1 чыт.: Іс 55, 1–3;
Пс 145 (144), 8–9. 15–16. 17–18;
2 чыт.: Рым 8, 35. 37–39;
Ев.: Мц 14, 13–21
Наш удзел у цудзе
Пасля таго, як на працягу некалькіх тыдняў мы прыслухоўваліся да навучання нашага Настаўніка, у гэтую нядзелю вяртаемся да сузірання Хрыста, які дзейнічае. У першую чаргу, звернем увагу на кантэкст евангельскага ўрыўку: Пан Езус даведваецца пра смерць Яна Хрысціцеля, і, відавочна, Ён мае патрэбу асэнсаваць гэтую навіну, пабыць сам-насам з Айцом. Людзі, якія шукаюць Езуса, не даюць Яму такой магчымасці, але ўсё ж Пан Езус не адмаўляецца ад гэтай патрэбы, а проста адкладвае яе на пазней, як мы даведваемся з працягу евангельскага аповеду.
Пан Езус рэагуе на патрэбу людзей, літуецца над тымі, хто шукае аздараўлення душы і цела. Яго стаўленне кантрастуе з прагматычным падыходам вучняў: калі набліжаецца вечар, яны раяць Настаўніку развітацца з людзьмі і робяць гэта, здаецца, з найлепшых матываў, бо існуе рызыка застацца галоднымі ў пустынным месцы і аслабець у дарозе… І вось тады пачынаецца самае дзіўнае: Езус, здаецца, патрабуе немагчымага ад апосталаў: «Вы дайце ім есці!» Тое, што адбываецца далей, — гэта, безумоўна, цуд, немагчымы для чалавечай моцы, і, тэарэтычна кажучы, Езус мог усё зрабіць сам, як гэта было ў шматлікіх іншых Яго цудоўных чынах.
Але Ён заклікае, каб вучні ўзялі ўдзел у падзеях. Яны павінны даць тое, што маюць — а рэшту зробіць Пан.
Вучні адказваюць Езусу, што ў іх няма рэсурсаў, каб даць рады ў такой сітуацыі. Ёсць толькі пяць хлябоў і дзве рыбы: відавочна, гэта нішто для такога натоўпу.
І вось тады пачынаецца «Божая матэматыка»: пяці хлябоў і дзвюх рыб хапае для велізарнага натоўпу людзей, і нават застаецца. Бог памнажае гэтыя ўбогія, абмежаваныя сродкі — але дзеля гэтага неабходна, каб нехта падзяліўся тым, што мае, ці, дакладней — усім, што мае, каб аддаў гэта ў распараджэнне Езуса. І тут вялікі ўрок для нас: усемагутны Бог патрабуе нашых убогіх сродкаў, каб стварыць нешта вялікае ў жыцці нашым і іншых.
Божая логіка — логіка Эўхарыстыі
У сённяшнім урыўку надзвычай відавочная сувязь з Эўхарыстыяй. Таксама як тут, на Апошняй Вячэры хлеб, разам з віном, — у цэнтры падзей. Але і жэсты Езуса — «узяў, паглядзеў на неба, благаславіў, паламаў, даў вучням...» — адсылаюць нас да таго, што адбываецца ў кожнай Эўхарыстыі. Такім чынам, гэтая евангельская падзея пралівае святло на ўсё жыццё Езуса — і нашае. Тое значэнне, якое сакрамэнт Эўхарыстыі мае для нас, не абмяжоўваецца тым, што дзеецца на алтары, і не завяршаецца момантам прыняцця Камуніі — Эўхарыстыя сімвалізуе ўсё нашае жыццё, паколькі яна з’яўляецца вобразам жыцця самога Езуса.
У сакрамэнце мы прыносім Богу дары хлеба і віна — і нам варта вельмі добра зразумець і памятаць кожны раз падчас Імшы, што гэты хлеб і віно — не проста нейкая справа святара, што нібыта астатнія ў касцёле не маюць ніякай справы да гэтага. Не! — бо гэта выраз нашага дару, нашай працы, нашых старанняў будаваць Валадарства Божае тут на зямлі. Нашыя ахвяры, якія збіраюцца, — гэта канкрэтны выраз нашага ўдзелу ў патрэбах супольнасці Касцёла і асабліва найбольш патрабуючых — гэта значыць, наш уклад у справу Божую, якую толькі сам Бог можа прывесці да паўнаты асвячэння. Тое, чаго Бог жадае для нас, — гэта не проста тыя грошы, што мы кідаем у кошык; не, тут мова пра нешта значна большае.
Езус жадае, каб усё, што мы маем, усё, кім мы з’яўляемся, усё нашае жыццё, наш час, нашыя таленты станавіліся тым дарам, які Бог выкарыстае дзеля справы Божага Валадарства, бо сам Езус стаў поўным дарам самога сябе Богу Айцу і нам, і менавіта гэта мы ўспамінаем у Эўхарыстыі кожны раз.
А ці ёсць лепшае прымяненне ўсяму, што маем, чым дазволіць, каб яно сталася матэрыялам у руках Бога, гэткімі пяццю хлябамі і дзвюма рыбкамі, якія Ён памножыць і зробіць дапамогай многім іншым? Калі мы хочам жыць па-эўхарыстычнаму, як сапраўдныя вучні Хрыста, то нам трэба пытацца Яго: Пане, дзе мае хлябы і рыбы, якія я магу даць у Тваё распараджэнне? Як з Тваім благаслаўленнем я магу дапамагчы іншым, як магу сведчыць аб Тваёй дабрыні, Тваёй моцы? Часта нам не трэба шукаць далёка, трэба толькі расплюшчыць вочы сэрца — знойдзецца мноства.
«Вы дайце ім есці»
Логіка Эўхарыстыі, якой мы вучымся падчас кожнага нашага ўдзелу ў ёй, азначае гатоўнасць перш за ўсё заўважыць патрэбу іншага чалавека, уменне звяртаць увагу не толькі на саміх сябе і ўласныя патрэбы, але так, як Езус, бачыць сітуацыю іншых, выйсці з малога сусвету нашага ўласнага «я». Не ўсе мы пакліканы стаць Маці Тэрэзай, але кожны з нас мае нейкі рэсурс, талент ці проста час, які дазволіць нам адкрыцца для бліжняга.
Не трэба хаваць, што мы можам адчуваць супраціў ці нават страх перад тым, каб аддаць тое, што нашае: ці не станем праз гэта бяднейшымі? Ці наша жыццё не будзе пазбаўлена нейкай выгоды, да якой мы так прывыклі?.. Канешне, варта добра разважыць і распазнаць перад Панам, як знайсці раўнавагу паміж здаровым задавольваннем уласных патрэбаў і смеласцю ахвяраваць свой час, уменне, выгоду дзеля супольнай рэчаіснасці Валадарства.
Для гэтага нам важна глядзець на нашага Настаўніка і Пана і адчуваць Яго любячую прысутнасць, якая заахвочвае нас да вялікадушнасці, да пашырэння нашых гарызонтаў дзякуючы выхаду па-за межы ўласных гарызонтаў.
Гэтую праўду адлюстроўвае яшчэ адзін істотны сімвал, які прысутнічае і ў сённяшнім Евангеллі, і ў кожнай святой Імшы: Езус ламае хлеб перад тым, як даць яго найперш вучням і праз іх людзям. Гэта знак дзялення з іншымі: каб падзяліцца нечым, трэба гэта паламаць — даслоўна ці вобразна кажучы, трэба падзяліць гэта на часткі. У Эўхарыстыі гэты сімвал азначае нешта большае, бо пралівае святло на Пасхальную таямніцу, якая адбываецца ў жыцці Езуса. Ягонае жыццё будзе «паламана», зламана, як кажам таксама на нашай мове. Езуса заб’юць, адбяруць у Яго жыццё, але яно — у руках Бога Айца, і Бог мае ўладу даць Яму новае жыццё.
Гэта наша вера і таксама наша надзея, што і жыццё кожнага і кожнай з нас, хоць мы яго і згубім, але зноў атрымаем дзякуючы моцы Божай, бо маем удзел у Целе Хрыста, у Яго святым жыцці, у Яго Валадарстве. Гэта вялікае Божае абяцанне для нас, якое ажыўляе нас да таго, каб старацца быць сапраўднымі вучнямі Езуса, носьбітамі Яго Евангелля, Яго любові, Яго самаахвярнасці і дару сябе сваім братам і сёстрам. Таму сёння станем перад Богам, просячы, каб мы ўсё больш станавіліся эўхарыстычнымі асобамі — гэта значыць, так, як Езус для нас, былі Божым дарам для іншых.