Пошук

11.07.2020 10:05   А. Віктар Жук SI / Catholic.by

1 чыт.: Іс 55, 10–11;
Пс 65 (64), 10аbcd. 10e–11. 12–13. 14;
2 чыт.: Рым 8, 18–23;
Ев.: Мц 13, 1–9

Таямніца Валадарства

Сёння і на працягу некалькіх нядзеляў мы будзем чуць, як Пан Езус навучае пра Валадарства Нябеснае ў прыпавесцях, якія перадаў нам евангеліст Мацвей. Перш за ўсё, варта ўсвядоміць, чаму менавіта такім чынам наш Пан выбірае распавядаць пра рэчаіснасць Валадарства: не напрамую, а праз вобразы і алегорыю.

Валадарства Божае — гэта таямніца, якая не даступная нашаму ўспрыняццю непасрэдна, так, як нейкая фізічная рэч у нашым штодзённым жыцці. Божыя рэчы патрабуюць ад нас асаблівага ўмення бачыць і разумець тое, што схавана ад прамога позірку, але адначасова духоўнае вымярэнне не аддзяляецца і не адмаўляе матэрыяльнай рэчаіснасці, а адкрывае яе сапраўдны сэнс і глыбіню. Таму ў прыпавесцях Пан Езус выкарыстоўвае вобразы, знаёмыя нам са штодзённасці, і сваё навучанне Ён пачынае, звяртаючы ўвагу на працэс, які не толькі неабходны для жыцця, але і кажа пра самую сутнасць жыцця: працэс пасеву і плённасці насення.

Мы не можам «валодаць» таямніцай Валадарства, бо ў рэшце рэшт яна звязаная з тайнай самога Бога, але гэтая таямніца тым не менш прысутнічае, дзейнічае, шукае ўцелаўлення ў нашай рэчаіснасці.

Сённяшняя прыпавесць пра сейбіта і насенне, якое ён сее, кажа менавіта пра тое, як Бог звяртаецца да чалавека, як Ён жадае напоўніць наша жыццё Сваімі дарамі. Што канкрэтна для нас азначаюць зярняты, якія так шчодра раскідвае сейбіт? Бог прамаўляе да нас праз кожную сітуацыю нашага жыцця, калі мы гатовыя і ўмеем пачуць Яго.

«Слова пра Валадарства», якое хаваецца за вобразам семені, як тлумачыць сам Пан Езус, — гэта не толькі прачытаныя ці пачутыя словы Святого Пісання, катэхізіса ці «Закону Божага». Перад тым, як мы маглі пачуць і зразумець біблійныя тэксты, Пан ужо даўно дзейнічаў у нашым жыцці, пачынаючы ад дару самого жыцця і не перастаючы ані на хвіліну. Біблія, словы пра гісторыю збаўлення, даюць нам «ключы», каб зразумець Божы спосаб дзеяння ў людской рэчаіснасці, але тых «зярнятаў», якія Бог сее ў нашай канкрэтнай гісторыі, — незлічонае мноства. Варта нагадаць, што ў габрэйскай мове «слова» (dabar) — не толькі тое, што вымаўляецца вуснамі ці запісана нейкім чынам, але і «справа, падзея», факт рэчаіснасці.

Умець «прачытаць», пачуць гэтае слова, якое Бог няспынна скіроўвае да нас, — вось сапраўдная мудрасць жыцця.

Карта сэрца

У тлумачэнні сённяшняй прыпавесці ў Евангеллі галоўны акцэнт менавіта на здольнасці слухаць і чуць. Памятаем, што галоўная малітва ў юдэйскай традыцыі, узятая з Кнігі Другазаконня, пачынаецца са слоў «Слухай, Ізраэль...». Езус называе шчаслівымі вучняў, якія маюць магчымасць чуць тое, што хацелі пачуць прарокі і справядлівыя. Але проста слухаць — яшчэ не ўсё. Яшчэ раз звернемся да мовы Старога Запавету: дзеяслоў «слухаць, чуць» перакладаецца таксама «слухацца, быць паслухмяным»; інакш кажучы, «уцелаўляць» пачутае, каб слова сапраўды сталася падзеяй (dabar).

Праз апісанне розных відаў глебы Пан Езус сцвярджае, што далёка не заўсёды чалавек здольны пачуць Божае слова, а калі нават чуе, не заўсёды прымае і супрацоўнічае з гэтым словам. Гэтая праўда, заключаная ў вобразах прыпавесці, зразумела, датычыць і жыцця кожнага і кожнай з нас. Нам варта ведаць «карту свайго сэрца», варта шчыра глядзець на тое, у якіх сферах нашай асабістай рэчаіснасці слова, якое да нас скіроўвае Бог, трапляе на цвёрдую, «утаптаную» («пыхлівую») глебу і не здольнае пранікнуць унутр; дзе глеба неглыбокая і зерне не мае магчымасці пусціць корань, каб мець стабільнасць і трываласць; дзе «турботы гэтага веку і зман багацця» заглушаюць дзеянне Божай ласкі і робяць нашае жыццё бясплодным.

І яшчэ больш важна ўмець заўважыць і аддаць хвалу Богу за тое, што Божы дар дзейнічае ў нашым сэрцы і прыносіць плён у паслухмянасці Божым запаведзям, у шчырых высілках, у бескарыслівых адносінах, ва ўменні дзяліцца з іншымі...

Калі мы шукаем крытэрый, паводле якога хочам праверыць, ці прысутнічае ў нашым жыцці плён дзеяння Божай ласкі, варта ўспомніць спіс пладоў Духа Святога паводле св. Паўла: «любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць, далікатнасць, стрыманасць» (Гал 5, 22-23). Усведамленне ж праўды пра тыя сферы, дзе зерне не дае плёну, — гэта не прысуд, а запрашэнне да таго, каб узяцца за працу на нашым полі, дзень за днём. Езус звяртае да нас сваё слова не дзеля таго, каб асудзіць, а каб заклікаць нас да дзеяння — з Ягонай дапамогай. Пан не перастае сеяць, і кожны дзень сейбіт зноў выходзіць на поле нашага жыцця.

Семя — сімвал Пасхі

Прыпавесць — жанр, які запрашае да высілку нашага ўяўлення, да асабістага ўзаемадзеяння з вобразамі, якія ў ёй заключаныя. Найчасцей мы ўспрымаем сённяшнюю прыпавесць як аповед пра пшаніцу, але магчыма, што для нашага досведу бліжэй будзе вобраз нейкай іншай расліны. У любым выпадку, можам дазволіць натхненню Духа прамовіць да нас, нават выходзячы за рамкі тлумачэння, якое знаходзім у Евангеллі. Ці ёсць на маім полі нейкі спецыфічны від глебы?.. Ці «церні» для мяне — гэта не «турботы гэтага веку», а, напрыклад, усе тыя рэчы, якія адцягваюць маю ўвагу ад галоўнага і крадуць каштоўны час?..

Семя — гэта сімвал, у якім заключаная глыбокая праўда пра самую сутнасць нашага жыцця.

У Евангеллі паводле Яна Езус развівае вобраз семені, кажучы: «Калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён» (Ян 12, 24). Гэтыя словы ўказваюць на Пасхальную таямніцу смерці і ўваскрасення, праз якія Пан Езус неўзабаве павінен быў прайсці: паддацца смерці так, як кожны чалавек, каб знайсці новае, нятленнае жыццё.

Дзякуючы ўваскрасенню Езуса і нашае існаванне ў гэтым свеце набывае цалкам новую якасць — надзеі на славу і вечнасць разам з Езусам. Як семя, мы павінны памерці, каб даць плён у вечнасці. Гэтая смерць — не толькі фізічная, але, перш за ўсё, смерць «старога чалавека», які знаходзіцца ў няволі зла і граху, які абмежаваны перспектывай толькі гэтага свету і аддзелены ад Божай ласкі сваім эгаізмам. Няхай сёння мы прымем зерне Божага слова ў нашым жыцці, прыносячы ў супрацоўніцтве з вадой і святлом Яго ласкі плён вечнасці.

Абноўлена 11.07.2020 13:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця