Пошук

Ілюстрацыйная выява. Дынарый цэзара. Фрагмент. Мастак Тыцыян / Wikimedia commons

1 чыт.: Іс 45, 1. 4–6;
Пс 96 (95), 1 і 3. 4–5. 7–8. 9–10а.
2 чыт.: 1 Тэс 1, 1–5b.
Ев.: Мц 22, 15–21

Агульнай тэмай сённяшніх чытанняў з’яўляецца характар нашых абавязкаў перад Богам і нашай краінай.

Чытанні паказваюць нам, як з Божай дапамогай мы можам быць добрымі грамадзянамі як зямлі, так і неба.

У першым чытанні прарок Ісая прадказвае, як па несвядомым намеры персідскага караля Кіра яго палітыка стане часткай Божага плана выратавання Яго абранага народа. Словы псальма: «Кажыце між плямёнамі: Пан валадарыць, Ён будзе судзіць народы справядліва», — заклікаюць увесь Ізраэль, усе народы і ўсё стварэнне прызнаць і праславіць Бога як Валадара сусвету. Псальм нагадвае нам пра тое, што калі людзі ставяць Божае Валадарства на першае месца, гэта прыносіць карысць усім.

У другім чытанні, звяртаючыся да Езуса як да «Пана нашага Езуса Хрыста», Павел прызнае Езуса Тым, хто падзяляе Божую моц з Богам Айцом. Павел нагадвае тэсаланікійцам, што гэта Бог выбраў іх жыць у Ім і даў ім моц здзяйсняць «справу веры і клопат любові, і пра цярплівую надзею на Пана нашага Езуса Хрыста перад Богам і Айцом нашым». Па гэтай прычыне Павел хваліць сваіх навернутых у Тэсалоніках, запэўніваючы іх: «За ўсіх вас заўсёды дзякуем Богу, узгадваючы вас у малітвах нашых».

У Евангеллі Езус вырываецца з пасткі пытання адносна таго, ці належыць даваць падатак цэзару, ці не, кажучы: «Аддайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу». Гэтым адказам Езус нагадвае сваім апанентам, што калі яны так клапоцяцца і ўважліва ставяцца да выплаты падаткаў дзяржаве, яны павінны значна больш клапаціцца і ўважліва ставіцца да свайго служэння Богу і сваіх абавязкаў перад Ім як сваім Творцам і Панам.

Заклікаючы аддаваць цэзару цэзарава, Хрыстус заклікае аддаваць дзяржаве тое, што з неабходнасцю выцякае з рэалій зямнога жыцця, але адмаўляе абагаўленне дзяржавы.

Тут мы бачым аснову прынцыпу падзелу Касцёла і дзяржавы як розных арганізаваных структур. Яны могуць паспяхова супрацоўнічаць, але не павінны падмяняць адно аднаго.

У знакамітым Лісце да Дыягнета, складзеным прыкладна ў сярэдзіне другога стагоддзя пасля нараджэння Хрыста, ананімны аўтар прапануе мудрыя і вечныя прынцыпы: «Хрысціяне ні краінай, ні мовай, ні звычаямі не адрозніваюцца ад іншых людзей. Жывучы ў Грэцыі і ў іншых варварскіх гарадах, так сталася, кожны павінен прыстасоўвацца да звычаяў мясцовасці ў вопратцы, ежы і адпачынку. Яны даюць сведчанне аб выдатным і, несумненна, парадаксальным грамадскім жыцці. Яны жывуць на сваёй радзіме, але як чужынцы; яны ўдзельнічаюць ва ўсім, як грамадзяне, і адарваныя ад усяго, як замежнікі. Кожная чужына — гэта іх бацькаўшчына, і кожная бацькаўшчына — чужына. Жэняцца, як усе, і нараджаюць дзяцей, але нованароджаных не выкідваюць. Яны дзеляцца паміж сабой ежай, але не ложкам. Яны жывуць на зямлі, але маюць сваё грамадзянства на нябёсах. Яны падпарадкоўваюцца устаноўленым законам і іх лад жыцця пераўзыходзіць законы. Карацей кажучы, як душа ў целе, так і хрысціяне ў свеце», — піша раннехрысціянскі аўтар.

Габрэі былі вымушаны плаціць рымскаму імператару тры віды падаткаў: зямельны падатак, падаходны падатак і падушны падатак. Падушны падатак, які складаў адзін дынар, належала плаціць штогод за кожнага мужчыну ва ўзросце ад чатырнаццаці да шасцідзесяці пяці гадоў і за кожную жанчыну ад дванаццаці да шасцідзесяці пяці гадоў. Пытанне фарысеяў і прыхільнікаў Ірада датычылася падушнага падатку.

Адказваючы на пытанне пра падатак, Езус знішчыў план сваіх апанентаў, папрасіўшы манету, якую аддавалі зборшчыку падаткаў.

У тыя часы лічылася, што ўсе свецкія грошы належаць імператару. Такім чынам, выява цэзара была на кожнай свецкай манеце. Грошы належалі яму, і ён проста дазваляў людзям карыстацца імі. Адказ Езуса прызнае наш абавязак як грамадзян перад дзяржавай, але пацвярджае наш большы абавязак перад Богам. І дзяржава, і Бог патрабуюць ад нас пэўнай лаяльнасці, але мы абавязаны Богу сваім жыццём. Пытанне, зададзенае Езусу, магло быць сфармуляванае так: «На чыім ты баку? Ізраэля ці Рыма?» Адказ Езуса быў: «На баку Бога», — іншымі словамі, падаткі належаць цэзару, таму плаціце іх; але тваё сэрца і твая душа належаць Пану: аддай іх Богу!

Адказ Езуса сведчыць пра мараль, якую хрысціяне павінны прыняць. Гэта нагадвае нам пра важнасць захавання рэчаў у належным ракурсе. Ці не прывязваемся мы да матэрыяльных рэчаў коштам любові і пашаны да Бога? Фарысеі здзівіліся, пачуўшы Яго адказ, але што выклікала іх большае здзіўленне? Ці тое, што Ён звёў на нішто іх правакацыі, ці тое, што адкрыў ім новыя гарызонты? Што, калі ў гэты момант хоць кагосьці з іх Хрыстус здолеў выбіць з прывычнай каляіны самаўпэўненасці?..

Папа Францішак навучае:

«Хрысціяне пакліканы да канкрэтнага ўдзелу ў зямных рэаліях, але асвятляючы іх святлом, якое паходзіць ад Бога. Поўнае даручэнне Богу і надзея на Яго не азначаюць уцёкаў ад рэчаіснасці, але руплівае адданне Богу таго, што Яму належыць. Таму веруючы чалавек глядзіць у будучую рэчаіснасць, у рэчаіснасць Бога, каб паўнавартасна пражыць зямное жыццё і адважна сустрэць яго выклікі» (Папа Францішак, з прамовы перад малітвай «Анёл Панскі» 22 кастрычніка 2017 года).

Абноўлена 21.10.2023 19:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця