Пошук

17.06.2010 01:00  

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
2 Вал 4, 8–11. 14–16а

Ён святы чалавек Божы, няхай заходзіць туды

Чытанне Другой кнігі Валадарстваў.

У пэўны дзень Елісей праходзіў праз Шунам, а была там багатая жанчына, якая настойліва запрашала яго спажыць хлеба. Таму кожны раз, калі б не праходзіў міма, заходзіў туды спажыць хлеба. І сказала яна свайму мужу: Вось пазнала я, што той, хто праходзіць міма нас, ён святы чалавек Божы. Зробім невялікую мураваную святліцу і паставім яму там ложак і стол, і лаўку, і свяцільнік, і калі ён будзе прыходзіць да нас, няхай заходзіць туды. Аднойчы ён прыйшоў і зайшоў у святліцу, і лёг там. І сказаў: Што ж зрабіць для яе? І сказаў Гіэзій, слуга ягоны: Дарэчы, у яе няма сына, а муж яе стары. І сказаў ён: Пакліч яе. Той паклікаў яе, і яна стала ў дзвярах. І сказаў Елісей: Праз год, у гэты самы час ты будзеш трымаць на руках сына.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 89 (88), 2–3. 16–17. 18–19 (Р.: 2а)

Рэфрэн: Міласэрнасць Пана буду ўсхваляць вечна.

2. Міласэрнасць Пана буду ўсхваляць вечна, *
з пакалення ў пакаленне буду абвяшчаць
вернасць Тваю вуснамі маімі.
3. Бо сказаў: Навекі заснавана будзе міласэрнасць, *
на нябёсах умацуеш вернасць сваю.

Рэфрэн:

16. Шчаслівы народ, які ведае радасны вокліч*
і ходзіць у святле аблічча Твайго, Пане.
17. Радуюцца імені Твайму ўвесь дзень *
і ўзвышаюцца ў Тваёй справядлівасці.

Рэфрэн:

18. Бо Ты хараство іхняй сілы, *
і з Тваёй прыхільнасці ўзвышаецца нашая моц.
19. Бо Пан — наш шчыт, *
і Святы Ізраэля наш кароль.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Рым 6, 3–4. 8–11

Пахаваныя разам з Ім хрышчэннем, мы будзем хадзіць у абноўленым жыцці

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Ці ж не ведаеце, што ўсе мы, ахрышчаныя ў Езуса Хрыста, у смерць Ягоную ахрысціліся? Дык вось, мы пахаваныя разам з Ім хрышчэннем у смерць, каб, як Хрыстус уваскрос з мёртвых дзеля славы Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцці.

Калі ж мы памерлі з Хрыстом, то верым, што і жыць будзем з Ім,  ведаючы, што Хрыстус, уваскросшы з мёртвых, ужо не памірае, смерць ужо не мае над Ім улады. Бо тое, што Ён памёр, дык памёр раз і назаўсёды для граху, а што жыве, дык жыве дзеля Бога. Так і вы лічыце сябе мёртвымі для граху, а жывымі для Бога ў Хрысце Езусе.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

1 П 2, 9
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Вы ж — выбраны род, каралеўскае святарства, народ святы,
каб абвяшчаць цноты таго, хто паклікаў вас з цемры ў цудоўнае святло сваё.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
               Мц 10, 37–42

Хто не бярэ крыжа, той не варты Мяне. Хто прымае вас, Мяне прымае

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім Апосталам: Хто любіць бацьку ці маці больш, чым Мяне, не варты Мяне. І хто любіць сына ці дачку больш, чым Мяне, не варты Мяне. I хто не бярэ крыжа свайго і не ідзе за Мною, той не варты Мяне.

Хто знайшоў жыццё сваё, страціць яго. А хто стаціў жыццё сваё дзеля Мяне, знойдзе яго. Хто прымае вас, Мяне прымае. А хто прымае Мяне, прымае таго, хто паслаў Мяне. Хто прымае прарока ў імя прарока, узнагароду прарока атрымае. І хто прымае справядлівага ў імя справядлівага, узнагароду справядлівага атрымае. I хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады ў імя вучня, сапраўды кажу вам, не страціць узнагароды сваёй.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа