Пошук

07.11.2020 08:38   А. Віктар Жук SI / Catholic.by
Прыпавесць пра неразумных паннаў. Мастак Фрыдрых Вільгельм фон Шадаў / Рinterest.com

1 чыт.: Мдр 6, 12–16;
Пс 63 (62), 2. 3–4. 5–6. 7–8
2 чыт.: 1 Тэс 4, 13–14
Ев.: Мц 25, 1–13

Выйдзем насустрач Жаніху

У гэтыя апошнія нядзелі напрыканцы літургічнага года мы пачуем тры прыпавесці з таго раздзела ў Евангеллі паводле Мацвея, якім завяршаецца публічная дзейнасць Езуса. Гэтыя прыпавесці раскрываюць розныя вымярэнні чакання прыйсця Валадарства Нябеснага. Менавіта яно знаходзіцца ў цэнтры прапаведвання Езуса. Першыя словы Хрыста ў Евангеллі паводле Марка: «Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае; кайцеся і верце ў Евангелле!» (Мк 1, 15).

Праз мноства вобразаў у прыпавесцях Езус хацеў данесці да Сваіх слухачоў таямніцу Валадарства — Божага абяцання для людзей, якое з’яўляецца не проста нейкім «дадаткам» да чалавечага існавання, але акрэслівае ўсю сутнасць жыцця.

Некалькі тыдняў таму мы ўжо чулі іншую прыпавесць, дзе прысутнічаў вобраз вяселля (Мц 22, 1-14): акцэнт у ёй быў на шчодрым запрашэнні гаспадара на гасціну радасці і на трагічным парадоксе адмовы ад удзелу ў гэтым свяце. У сённяшняй прыпавесці ў цэнтры зноў вяселле: паводле звычаяў эпохі насустрач жаніху павінны былі выйсці дружкі — сяброўкі маладой, каб правесці яго на свята, якое пачыналася ўвечары і доўжылася ўсю ноч. Як мы чуем у прыпавесці, дружкі сярод іншага былі адказныя за тое, каб забяспечыць у цёмную пару дня святло для «картэжу», трымаючы светачы.

Езус не тлумачыць, чаму затрымліваецца жаніх; для вернікаў гэтая затрымка — указанне на тое, што Бог не прыходзіць і не дзейнічае паводле нашых чалавечых уяўленняў пра час і найлепшы момант. З аднаго боку, разам з прыйсцем Езуса і Ягонай пропаведдзю, ацаленнем хворых і выгнаннем злых духаў ужо «настала для вас Божае Валадарства» (Мц 12, 28).

Слава Божага збаўлення стала яшчэ больш відавочнай, калі Сваім уваскрасеннем Хрыстус паказаў перамогу над злом і смерцю.

Але з іншага боку Езус прадказвае момант, калі «прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй і ўсе анёлы з Ім» (Мц 25, 31): момант канчатковага перамянення гэтага свету ў «новае стварэнне», калі мінуць «першае неба і першая зямля» і настануць «новае неба і новая зямля» (пар. Ап 21, 1). Паміж першым і другім прыйсцем Сына Божага — Сына Чалавечага ёсць час чакання: час Касцёла, наш час. Мы ўжо выйшлі насустрач Жаніху і чакаем, часам з радасным прадчуваннем, а часам са смуткам і нецярплівасцю, калі ж урэшце Бог будзе «ўсё ва ўсім» (1 Кар 15, 28).

«Вы — святло свету»

Такім чынам, галоўнае пытанне для нас у гэты час чакання — што рабіць, каб найлепш выкарыстаць яго як падрыхтоўку да сустрэчы з Панам? Як быць мудрымі, а не апынуцца ў становішчы неразумных дружак, якія, у канчатковым выніку, не трапяць на вяселле? Паводле сімвалізму прыпавесці, справа не ў тым, каб «не задрамаць», бо і мудрыя, і неразумныя не ўтрымаліся ад таго, каб прыснуць. Пад дрымотай можна разумець чалавечую крохкасць і слабасць, найбольш трагічным выразам якой з’яўляецца смерць. Розніца паміж мудрымі і неразумнымі ў іншым: калі прагучаў вокліч, у адных было дастаткова алею для светачаў, а ў іншых — не.

Што гэта за алей, дзякуючы якому нашыя светачы не згаснуць, калі наблізіцца Жаніх — Хрыстус?

(У гэтым месцы добра было б не даваць гатовы адказ, а заахвоціць кожнага і кожную з нас паразважаць у святле Евангелля над тым, чым жа нам трэба запасціся, каб наш духоўны светач гарэў перад Панам.) Насамрэч адказ просты, мы яго чулі таксама нядаўна ў нядзельным Евангеллі — адказ на пытанне «якая галоўная запаведзь нашай веры?». «Няхай святло ваша так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах», кажа Езус у Казанні на гары (Мц 5, 16).

Любоў, якая не застаецца нейкім абстрактным пачуццём, а ўцелаўляецца ў канкрэтных учынках міласэрнасці да нашых бліжніх, асабліва патрабуючых, — вось той алей, які дазваляе нам выпраменьваць у гэтым свеце святло і цяпло як тым, хто носяць у сабе падабенства да нябеснага Айца. Сапраўдная мудрасць — у тым, каб памятаць, дзе наш скарб, і адпаведна «інвеставаць» свой час і высілак.

«Як у небе, так і на зямлі»

«Валадарства Маё не з гэтага свету», кажа Езус Пілату (Ян 18, 36), маючы на ўвазе, што яно не мераецца зямнымі стандартамі моцы і велічы і не здабываецца насіллем. З іншага боку, Божае Валадарства павінна закранаць і перамяняць структуры і інстытуты грамадства, у якім мы жывём, — інакш яно застаецца чыстай абстракцыяй. У наш час, калі адбываецца супрацьстаянне паміж рознымі мадэлямі суіснавання ў грамадстве, варта памятаць пра тое, што для нас, хрысціянаў, з’яўляецца трывалай асновай і для індывідуальнага, і для супольнага жыцця: «вера, якая дзейнічае праз любоў» (Гал 5, 6).

Бог не хоча будаваць рэчаіснасць Свайго Валадарства без нашага ўдзелу, бо Ён выбраў нас як партнёраў і супрацоўнікаў у гэтым свеце.

Калі ў малітве «Ойча наш» мы кожны раз паўтараем словы «Прыйдзі Валадарства Тваё», мы просім Бога, каб Ён дзейнічаў Сваёй сілай і дабрынёй сярод нас, але мы таксама выказваем нашу гатоўнасць супрацоўнічаць з Яго захапляльнай задумай для нас, кажучы: «Будзь воля Твая». Выконваць Божую волю — не значыць дзейнічаць, як робаты, паводле строга вызначанага алгарытму, але таксама марыць, дазволіць, каб нашае ўяўленне перамянялася Божай марай для нас, і шукаць шляхоў уцелаўлення гэтай мары.

Жаніх — Уваскрослы Езус — прыйдзе ў канцы гісторыі свету для Апошняга суду, але Ён прыходзіць да нас і кожны дзень, натхняючы браць удзел у будаўніцтве Божага Валадарства ў нашым сэрцы і нашым акружэнні. Будзем чуваць, каб не прапусціць момант Ягоных адведзінаў, каб з дапамогай ласкі Яго Духа прыносіць у гэты свет Божае святло і цяпло.

Абноўлена 07.11.2020 08:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця