і маркоты, калі наша сэрца несвабодна, каб адказаць «так» нашаму Настаўніку і Пану: гэта духоўны закон.

Да кожнага з нас, вучняў Езуса, якія называем сябе імем Хрыста, Пан скіроўвае запрашэнне: «Ідзі за Мной!» У перспектыве веры, у перспектыве вечнасці гэты дзеяслоў — самае важнае слова ў жыцці хрысціяніна.

Не для кожнага такое запрашэнне азначае неабходнасць адмовіцца ад усіх матэрыяльных рэчаў: варта ў шчырым і адкрытым дыялогу дазволіць Пану даць нам зразумець, як наследаванне Яго павінна выражацца ў канкрэтных абставінах майго жыцця.

Евангеліст Марк узгадвае вельмі важную дэталь пра тое, як гучыць гэты заклік з боку Езуса: Ён глядзіць на свайго суразмоўцу з любоўю, калі вымаўляе словы «ідзі за Мною». Мы маем вялікую патрэбу ў тым, каб адчуваць на сабе гэты позірк Езуса, поўны любові, каб у правільным святле чуць усе Ягоныя словы. Позірк, які жадае для нас сапраўднай свабоды; позірк, які хоць і ставіць высокую планку, але адначасова гатовы даць нам сілу, каб мы зрабілі правільны наступны крок.

«Чаму называеш Мяне добрым? Ніхто не ёсць добрым, толькі адзін Бог», — кажа Езус чалавеку, які звяртаецца да Яго «Настаўнік добры». Праз такі адказ Пан не адмаўляецца прыняць гэты зварот у адносінах да сябе, а «намякае» на сваю сапраўдную тоеснасць: так, Ён — добры, бо Ён ёсць і чалавек, і Бог; у Ім прыняла чалавечае цела спрадвечная Дабрыня. Таму Яго пасланне — сапраўды «Добрая Вестка», Евангелле, крыніца радасці для чалавека.

Няправільным будзе любое іншае ўяўленне пра Езуса-Месію — напрыклад, як пра таго, хто «выдумляе» розныя патрабаванні і заданні, каб абмяжоўваць людзей і адбіраць у іх радасць; ці таго, хто нібыта благаслаўляе матэрыяльны свет, а потым кажа адмаўляцца ад матэрыяльных дабротаў.

Насамрэч у Езусе Бог прапануе людзям самае вялікае і каштоўнае абяцанне, і ўжо тут, на зямлі, яно пачынае рэалізавацца, бо мы атрымліваем у сто разоў больш за тое, ад чаго нам часам і трэба адмовіцца — дзеля сапраўднага скарбу.

Прыняць дар збаўлення — паўнату жыцця

«Хто ж можа збавіцца?» — задаюць пытанне вучні ў сённяшнім евангельскім эпізодзе, і ў ім мы чуем яшчэ адно вельмі важнае слова для нашай веры: «збаўленне». Хоць яно часта гучыць у літургіі і ў малітвах, існуе рызыка, што мы недастаткова глыбока разумеем яго сэнс.

Напэўна, першае значэнне, з якім у нас асацыюецца дзеяслоў «збавіць» — гэта выратаванне ад чагосьці дрэннага: ад небяспекі, ад пагрозы смерці, ад зла, ад вечнага праклёну… Мы прымаем як праўду Божае аб’яўленне пра тое, што менавіта ад усяго гэтага прыйшоў нас выратаваць той, чыё імя значыць «Бог збаўляе» — Езус.

У гэтым заключаецца адзін бок той місіі, дзеля якой Сын Божы прыйшоў у гэты свет, жадаючы збавіць нас не «звонку», а будучы сярод нас, зведаўшы і ўзяўшы на сябе наступствы зла, якое паразіла чалавецтва. Але ёсць і іншы сэнс слова «збавіць», і адпаведна другі аспект пасланніцтва Езуса: σωτηρία можна перакласці таксама як «паўната жыцця», і менавіта гэта жадае даць нам Пан — сапраўднае шчасце і радасць, якія ніякая зямная рэчаіснасць не можа гарантаваць. Збаўленне ў гэтым сэнсе ва ўсёй паўнаце нам абяцана ў вечнасці, у Валадарстве Нябесным, але жыццё вечнае пачынаецца ўжо ў гэтым свеце, калі праз веру мы знаходзімся ў камуніі з Уваскрослым Хрыстом.

«Хто ж можа збавіцца?.. У людзей гэта немагчыма, але не ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма», — тлумачыць Езус вучням.

Збаўленне — дар ад Бога, а не вынік нашых намаганняў, хоць з нашага боку патрэбна жаданне і гатоўнасць прыняць гэты дар, жывучы тым словам, якое да нас скіроўвае Божы Сын.

Няхай Ён сваім Духам Святым пакажа нам шлях сапраўднай свабоды — шлях наследавання Яго пад позіркам, поўным дабрыні і любові. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця