ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Дождж робіць зямлю ўрадлівай
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
Так кажа Пан;
Падобна як дождж і снег падае з неба
і туды не вяртаецца,
але поіць зямлю і робіць яе ўрадлівай,
і яна родзіць, і прыносіць плён сейбіту
і хлеб для таго, хто есць,
так і слова Маё, якое выходзіць з вуснаў Маіх,
не вернецца да Мяне без плёну,
пакуль не споўніць тое, што Я хацеў,
і з поспехам не дасягне таго, дзеля чаго Я паслаў яго.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Зерне ўпала на добрую зямлю і прынесла плён.
10. Ты наведваеш зямлю і насычаеш вільгаццю, *
шчодра яе ўзбагачаеш.
Божы паток напоўнены вадою. *
Ты вырошчваеш збожжа.
Рэфрэн:
Бо так падрыхтаваў яе.
11. Напаіў яе барозны, выраўнаў скібы, *
размякчыў яе дажджамі,
благаславіў яе расліннасць.
Рэфрэн:
12. Ты год вянчаеш ласкавасцю сваёй, *
сцежкі Твае струменяць тукам.
13. Струменяць на пашы ў пустыні, *
а ўзгоркі падпяразваюцца радасцю.
Рэфрэн:
14. Лугі апранаюцца ў статкі, †
даліны пакрываюцца збожжам, *
усклікаюць яны і спяваюць.
Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
Стварэнне чакае адкрыцця сыноў Божых
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.
Браты:
Думаю, што цярпенні цяперашняга часу нягодныя той славы, якая павінна выявіцца ў нас. Таму што надзея стварэння чакае адкрыцця сыноў Божых. Стварэнне пакарылася марнасці не добраахвотна, але праз таго, хто пакарыў яго, у надзеі, што і само стварэнне вызвалена будзе з няволі тлення дзеля свабоды хвалы дзяцей Божых. Мы ж ведаем, што ўсё стварэнне разам стогне і пакутуе ажно да цяперашняга часу. І не толькі яно, але і мы самі, якія маем пачатак Духа, і мы ў сабе стогнем, чакаючы ўсынаўлення, выкуплення цела нашага.
Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Зерне — гэта Божае слова, а сейбіт — Хрыстус;
кожны, хто знойдзе Яго, будзе жыць навекі.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Выйшаў сейбіт сеяць
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той дзень Езус выйшаў з дому і сеў каля мора. І сабралася каля Яго мноства народу, так што Ён увайшоў у човен і сеў, а ўвесь народ стаяў на беразе. І шмат гаварыў ім ў прыпавесцях, кажучы:
Вось выйшаў сейбіт сеяць. І калі ён сеяў, адны зярняты ўпалі пры дарозе, і наляцелі птушкі, і паклявалі іх. Другія ўпалі на камяністае месца, дзе не было шмат глебы, і адразу прараслі, бо зямля была неглыбокай. Калі ж узышло сонца, яны завялі і з-за таго, што не мелі каранёў, засохлі. Іншыя зярняты ўпалі ў церні, і выраслі церні, і заглушылі іх. А яшчэ іншыя ўпалі на добрую зямлю і прынеслі плён: адно ў сто разоў, другое ў шэсцьдзесят, а іншае ў трыццаць.
Хто мае вушы, няхай слухае!
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ