Пошук

27.06.2020 10:30   А. Віктар Жук SI / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: Wiki Commons

1 чыт.: 2 Вал 4, 8–11. 14–16а;
Пс 89 (88), 2–3. 16–17. 18–19.
2 чыт.: Рым 6, 3–4. 8–11.
Ев.: Мц 10, 37–42

Бачыць у сваіх блізкіх больш

«Хто любіць бацьку ці маці <…> сына ці дачку больш, чым Мяне, не варты Мяне» Гэтыя словы Пана Езуса могуць бянтэжыць ці нават шакіраваць. Ці не занадта мы любім сваіх блізкіх, што гэта ставіць пад пытанне нашую веру? Ці нам трэба «забраць» частку той любові, якой любім самых дарагіх нашаму сэрцу людзей, каб «скіраваць» яе на Езуса? Або, калі не зробім гэтага, могуць быць нейкія дрэнныя наступствы для нашых сем’яў, бо мы не выконваем патрабаванняў раўнівага Бога?

Моцныя словы Езуса вырываюць нас з прывычнага светапогляду, каб нагадаць істотныя праўды наконт нашага жыцця.

Насамрэч любоў да Езуса не адмаўляе і не ўшчамляе нашай любові да блізкіх, а, наадварот, вядзе нас да таго, каб любіць лепш і глыбей. Пан Езус нагадвае не што іншае, як галоўную запаведзь — любіць Бога больш за ўсё, але дадае заклік любові да Сябе, Божага Сына, які канчаткова з’яўляе нам аблічча Бога як Айца і адкрывае дарогу да вечнасці. «У тым выявілася любоў, што не мы палюбілі Бога, а Ён сам палюбіў нас» (1Ян 4, 10): мы можам толькі любіць у адказ, прымаючы дар Божай любові да нас. Такім чынам мы вучымся сутнасці любові, якая не жадае валодаць іншай асобай як сваёй уласнасцю, а імкнецца да сапраўднай свабоды таго, каго любіць. Мы не можам любіць правільна, калі не маем кантакту з Крыніцай любові і жыцця.

Любоў, якая бярэ крыж

Любіць па-сапраўднаму — гэта бачыць у нашых блізкіх не проста тых, хто звязаны з намі кроўнымі повязямі, а кагосьці большага; успрымаць іх не толькі ў якасці тых, хто задавальняе нашыя эмацыйныя і матэрыяльныя патрэбы, а як тых, хто мае вышэйшае прызначэнне ў жыцці.

Канечне, мы маем адказнасць за нашых блізкіх, за дзяцей у першую чаргу, — але ці памятаем, хто сапраўды даў ім жыццё? Ці памятаем, што абяцалі клапаціцца перш за ўсё пра веру нашых дзецей, калі прасілі Касцёл аб хросце для іх?

Любіць па-сапраўднаму азначае ў тым ліку тое, што мы не кантралюем іншую асобу і не бярэм канчатковую адказнасць за яго ці яе жыццё, бо ў іх ёсць свая свабода і свой асабісты шлях з Богам.

Калі бацькі бачаць сваю ролю у тым, каб захаваць дзяцей ад любых выклікаў і цяжкасцяў (чытай: ад крыжа), калі не дапамагаюць ім — у той меры, якая магчымая для дзяцей — зразумець патрэбу гэтага свету ў міласэрнасці і любові і адказнасць перад Богам і сумленнем кожнага з нас за гэта, ці не робяць ім хутчэй дрэнную паслугу?

Акрамя дару фізічнага жыцця, ёсць іншы дар, у пэўным сэнсе большы: даць прыклад нясення ў духу веры крыжа ў сваім жыцці: крыжа цяжкіх абставінаў, хваробы, нялёгкіх адносін ці ўласнай чалавечай слабасці: нашага ўдзелу ў знявечанасці і параненасці гэтага свету. Мы не можам пазбегнуць пасхальнага парадоксу нашага існавання: дзеля таго, каб па-сапраўднаму знайсці жыццё, трэба яго аддаць.

Прыняць Бога ў іншым

Жанчына, пра якую ідзе гаворка ў першым чытанні, умела распазнаць чалавека Божага ў прароку Елісеі і аказала яму сваю шчодрасць, хоць у гэтым не было ніякага абавязку. За тое, што яна прыняла прарока ў сваім доме, яе чакала невымоўная радасць: яна змагла стаць маці. Езус кажа, што прыняцце не толькі прарока ці праведніка, але і любога з «малых» вучняў не застанецца без узнагароды.

Прыняцце — найкаштоўнейшая рэч, якую мы можам падарыць другому чалавеку, асабліва абдымаючы яго ці яе «маласць», слабасць, параненасць.

Нам самім не трэба саромецца нашай патрэбы ў прыняцці з боку іншых, праз якіх нас хоча абняць сам Бог. Давяраючы Яго безумоўнаму любячаму прыняццю нас такімі, якія мы ёсць, у нашай крохкасці і параненасці, мы вучымся і самі адносіцца з далікатнасцю да сваёй уласнай недасканаласці.

Калі мы прачытаем далей гісторыю жанчыны з Шунам, даведаемся, што Богу давялося яшчэ раз умяшацца незвычайным спосабам у жыццё яе сям’і: дзіця захварэла і памерла, але Бога праз прарока Елісея вярнуў яго да жыцця. Гэта гісторыя ўказвае на тое, што Бог з’яўляе Сваю жыватворчую моц яшчэ больш відавочным чынам, калі дае новае жыццё сваім верным, як Ён гэта зрабіў у Езусе, Сваім Сыне і нашым Пану.

Святы Павел нагадвае нам пра таямніцу нашага жыцця, смерці і ўваскрашэння, якія схаваныя ў у Пасхальнай таямніцы Езуса: мы ўжо можам «хадзіць у абноўленым жыцці» дзякуючы нашай лучнасці з Ім у веры праз хрост. Няхай гэтае новае жыццё моцай Духа Святога праявіцца ў нашай шчодрай гатоўнасці выйсці насустрач нашаму бліжняму і прыняць у ім самога Бога.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.